У Менску праходзіць нефармальны саміт кіраўнікоў МЗС краін — удзельніц праграмы Эўразьвязу «Усходняе партнэрства».
На менскай сустрэчы тры краіны, Азэрбайджан, Армэнія і Беларусь, прадстаўленыя кіраўнікамі сваіх замежнапалітычных ведамстваў. Грузію прадстаўляе намесьнік міністра замежных спраў, Малдову — дзяржсакратар Міністэрства замежных спраў эўрапейскай інтэграцыі, а Ўкраіну — амбасадар у Рэспубліцы Беларусь.
Адкрываючы сустрэчу, беларускі міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што праграма «Ўсходняе партнэрства» мусіць служыць справе рэгіянальнай бясьпекі. Ён падкрэсьліў: чым спакайнейшая сытуацыя ў рэгіёне, тым лепш працаваць над рознымі праектамі — эканамічнымі, экалягічнымі ды іншымі.
Макей таксама зьвярнуў увагу, што сёньняшні саміт адбываецца 22-га чэрвеня, у той дзень, калі ў 1941 годзе фашысцкая Нямеччына напала на Савецкі Саюз. Ён нагадаў пра тыя страты, якія панесла падчас Другой сусьветнай вайны Беларусь.
Прадстаўнік форуму грамадзянскай супольнасьці ў праграме «Ўсходняга партнэрства» Мікалай Кванталіяні расказаў пра сытуацыю ў няўрадавым сэктары ў кожнай з шасьці краін «Усходняга партнэрства». Пра Беларусь ён сказаў, што грамадзянская супольнасьць магла б тут разьвівацца і далей, згадаў пра тое, што становішча адукацыі ў Беларусі разглядалася зусім нядаўна падчас сустрэчы міністраў адукацыі краін Эўразьвязу, дзе вялося пра ўвядзеньне ў Беларусі Балёнскага працэсу.
Пасьля слова перадалі эўракамісару ў палітыцы добрасуседзтва Эўразьвязу Яганэсу Гану, і на гэтым журналістаў папрасілі пакінуць залю. Далей сустрэча праходзіць у закрытым для прэсы фармаце.