Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыходзілі ў лапцях і думалі, што мяч — гэта для боксу». Як беларусы вучыліся гуляць у футбол


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На радзіме футболу, у Ангельшчыне, адлік гісторыі гэтага віду спорту вядзецца ад 1863 году. Першую футбольную асацыяцыю і правілы ангельцы стварылі тады, калі ў Беларусі адбывалася паўстаньне Каліноўскага. А першы футбольны матч у Беларусі паводле гэтых ангельскіх правілаў адбыўся амаль праз паўстагодзьдзя пасьля заканчэньня паўстаньня.

Дата першай футбольнай гульні і тым больш імёны гульцоў назаўсёды застануцца таямніцай. Гуляць у дзікі футбол у Беларусі маглі ўжо ў канцы XIX стагодзьдзя, як гэта было ў іншых гарадах Расейскай імпэрыі. Але першы зафіксаваны ў дакумэнтах футбольны матч паводле правілаў адбыўся ў 1911 годзе. Так лічыць Беларуская фэдэрацыя футболу

«Гомель — радзіма беларускага футболу»

Дату, месца і абставіны першага футбольнага матчу адкрыў дасьледнік гісторыі футболу Аляксандар Томін. На заданьне Беларускай футбольнай фэдэрацыі ён працаваў у архівах Беларусі і Расеі. Пра вынік сваёй працы ён распавёў Свабодзе.

Аляксандар Томін
Аляксандар Томін

«Першая згадка пра арганізаваную футбольную гульню ў Беларусі была надрукаваная летам 1911 году ў газэце "Гомельская копейка". Гэтая гульня адбылася згодна з правіламі, якія існавалі на той момант. Дзьве каманды выйшлі на поле і згулялі ў футбол», — распавядае Томін.

Імпульс да першай дакумэнтальна зафіксаванай гульні ў Беларусі даў прыежджы, супрацоўнік аднаго з гомельскіх банкаў. Вось як пра яго прыгадваў у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя адзін з гульцоў той першай каманды Ўсевалад Кубліцкі.

«У горадзе зьявіўся незнаёмы чалавек у шэрым касьцюме. На сябе ён зьвяртаў увагу тым, што ў руках трымаў вялікі скураны мяч. Проста трымаў і нічога зь ім не рабіў. Дзіўны прадмет заінтрыгаваў гімназістаў. Спачатку вырашылі, што гэта "бокс". Хацелі даведацца падрабязьней, але неўзабаве пачаліся іспыты, і спробы раскрыць таямніцу былі адкладзеныя».

Гаворка пра чалавека, якога звалі А. Л. Лібман. Ён і быў арганізатарам першай беларускай каманды. У Гомель ён прыехаў з Кіева, дзе таксама да таго гуляў у мясцовай камандзе «Спорт» і кіеўскай зборнай. Ягонае поўнае імя дасьледнікам устанавіць пакуль не ўдалося.

«Але што гэта быў за футбол! Усе ўдзельнікі гульні ў дзікім азарце кучай насіліся за мячом, штурхалі яго, хто як мог. Ніякія намаганьні Лібмана не маглі іх спыніць. Толькі гадзіны празь дзьве адзін за адным "футбалісты" пачалі выбываць з гульні», — прыгадваў у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя Кубліцкі.

Першыя беларускія футбалісты ня мелі ўяўленьня ня толькі пра правілы. Замест трусоў яны надзявалі абрэзаныя парусінавыя штаны. Бутсаў не было, за іх служылі старыя чаравікі, боты і плеценыя лапці. На мяч гульцы скідваліся самі. Першыя чатыры мячыкі прывезьлі ў Гомель сябры Лібмана з Кіева.

Калі пачаўся новы навучальны год, ён сабраў з навучэнцаў гомельскай гімназіі футбольную каманду. Яна так і называлася — «Першая гімназічная футбольная каманда» («ПГФК»). Потым яе пераназавуць у «Спорт». Футбольныя каманды ў Гомелі ўзьнікалі адна за адной: «Вікторыя», «Унітас», «Надзея». У Гомелі пачалі адбывацца пяршынствы гораду, якія выйгравала каманда Лібмана.

Шыльда ў гонар 100-годзьдзя беларускага футболу ў Гомлі
Шыльда ў гонар 100-годзьдзя беларускага футболу ў Гомлі

У Гомелі ёсьць нават памятная шыльда ў гонар 100-годзьдзя беларускага футболу. Але за адлік быў узяты не 1911-ты, а 1910 год. Аляксандар Томін тлумачыць гэты факт наступным чынам:

«Гэты год называў Кубліцкі. Але гэтыя зьвесткі нічым не падмацаваныя. Я дасьледаваў гэтае пытаньне ў архівах і не знайшоў такой інфармацыі. Гуляць маглі і раней, чым у 1910-м, але гэта былі хутчэй за ўсё дзікія каманды», — кажа дасьледнік.

Хто быў першым беларускім футбалістам

На гэтае пытаньне, як лічыць Аляксандар Томін, адказаць вельмі складана. Беларусь у тым часе была ў складзе Расейскай імпэрыі. Пра нацыянальнасьць гульцоў можна толькі здагадвацца.

Але дзякуючы гомельскай прэсе сталі вядомыя прозьвішчы гульцоў каманды Лібмана: брамнік — Вагнэр, абаронцы — Трусевіч, Фрэнкель, Камінскі, Готгальф, Плескі, нападнікі — Шановіч, Кубліцкі, Штурын, Гінзбург, Мядзьведзеў.

Футбольная каманда "Спорт", Гомель, 1914 год
Футбольная каманда "Спорт", Гомель, 1914 год

​«Праблема яшчэ і ў тым, што ў тагачаснай прэсе імёны футбалістаў называліся вельмі рэдка. Дый прафэсійнымі футбалістамі іх назваць складана. Футбол ня быў іх асноўнай дзейнасьцю», — кажа Томін.

Паводле дасьледніка, да распаду Расейскай імпэрыі беларускі прафэсійны футбол быў немагчымы, бо беларускія землі заставаліся слабаразьвітым рэгіёнам.

«Футбол больш разьвіваўся ў партовых гарадах, куды прыяжджалі замежнікі і паказвалі гэтую гульню. Але мы ня надта і адсталі ад рэшты тагачасных расейскіх абласьцей. У самой Расеі першы матч адбыўся недзе за 15 гадоў да Беларусі. Дый тое гэта быў матч паміж замежнымі грамадзянамі. У Львове, які належаў да Аўстра-Вугорскай імпэрыі, першы матч адбыўся на пачатку XX стагодзьдзя. Значна раней у футбол пачалі гуляць у Ангельшчыне, на яго радзіме. Але ў іншых краінах усё было прыблізна так сама», — гаворыць Аляксандар Томін.

А можа і ня Гомель, а Вільня?

Аднак гісторыя беларускага футболу і сапраўды магла пачацца не ў 1911-м, а ў 1910 годзе. І нават ня ў Гомлі. У кнізе гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага «Ад гоманаўцаў да гайсакоў» ёсьць згадка пра віленскую беларускую футбольную каманду. Яе ў 1910 годзе заснаваў выкладчык Віленскай прыватнай мужчынскай гімназіі Іван Краскоўскі. Гэтая каманда ўдзельнічала ў гарадзкіх спаборніцтвах. Пазьней Краскоўскі заснаваў каманду ў Дзьвінску. Тая дружына спаборнічала з латыскімі камандамі.

Беларуская футбольная каманда пад кіраўніцтва Івана Краскоўскага
Беларуская футбольная каманда пад кіраўніцтва Івана Краскоўскага

У 1922 годзе ў першым футбольным чэмпіянаце Літвы ўдзельнічала каманда «БАБ» (Коўна), складзеная з байцоў Беларускага асобнага батальёну Літоўскага войска. Вайскоўцы-беларусы прагулялі ўсе матчы, забілі 1 гол, прапусьцілі 29 і занялі апошняе, 6-е месца. На гэтым гісторыя клюбу скончылася.

У 1920-я гады спаборніцтвы і чэмпіянаты на прыз БССР пачалі адбывацца ўжо ў савецкай Беларусі. Яшчэ ў міжваенным часе менскае «Дынама» гуляла ў чэмпіянатах СССР. У 1939-1941 гадах беларусы гулялі ў найвышэйшай лізе.

Але гісторыя беларускага футболу наагул працягвае заставацца terra incognita. Паводле Аляксандра Томіна, краіна са 110-гадовай гісторыяй футболу ўсё яшчэ ня мае сваёй Энцыкляпэдыі беларускага футболу.

«Вельмі крыўдна за гэта. Былі толькі асобныя выданьні, пра некаторых футбалістаў, асобныя клюбы. Калі я працаваў у Беларускай фэдэрацыі футболу, то да 100-годзьдзя мы пасьпелі зрабіць толькі фотаальбом. Але гісторыя беларускага футболу ўсё яшчэ не напісаная», — кажа дасьледнік Аляксандар Томін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG