Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якім узросьце лепей жаніцца


Сёньня пра тое, калі лепш жаніцца з пункту гледжаньня захаваньня здароўя у сталым веку. Пад захаваньнем здароўя мы разумеем пазьбяганьне найбольш частых хваробаў, што зьніжаюць якасьць жыцьця ў людзей пасьля 60-ці гадоў, а гэта, найперш, сардэчна-судзінныя хваробы і рак.

Чаму пра гэта варта задумацца

Па-першае, згодна з сучаснай пазыцыяй Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, здароўе ў сталым узросьце фарміруецца на працягу ўсяго жыцьцёвага цыклю чалавека. Гэта значыць, што тое, як мы паводзім сябе ў юнацтве, маладосьці (ад 18 да 44 гадоў) і ў сталым веку (ад 45 да 59 гадоў) адаб’ецца на здароўі ў старасьці.

Менавіта жонкі «кантралююць» і абмяжоўваюць сваіх мужоў у спажываньні занадта высокіх доз алькаголю або тытуню, фарміруюць упарадкаваны рэжым дня і адпачынку, што станоўча адбіваецца на здароўі

Па-другое, для захаваньня здароўя вялікае значэньне мае сацыяльны статус, у тым ліку знаходжаньне ў шлюбе. Але гэты чыньнік мае значэньне менавіта для гетэрасэксуальных мужчынў. Лічыцца, што наяўнасьць жонкі зьяўляецца моцным фактарам эмацыянальнай падтрымкі, а таксама фактарам абмежаваньня шкодных для здароўя паводзін.

Па-трэцяе, у Беларусі існуе праблема вялікай розьніцы ў працягу жыцьця паміж мужчынамі і жанчынамі, яна дасягае 6–8 гадоў. І зьвязана гэта менавіта з пералічанымі шкоднымі звычкамі, а зараз яшчэ і зь вялікім аб’ёмам працоўнай міграцыі, калі для таго каб зарабіць, муж вымушаны ехаць у іншыя гарады ці краіны, дзе не зусім упарадкавана харчаваньне, адпачынак і наагул увесь лад жыцьця.

Па-чацьвёртае, мы цяпер назіраем зьмену мадэлі сям’і, калі ўзрост заключэньня шлюбу павялічваеццца, маладыя людзі імкнуцца спачатку атрымаць адукацыю, больш-менш трывала стаць на ногі, а ўжо потым вырашаць пытаньні шлюбу і нараджэньня дзяцей.

Як век замужжа ўплывае на жанчын

Згодна з дадзенымі сучасных дасьледаваньняў, гэтая тэма не зьяўляецца актуальнай для жанчын. За час шматгадовых назіраньняў у іх не было выяўлена, што час уступленьня ў шлюб якім-небудзь чынам адбіваецца на колькасьці сардэчна-судзінных ці анкалягічных хваробаў.

Іншая справа, што рызыка раку жаночай палавой сфэры павышаецца ў тых жанчын, якія ніколі не нараджалі дзяцей, а таксама ў тых, у каго было болей чым трое родаў. Але нараджаць можна і па-за шлюбам, гэта значыць, што факт самога шлюбу як сацыяльнага інстытуту на разьвіцьцё хранічных хваробаў старасьці не аказваў уплыў.

Як век жаніцьбы адбіваецца на здароўі мужчын

А вось у мужчын — іншая справа. Аказваецца, што з пункту гледжаньня прафіляктыкі хранічных хваробаў сталасьці найлепшы тэрмін уступленьня ў шлюб на сёньняшні дзень агулам у папуляцыі — каля 30 гадоў.

Больш раньняя жаніцьба, як і больш позьняя, садзейнічае павышэньню ўзроўню хранічных сардэчна-судзінных хваробаў, такіх як хранічна высокі артэрыяльны ціск, ішэмічная хвароба сэрца, парушэньні сардэчнага рытму і праводнасьці, а таксама анкалягічных хваробаў.

раньні шлюб перашкаджае мужчыну набыць належную адукацыю і сацыяльную вагу

Дасьледчыкі зьвязваюць гэта з тым, што раньні, па сёньняшніх мерках, шлюб перашкодзіць мужчыну набыць належную адукацыю і сацыяльную вагу. Праз гэта ён на працягу жыцьця ня зможа зарабляць дастаткова, каб мець, напрыклад, якаснае харчаваньне, ад якога вельмі залежыць разьвіцьцё хранічных хвароб сэрца.

А больш позьняе ўступленьне ў шлюб нярэдка робіць мужчыну аб’ектам сацыяльнай крытыкі, бо ў патрыярхальным беларускім грамадзтве гэта зьяўляецца нечым ненармальным. Таму такія мужчыны ня маюць пэўнай эмацыянальнай падтрымкі, нярэдка вядуць нездаровы лад жыцьця, кураць, спажываюць занадта шмат алькаголю. А гэта, вядома, зьяўляецца моцнымі фактарамі рызыкі разьвіцьця хранічнай паталёгіі.

Любое партнэрства дапаможа здароўю

На заканчэньне адзначым, што мы, вядома, ня можам даваць парады каму і ў якім узросьце жаніцца. Гэта вельмі асабістая справа. Іншая справа, што ў сучасным сьвеце мяняецца сам інстытут шлюбу, зьяўляюцца розныя формы партнэрства, розныя формы адносінаў паміж людзьмі.

Нам усім трэба пасьпяваць за часам і быць цярпімымі да розных формаў сумеснага чалавечага існаваньня, бо калі ў падмурку такіх адносінаў павага і каханьне, то гэта і зьяўляецца галоўным чыньнікам захаваньня здароўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG