Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як папулярызаваць беларускую мову: 15 прапаноў Алены Анісім да «галоўнага ідэоляга»


Алена Анісім
Алена Анісім

12 чэрвеня дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім прыняў Уладзімер Жаўняк, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, які займаецца пытаньнямі ідэалёгіі.

Прадметам сустрэчы стала распрацоўка праграмы пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы ў інфармацыйнай, адукацыйнай сфэрах і ў заканадаўстве. Гэтую ідэю Алена Анісім упершыню агучыла падчас сёлетняга пасланьня Аляксандра Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе. А сёньня яна перадала ў Адміністрацыю канкрэтныя прапановы.

Пасьля размовы спадарыня Анісім сказала Свабодзе, што ў яе засталіся дваістыя ўражаньні.

«З аднаго боку, ёсьць разуменьне ненармальнасьці сытуацыі. З другога боку, няма дакладнага ўяўленьня, што і як рабіць. Пакуль мы не прыйшлі да пагадненьня аб тым, распрацоўваць ці не такую праграму на дзяржаўным узроўні і хто будзе гэтым займацца. Тым ня менш спадзяюся, што некаторыя мае аргумэнты былі ўсё ж пачутыя і будуць пэўным чынам скарыстаныя», — сказала яна.

15 прапаноў Алены Анісім

  1. Новым школам надаваць адпачатку статус беларускамоўных з забесьпячэньнем высокапрафэсійнымі пэдагогамі і адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базай.
  2. У дзіцячых садках па заявах бацькоў на працягу аднаго году адкрываць групы зь беларускай мовай навучаньня, у тым ліку і рознаўзроставыя.
  3. Выхаваўчыя і культурныя мерапрыемствы ў сыстэме адукацыі ня менш як на 50% праводзіць на беларускай мове, у тым ліку праз арганізацыю віктарын, літаратурных конкурсаў, ранішнікаў, сьвят, тэматычных вечарын.
  4. Павялічыць колькасьць выданьняў і перавыданьняў твораў сучаснай беларускай літаратуры (у тым ліку і ў электронным выглядзе), якія ўваходзяць у школьную праграму (сэрыі «Школьная бібліятэка» і «Бібліятэка школьніка»).
  5. Арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі ва ўстановах адукацыі.
  6. Рэгулярна арганізоўваць экскурсіі для школьнікаў у краязнаўчыя музэі, музэі Якуба Коласа, Янкі Купалы, іншыя літаратурныя музэі, на спэктаклі ў тэатры, якія працуюць на беларускай мове.
  7. Курс «Беларусазнаўства» выкладаць у сыстэме навучаньня ССНУ і ВНУ.
  8. Увесьці іспыт на веданьне дзяржаўнай беларускай мовы для выпускнікоў ССНУ і ВНУ.
  9. Стварыць інфармацыйны партал (умоўная назва — pismiennasc.by) па праверцы артаграфіі і пошуку значэньняў слоў. Можна выкарыстаць досьвед slounik.org.
  10. Усе шыльды з назвамі вуліц у населеных пунктах афармляць на беларускай мове (па жаданьні і на расейскай).
  11. На ўсіх дзяржаўных тэлеканалах Беларусі штодня рабіць выпускі навін на дзяржаўнай беларускай мове — ня менш за 50% ад усіх выпускаў.
  12. Тэлеканал «Беларусь-3» перавесьці цалкам на беларускую мову, пры неабходнасьці суправаджаючы дэманстрацыю кіно і іншыя перадачы субтытрамі.
  13. Мясцовы кантэнт на 50% павінен быць зроблены на беларускай мове, незалежна ад жанру перадачы (інфармацыйная, забаўляльная, рэклямная, камэрцыйная, сацыяльная) і ад формы ўласнасьці тэлеканалу (дзяржаўны ці прыватны).
  14. Падрыхтаваць указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь аб Правілах дарожнага руху на беларускай мове.
  15. Усе заканадаўчыя акты на ўсіх узроўнях улады прымаць адразу на абедзьвюх дзяржаўных мовах.

Што далей зьбіраецца рабіць Анісім?

«Як старшыня ТБМ і як член сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы я буду гэтую справу рухаць далей. Лічу яе важнай, у тым ліку і для забесьпячэньня ўстойлівага разьвіцьця, лінгвістычных правоў і нацыянальнай бясьпекі краіны. Сытуацыя, калі дзяржаўная мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня, моцна б’е па прэстыжы Беларусі», — кажа дэпутатка.

Яна лічыць, што магчыма, трэба будзе сабраць круглы стол з удзелам грамадзкіх арганізацый і прадстаўнікоў дзяржаўных структур і на ім абмеркаваць далейшыя крокі па рэалізацыі як асобных пунктаў, так і ўсёй праграмы.

Анісім: Некаторыя ва ўладзе гатовыя служыць чужой краіне, але не гатовыя працаваць на сваю

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG