«У такі рэстаран я б не пайшоў ні ў якім выпадку, нават за вялікія грошы. Ніколі», — лідэр рок-гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч выказаўся пра канфлікт вакол рэстарацыі каля месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
«Такія месцы, як Курапаты — яны намоленыя. Яны намоленыя ня тое што людзьмі, якія там загінулі, яны намоленыя людзьмі, якія іх абараняюць. І трэба рукі трымаць падалей ад такіх месцаў, як Курапаты», — кажа вядомы рок-сьпявак.
«Зразумела, рэстарацыя ня мае рацыі, — лічыць Аляксандр Кулінковіч. — Даволі дзіўна было рабіць піцейную і карміцельную ўстанову на касьцях. Напэўна, я тут не арыгінальны. У нашым горадзе хапае месцаў, дзе можна гэта зрабіць».
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
• Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
• Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
• 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
• 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
• Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам дарагіх рэстаранаў у Менску.
• Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
• Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
• Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м.
Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна.
Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.