Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пэрыфэрыі Эўропы» з Ластоўскім. Чаму Беларусь ня стала калыскай Эўропы


Радыё Свабода пачынае пазнавальны цыкль падкастаў у чатырох частках пра Эўропу. Разам з гісторыкам і падарожнікам Аляксеем Ластоўскім мы раскрываем сакрэт эўрапейскай магутнасьці, падарожнічаем па эўрапейскіх мэтраполіях і вёсках, смакуем яе прысмакі і пітво, наведваем самыя шыкоўныя музэі.

Калі спытаць беларуса, дзе знаходзіцца цэнтар Эўропы, ён без сумневу адкажа — у нас, у Беларусі. З маім сёньняшнім госьцем мы пагаворым пра пэрыфэрыі Эўропы. Пра тую Эўропу, якая здаля ад беларускага цэнтру, і часткай якой Беларусь таксама зьяўляецца.

У першай частцы цыклю мы пагаворым пра тыя мясьціны, якія стаялі ля вытокаў агульнай эўрапейскай ідэнтычнасьці і якія варта наведаць, каб Эўропу разумець і каб эўрапейцам быць.

— Беларусы ўсё часьцей падарожнічаюць. Досыць вялікі працэнт гэтых паездак — у гіпэрмаркеты Вільні і Беластоку. Але ўсё часьцей нас цягне ў месцы, якія зьяўляюцца сымбалем Эўропы — у яе знакавыя мясьціны, гарады, мястэчкі, музэі. Мы смакуем эўрапейскую ежу, віно, піва. Аляксей, а з чаго Эўропа пачынаецца для Вас?

— Маё паняцьце Эўропы выбудоўвалася доўгі час, з майго досьведу беларускай вёскі, Менску, першых падарожжаў, знаёмства з гісторыяй і культурай. Эўропа для кожнага мусіць быць свая. Для мяне важна тое, што Эўропа прадугледжвае вялікую разнастайнасьць і павагу да лякальнасьці, да мясцовасьці, яе культуры, традыцыі і спадчыны. І менавіта такое бачаньне Эўропы для мяне ёсьць найбольш важным і каштоўным. Апошнімі гадамі прапагандысты зводзяць Эўропу выключна да правоў чалавека і абароны правоў меншасьцяў. Гэта таксама важны аспэкт. Але Эўропа засноўваецца ня толькі на гэтым. Каб зразумець Эўропу, важна бываць ня толькі дома, у Беларусі, але і падарожнічаць. Менавіта падарожжы і сустрэчы зь людзьмі дазваляюць адкрыць вочы на тое, што адбываецца ў сьвеце. І гэта дазваляе найлепшым чынам зразумець самога сябе.

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі

— Эўропа і вяліка, і розная. Усё жыцьцё па ёй можна езьдзіць і ўсю не аб’езьдзіць. А ці ёсьць месцы ў Эўропе, куды вам заўсёды хочацца вярнуцца?

— Для беларуса такое месца, якое знаходзіцца па-за межамі нашай дзяржавы, але непазьбежна зьвязанае і з нашай гісторыяй, і з культурай, — гэта Вільня. Хочаш ня хочаш, а заўжды туды мусіш вяртацца. Пагатоў Вільня заўсёды ляжыць на шляхах кудысьці. Трапіць у Эўропу таннымі авіялініямі можна акурат адтуль. Віленскі аэрапорт нездарма атрымаў назву Менск-3. Вільню зь яе Вострай Брамай і зьвязанасьцю зь беларускай гісторыяй немагчыма абмінуць. І туды заўжды з радасьцю вяртаесься.

Другі горад, які для мяне важны, — гэта Лёндан. Можа таму, што туды вельмі складана патрапіць. Беларусы навучыліся рабіць шэнгенскія візы і паводле статыстыкі даюць фору іншым краінам у колькасьці гэтых візаў, але Вялікая Брытанія і Ірляндыя застаюцца ў гэтым пляне адасобленымі, яны не ўваходзяць у Шэнгенскую зону. Кожны раз, калі я трапляю ў Лёндан, я адчуваю прыгажосьць і хараство гэтага буйнога мэгаполіса. І гэта пры тым, што буйныя гарады, нягледзячы на сваю славу, часта даволі дыскамфортныя для падарожнікаў. Яскравы прыклад — Парыж. Лёндан для мяне — гэта ідэальны мэгаполіс. Гэта радзіма ангельскай мовы, унівэрсальнай мовы сьвету, якая дазваляе адчыняць практычна ўсе дзьверы. Для мяне гэта горад зьдзейсьненых мараў. А ў іншыя гарады можна і вяртацца, і не вяртацца.

Лёндан
Лёндан

— Беларусы маюць за сабой гісторыю ВКЛ і Рэчы Паспалітай, дзяржаваў ад мора да мора, эўрапейскіх імпэрыяў. Мы часта лічым сябе калыскай эўрапейскага правадаўства, часам маралі, адвагі ваяроў, якія перамагалі мацнейшага ворага. А дзе Эўропа нараджалася? Дзе сёньня можна яшчэ пабачыць карані той цывілізацыі, зь якой хочуць асацыяваць сябе сотні мільёнаў людзей?

— Кожная краіна любіць апісваць сваю гісторыю як велічную і ўнікальнае, як найбольш значную. Але калі адкінуць патрыятычныя сантымэнты, то давядзецца прызнаць, што нашыя землі былі ўсё ж пэрыфэрыяй для эўрапейскіх працэсаў. Гэта адчувальна і цяпер. Калі мы паглядзім на гісторыю эўраінтэграцыі, то мы да яе не датычныя. Згадваць ВКЛ і Рэч Паспалітую як магутныя дзяржавы патрэбна для патрыятычнага выхаваньня. Але гэта не адпавядае праўдзе, калі мы будзем параўноўваць іх з працэсамі ў іншых эўрапейскіх краінах. У Эўропы, як у кантынэнту і імпэрыі, ёсьць два найважнейшыя ядры. Гэта краіны так званага Бэнілюксу, або паўночнае ўзьбярэжжа Рэйну — тэрыторыя, сёньня падзеленая паміж некалькімі краінамі: Бэльгіяй, Галяндыяй, Люксэмбургам. Я б да іх дадаў яшчэ паўночна-заходнюю Нямеччыну і Францыю. Менавіта там нараджалася імпэрыя Карла Вялікага. Там вырастала Сьвятая Рымская імпэрыя. Гэта ўнікальныя аб’яднаньні тэрыторыяў пад унівэрсальным парасонам. Як ні дзіўна, у той жа частцы Эўропы і ў ХХ стагодзьдзі паўставалі эўраінтэграцыйныя праекты. Багацьце і сэрца Эўропы знаходзіцца менавіта ў гэтым кутку.

Каранацыя Карла Вялікага, фрэска 16 стагодзьдзя. Ватыканскі музэй.
Каранацыя Карла Вялікага, фрэска 16 стагодзьдзя. Ватыканскі музэй.

Другі важны вузел Эўропы — гэта паўночная Італія. Можна было б дадаць і Рым з Рымскай імпэрыяй, але мне падаецца, што Рымская імпэрыя — значна больш шырокі і ўнікальны фэномэн, чым толькі Эўропа. Шмат якія рэчы, якія мы ведаем і ўсьведамляем, нарадзіліся менавіта ў Флярэнцыі, Міляне, Вэнэцыі і Генуі. У першую чаргу гэта, безумоўна, Рэнэсанс зь яго новым разуменьнем мастацтва, навуковымі ведамі. Там жа нарадзіўся і такі фэномэн, як опэра. Большая частка эўрапейскай культуры вырасла менавіта адтуль. Калі туды трапляеш, то адчуваеш, наколькі гэта ўсё багатае, напоўненае зьместамі. Калі хочацца адчуць Эўропу ўва ўсёй яе шматвымернасьці, багацьці гісторыі, напоўненасьці культуры, то паўночная Эўропа і паўночная Італія, безумоўна, найважнейшыя.

— Што гістарычна паўплывала і абгрунтавала тое, што менавіта гэтыя два пункты на такім вялікім кантынэнце сталі калыскай Эўропы?

— Глянем на дачыненьні паміж рознымі краінамі: чаму адныя сталі багатымі, сталі асяродкамі разьвіцьця прамысловасьці, гандлю і культуры, а іншыя былі пэрыфэрыяй. Ёю, напрыклад, была Рэч Паспалітая, якая пастаўляла збожжа ў Заходнюю Эўропу. У гэтым, фактычна, і палягала яе асноўная гаспадарча-эканамічная функцыя. Гісторыкі раней гэтыя розьніцы спрабавалі тлумачыць нейкімі ўнікальнымі якасьцямі розных народаў, мэнтальнасьцю. Часам скарыстоўвалі нават расавы падыход, што было папулярна ў ХІХ ст. Зараз ад гэтага адмаўляюцца і пачынаюць казаць пра палітычна-эканамічныя дачыненьні.

Плошча ў Бруге. Ян Баптыст ван Мэнінксховэ, 17 ст.
Плошча ў Бруге. Ян Баптыст ван Мэнінксховэ, 17 ст.

У адных цэнтрах пачынае канцэнтравацца багацьце, і гэта дазваляе разьвіваць і культуру. Можам узгадаць горад Бруге, які быў адначасова цэнтрам вытворчасьці сукна і вялізарным гандлёвым асяродкам. Адначасова ў Бруге паўставаў паўночны Рэнэсанс, флямандзкая школа жывапісу. Дзе грошы, там і культурны росквіт. Цяпер сытуацыя трошкі зьмянілася. Цяжка арабскія краіны, з усімі іхнымі багацьцямі, назваць прарыўнымі ў культурным сэнсе.

— То бок быцьцё ўсё ж вызначае сьвядомасьць?

— Ёсьць сувязі паміж багацьцем, палітычным капіталам і культурным капіталам. Эўропа гэтыя сувязі выдатна дэманструе. Праўда, гэтыя цэнтры могуць перамяшчацца, і ў эўрапейскай гісторыі гэта таксама адчувальна. Горад Бруге ў свой час быў параўнальны з Парыжам, але потым гандлёвыя сувязі перамяшчаюцца спачатку ў Гент, потым у Антвэрпэн, і горад занепадае. Калі паглядзець на апісаньне гэтага гораду ў канцы ХІХ і пачатку ХХ ст. , то сучасьнікі называюць яго мёртвым горадам, дзе ніхто ня жыў і панавала атмасфэра дэкадансу. Мёртвыя вуліцы, мёртвыя дамы. Але ў свой час гэта быў адзін з найбагацейшых і ўплывовых гарадоў Эўропы.

Другую частку падкаст-цыклю «Пэрыфэрыі Эўропы» з Аляксеем Ластоўскім пра эўрапейскія гарады слухайце і чытайце 5 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG