За 50 мэтраў ад курапацкага мэмарыялу ў комплексе будынкаў, які раней атрымаў назву «Бульбаш-хол» і належыць кампаніі «БелРэстІнвэст», напрыканцы тыдня мае адкрыцца рэстаран «Поедем поедим».
У рэстарацыі, дзе пабываў карэспандэнт Свабоды, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да адкрыцьця, хоць ні на будынку, ні на агароджы няма ніякіх шыльдаў і інфармацыі.
У залі ўжо гатовыя інтэр’еры, стаяць сталы і лаўкі, музычная апаратура. Расстаўляюць бутэлькі са сьпіртовымі напоямі. У цэнтры залі каля барнай стойкі вялізная рэкляма гарэлкі «Бульбашъ».
Адміністратарка рэстарацыі Віталія сказала Свабодзе, што ўся заля разьлічаная прыкладна на 300 наведнікаў. Да восені плянуецца адчыніць лазьню і саўну.
Іншых зьвестак у адміністрацыі не паведамілі, прапануючы дачакацца адкрыцьця ў пятніцу.
Пасьля таго як карэспандэнт Свабоды выйшаў з залі рэстарацыі, невядомы, які не прадставіўся, з пагрозамі запатрабаваў выдаліць з тэлефона фатаздымкі, зробленыя знутры і звонку памяшканьня. Маўляў, гэта прыватная тэрыторыя.
Яшчэ адна жанчына, якая не назвалася, выказала незадавальненьне паведамленьнямі мэдыя пра забаўляльны комплекс — тым, што журналісты «пішуць пра танцы на касьцях».
Менскі райвыканкам: «Ліцэнзію атрымалі, усе дакумэнты аформленыя»
Кіраўніца аддзелу гандлю Менскага райвыканкаму Тацяна Іванова пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды, што на тэрыторыі комплексу будзе рэстарацыя «Поедем поедим».
«Яны ўжо даўно ўключаныя ў гандлёвы рэестар, але не магу сказаць, калі зьбіраюцца адчыніцца. Яны ліцэнзію атрымалі, усе дакумэнты аформленыя», — сказала Тацяна Іванова.
Таксама ў райвыканкаме сказалі, што ня маюць інфармацыі, калі адчыніцца рэстарацыя.
«Саўна і лазьня ні ў якія рэестры ня ўключаныя, уключаны толькі аб’ект грамадзкага харчаваньня», — сказала Тацяна Іванова.
Уладальнік комплексу: «Чаму вас абурае ТАА „Бульбаш“»
Знаходзіцца рэстарацыя па адрасе Бараўлянскі сельскі савет, 55, раён вёскі Драздова.
Комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст». Паразмаўляць зь яе дырэктарам Андрэем Ярмоленкавым не атрымалася.
«Усё афіцыйна. Чытайце на сайтах, рэкляма ёсьць, — сказаў ён Свабодзе праз тэлефон. — Каля лесу знаходзіцца Bigzz, і што? Зрабіце там інтэрвію. А чаму вас абурае ТАА „Бульбаш“, я не разумею?»
У сьнежні 2017 Ярмоленкаў пацьвердзіў «Белсату», што ёсьць уласьнікам «аб’екту на 51-м кіламетры», які ён здае ў арэнду прадпрыемству ТАА «Анісбел». Кіраўнік «Анісбела», што валодае маленькім барам і крамай садавіны ў Менску, заявіла журналістам, што нічога ня чула пра аб’ект на 51-м км МКАД.
Раней інтэрнэт-старонка будучага «Бульбаш-холу» зьявілася на сайце холдынгу «Наша рэстаранная група» («Белнаватэкс груп»), што валодае сярод іншага раскошнымі менскімі рэстаранамі «Гранд Кушавель» і The View.
«Мы на сёньня ніякіх адносінаў да гэтага ня маем і камэнтароў не даём», — сказаў Свабодзе ў студзені 2018 дырэктар холдынгу Ігар Вараб’ёў.
Як узьнік забаўляльны комплекс каля Курапатаў
Будоўля забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты, за 50 мэтраў ад мэмарыялу, пачалася ў 2012 годзе.
Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў.
Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі. Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.
Асноўнае пра Курапаты
Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральныя нормы, якія там павінны быць захаваныя».
16 лютага 2017 году, грамадзкасьць распачала абарону Курапатаў супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад Курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.
Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц і завяршылася перамогай апошніх: прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Паводле розных падлікаў ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.