«У эўрапейскіх краінах больнічны клоўн — штатная адзінка. У нас такога ніколі ня будзе». Валянтэр зь Віцебску распавёў Свабодзе, чаму займаецца клоўнатэрапіяй.
Валера Кручкоў робіць дарожным рабочым. Аднак некалькі разоў на месяц ён убіраецца ў строй больнічнага клоўна, каб наведаць і падбадзёрыць дзяцей, якія ляжаць у шпіталі падоўгу. Доктар Цюбік робіць гэта бескарысьліва і ў вольны ад асноўнай працы час.
«Настаўніца казала, што мне трэба ісьці ў клоўны»
«Мая асноўная праца ніяк не зьвязаная з хобі», — папярэджвае Валера. Маючы доўгі паслужны сьпіс, цяпер ён робіць дарожным рабочым у ДЭУ № 31 Віцебску. Вясна і лета для дарожнікаў — гарачая пара, калі працоўны тыдзень павялічваецца да шасьці дзён. Адзіны выходны даводзіцца дзяліць паміж сям’ёй і валянтэрствам, бо і першае, і другое дадае Валеру жыцьцёвых сілаў.
Больнічным клоўнам Валера працуе больш за тры гады. Пра лячэньне сьмехам даведаўся выпадкова — блукаючы па сеціве ў пошуках карыснага занятку. Аказалася, клоўнатэрапію практыкуюць і ў Віцебску — так Валера далучыўся да валянтэрскага клюбу «Доктар Небаліць» і да суполкі «Вясёлы Доктар», якой апякуецца Чырвоны Крыж.
«Настаўніца ў пачатковай школе казала, што мне трэба ісьці ў клоўны, паступаць у цыркавую вучэльню, — усьміхаецца Валера. — Тады ня склалася. Затое цяпер ахвотна гэтым займаюся».
«Школа клоўнаў разьнявольвае чалавека, вучыць быць сьмешным»
Упершыню клоўнатэрапію на аматарскім і прафэсійным узроўні пачалі ўжываць у ЗША ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя. Адтуль гэтая практыка пашырылася на краіны Заходняй Эўропы. У Беларусі першыя больнічныя клоўны зьявіліся ў 1994 годзе — у краіну прыйшоў швайцарскі фонд «Тэадора», які займаецца мэтодыкай «Доктар Клоўн». Ад 2009 году ў Гомлі, Менску і Берасьці зьявілася прафэсійная каманда Funny Nose, якая ладзіць майстар-клясы ў буйных гарадах краіны.
У Віцебску больнічная клаўнада стартавала на некалькі гадоў пазьней, сёньня ёю займаюцца некалькі дзясяткаў чалавек. Каб пачапіць чырвоны нос, валянтэр мусіць прайсьці Школу клоўнаў. У віцебскай рэчаіснасьці гэта 2–3 працоўныя дні з трэнінгамі і майстар-клясамі ад больш дасьведчаных клоўнаў. За гэты час навічкі знаёмяцца з усясьветнымі мэтодыкамі і ўласнымі нарыхтоўкамі, як падтрымліваць дзяцей, якія знаходзяцца на працяглым лячэньні, засталіся без бацькоўскай апекі або трапілі ў крызісную сытуацыю.
«Школа клоўнаў на тое і існуе, каб патлумачыць навічкам, чым і як мы будзем займацца, — кажа Валера, які сьвядома прайшоў ужо тры школы: спачатку як слухач, пасьля як настаўнік. — Школа клоўнаў разьнявольвае чалавека, вучыць быць сьмешным. Асабліва ў сытуацыях, калі, здавалася б, зусім не да сьмеху».
З гэтай прычыны, мяркуе Валера, сярод больнічных клоўнаў выпадковых людзей не бывае, бо кожны візыт у палату — гэта вялізная эмацыйная нагрузка. Невыпадкова ў Школе клоўнаў перадусім зьвяртаюць увагу на псыхалягічную ўстойлівасьць навучэнцаў, а пасьля выкладаюць акторскае майстэрства і твістынг.
«Я быў нясьмелы і адчуваў сябе мэбляй»
Ад свайго першага разу ў ролі больнічнага клоўна ў Валеры засталіся ўспаміны пра «хваляваньне і страх». Ён апынуўся ў камандзе на чале з Марынай Няжурынай — заснавольніцай віцебскага клюбу «Доктар Небаліць».
«Гледзячы, як зь дзецьмі працуе Марына, я думаў, што ў мяне ніколі так не атрымаецца. Я быў нясьмелы і адчуваў сябе мэбляй», — прызнаецца Валера.
Цяпер ён адзін з найбольш вопытных клоўнаў Віцебску — добразычлівага і ўважлівага Доктара Цюбіка ведаюць лекары і чакаюць дзеці.
«Я адразу ведаў, што буду Доктарам Цюбікам»
Кожны больнічны клоўн працуе над уласным вобразам.
«Характар клоўна можа стаць сапраўднай перашкодай, — кажа Валера. — Хтосьці некалькі месяцаў шукае вобраз, а хтосьці хутка прымае рашэньне. Я адразу ведаў, што буду Доктарам Цюбікам — маладым, таленавітым, балбатуном і крыўлякам. Разам з тым добрым, даверлівым і трошкі наіўным».
Галоўны атрыбут больнічнага клоўна — чырвоны нос. У Валеры ён з плястыку, зь дзьвюма маленечкімі адтулінамі, каб было чым дыхаць і выглядала эстэтычна. Твар і больнічны халат Валера размалёўвае сам — прыдалося даўняе захапленьне маляваньнем.
Каляровае адзеньне, верыць Доктар Цюбік, дапамагае дзецям пераадолець боязь белых халатаў. Вобраз Валеры дапаўняюць штучныя валасы белага колеру, жоўты капялюш і сінія нагавіцы.
Уся вопратка і абутак, паводле санітарных нормаў, зьменная, выходзіць на вуліцу ў іх забаронена. Больш за тое, калі клоўн заўважыў нават самыя лёгкія сымптомы прастуды, паход да дзяцей адкладаецца.
«Нас ніхто не аглядае пры ўваходзе. Гэта ўсё на нашым сумленьні, — кажа Валера. — Мы ж больнічныя клоўны, мы карысьць прыносім, а ня шкоду».
«Ты маеш нейкія нарыхтоўкі, пішаш сцэнар, і ўсё роўна даводзіцца імправізаваць»
Валера выбіраецца да дзяцей некалькі разоў на месяц. Разам зь іншымі калегамі яны наведваюць больніцы, дзіцячыя дамы і карэкцыйныя цэнтры. Працаваць даводзіцца ў розных аддзяленьнях і сытуацыях, бачыць — розныя дыягназы. Таму ніколі не ўдаецца дзейнічаць згодна з пэўным плянам.
«Ты маеш нарыхтоўкі, пішаш сцэнар, і ўсё роўна даводзіцца імправізаваць, — працягвае Валера. — Часам дзецям патрэбная не гульня, а размова — яны хочуць, каб іх уважліва выслухалі».
Бывае і такое, што супакойваць даводзіцца бацькоў.
«Аднойчы так здарылася ў хірургічным аддзяленьні, — прыгадвае Валера. — Дзяўчынцы трох гадоў меліся рабіць плянавую апэрацыю па выдаленьні апэндыксу. Яна ўзрадавалася прыходу клоўнаў, а на маму было балюча глядзець. Тая начыталася інтэрнэту і запанікавала. Давялося клоўнам працаваць з мамай».
«Да асаблівых дзетак мы ідзем бяз грыму — дастаткова пачапіць нос»
Асабіста для сябе Валера вылучае працу з асаблівымі дзецьмі, якім выпала жыць зь цяжкімі дыягназамі. Доктара Цюбіка і ягоных калегаў чакаюць гадаванцы Віцебскага карэкцыйнага цэнтру, а таксама Багушэўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця. Перш чым наведаць такіх дзяцей, клоўны сустракаюцца зь лекарам, які папярэджвае пра асаблівасьці кожнага дзіцяці.
«Да асаблівых дзетак мы ідзем бяз грыму — дастаткова пачапіць нос, бо яны могуць спужацца, — кажа Валера. — Трэба быць надзвычай уважлівым. Хтосьці зь дзяцей можа варожа рэагаваць на гучныя гукі, на пэўны колер ці нават слова. Так, адзін хлопчык пачынаў крычаць, калі чуў слова „мама“. Для такіх дзяцей важныя ўвага, усьмешка, у асобных выпадках — тактыльныя адчуваньні. Іх сьмех заўсёды шчыры. І, як бы ні было складана, гэта натхняе».
«Пачапіў нос — і я Цюбік, якога не хвалююць праблемы Валеры»
Праца больнічнага клоўна эмацыйна складаная. Дзеці патрабуюць шмат увагі, асабістага падыходу, нібы ў кантэйнэр зьліваючы ў клоўна нэгатыўную энэргію. Валера выпрацаваў уласную стратэгію, якой прытрымліваецца падчас працы: «Пачапіў нос — і я Цюбік, якога не хвалююць праблемы Валеры. А без чырвонага носа я зноў Валера».
Да дзяцей ён ідзе абавязкова ў добрым настроі, каб пазытыву хапіла на паўтары гадзіны ў аддзяленьні. Тым ня менш і ў клоўнаў здараецца эмацыйнае выгараньне. Больш аптымістычна праходзяць гадзіны зь дзецьмі, якія трапілі ў шпіталь на тыдзень ці два. Зусім па-іншаму адчуваеш сябе ў палаце, у якой дзеткі жывуць гадамі, сам-насам са складанымі дыягназамі — ад псыхічных захворваньняў да праблемаў з апорна-рухальным апаратам.
Па словах Валеры, пасьля такіх паходаў пэўны час увогуле ня хочацца нікуды хадзіць. Тады варта зрабіць перапынак, каб перажыць і прыняць гэта ў сабе. Тым ня менш пасьля паўзы зноў цягне назад. Асабліва калі ведаеш, што цябе чакаюць.
«У эўрапейскіх краінах больнічны клоўн — штатная адзінка. У нас такога ніколі ня будзе»
Больнічныя клоўны працуюць з дазволу і згоды адміністрацыі. Але мэдыкі ацэньваюць дапамогу сьмяшлівых калегаў па-рознаму.
«Ёсьць дактары, якія станоўча рэагуюць на клоўнатэрапію. А для некаторых — гэта лёгкая забава, — кажа Валера. — Для пэрсаналу мы па папулярнасьці на 132 месцы. Нам не забараняюць працаваць, але моцна і не падтрымліваюць. Хоць часам мэдсёстры зьвяртаюцца да нас, калі дзіцяці ставяць катэтэр ці рыхтуюць да непрыемнай працэдуры».
Клоўнатэрапія імпануе Валеру тым, што ў ёй адразу відаць вынік.
«Нам ня трэба паўгода чакаць паляпшэньня паказьнікаў. Карысьць заўважная адразу пасьля візыту, — перакананы ён. — Калі мы прыходзім, аддзяленьне нібы ажывае. Дзеці, якія былі прыціхлі, сьмяюцца, жартуюць, гуляюць, хоць на кароткі час забыўшыся, дзе яны».
Тым ня менш больнічныя клоўны памятаюць, што перадусім — лячэньне. Нават самая вясёлая і цікавая гульня ўмомант перапыняецца, калі надыходзіць час працэдураў.
Валера бачыць вынік сваёй працы і верыць у яе эфэктыўнасьць, аднак ня думае, што стаўленьне да больнічных клоўнаў у краіне можа моцна зьмяніцца.
«У эўрапейскіх краінах больнічны клоўн — гэта штатная адзінка. У нас такога ніколі ня будзе. І справа ня толькі ў стаўленьні да клоўнатэрапіі, а да валянтэрства ўвогуле», — кажа ён.
Калегі па асноўнай працы ведаюць пра незвычайнае хобі Валеры, і большасьць лічыць, што ён марнуе свой час. Калі хтосьці чуе, што клоўнам ён працуе бясплатна, не разумеюць. А для Валеры — гэта станоўчыя эмоцыі, новы досьвед і сумоўе, якія напаўняюць яго жыцьцё сэнсам і падтрымліваюць у складаны час.
Больш за тое, цяпер для Валеры гэта сямейная справа — клоўнатэрапіяй зацікавілася яго трынаццацігадовая дачка.
«Яна бачыць, чым я займаюся. Ёй гэта цікава, — не без задавальненьня кажа ён. — Я часам бяру яе за памочніка. Праўда, пакуль збольшага на дабрачынныя акцыі ў сьвяточныя дні».
Нам пашанцавала, і праз 15 хвілін да нас далучаецца Дар’я. Дзяўчынка вучыцца ў школе, займаецца танцамі, вядзе інстаграм і ўжо прайшла Школу клоўнаў. Дар’я прымярае на сябе яркага і вясёлага казачнага пэрсанажа Барбазяку, якога прыдумала сама.
«Я яшчэ толькі вучуся, таму мае абавязкі — размаўляць зь дзецьмі і быць асыстэнтам у гульнях, — кажа Дар’я. — Мне падабаецца ідэя клоўнатэрапіі — дапамагаць дзецям хутчэй пераадолець хваробу, перастаць думаць, што ў больніцы ўсё сумна і змрочна».
Большасьць равесьнікаў Дар’і ніколі ня чулі пра клоўнатэрапію, і яна ахвотна дзеліцца сваім досьведам, зь якім, магчыма, зьвяжа будучую прафэсію. Валера падтрымлівае дачку, бо гэта яшчэ адна нагода зрабіць нешта разам, не аддзяляючы валянтэрства ад сям’і.
«Я не шукаю выгады, я працую за ідэю»
Цяпер у Віцебску каля трыццаці больнічных клоўнаў, і кожны мае сваю гісторыю прыходу ў клоўнатэрапію. Гэта людзі з самых розных сфэраў — у строй клоўна ўбіраюцца школьныя выкладчыкі, апэратар АЗС, лягіст, радыёвядоўца, эколяг, але ў асноўным — гэта студэнты, якім прасьцей сумяшчаць вучобу і валянтэрства.
Па словах Валеры, частка студэнтаў ідзе ў клоўны, каб атрымаць палёгку ў вучобе.
«Я не шукаю выгады, я працую за ідэю, — кажа ён. — Калі да нас прыяжджаюць калегі з Эўропы, заўсёды адзначаюць малады ўзрост нашых валянтэраў. На захадзе дабрачыннасьцю займаюцца людзі больш сталага веку».
Справа, распачатая ў Віцебску, мае працяг і разьвіцьцё. Дзякуючы намаганьням Чырвонага Крыжа клоўнатэрапія пайшла ў рэгіёны.
«Мы езьдзілі з майстар-клясамі ў Дуброўна, Лёзна, Лепель, Чашнікі, Гарадок, — кажа Валера. — Валянтэры з малых гарадоў прыяжджалі на вучобу ў Віцебск».
Узровень прафэсіяналізму віцебскіх клоўнаў павышаюць курсы ад калегаў са сталіцы ці зь іншых абласных цэнтраў, а таксама з замежжа. Так, горад неаднаразова наведвалі клоўны з Італіі і Японіі — краінаў, якія займаюць вядучыя месцы ў разьвіцьці клоўнатэрапіі.
«Клоўнам можна!»
Другі раз мы сустракаемся з Валерам у нядзелю ў сквэрыку каля абласной дзіцячай больніцы.
Кіраўніцтва ўстановы доўгі час супрацоўнічае з больнічнымі клоўнамі. Валянтэры маюць ключ ад спартовай залі, дзе пераапранаюцца і наносяць грым. Бяз чвэрці пяць Валера пойдзе да дзяцей. Ягоны візыт супадае з парой наведваньня, таму ў палатах могуць прысутнічаць бацькі. З Валерынага досьведу, да клоўнаў яны ставяцца прыязна.
Усё, што трэба для сёньняшняй сустрэчы, Валера прынёс у дарожнай сумцы: халат, нос, фарбы для грыму, рыштунак для розных вясёлых гульняў, абавязкова мноства балёнікаў, насос, каб іх надзімаць, слоічкі з мыльным растворам для бурбалак.
Майстэрствам твістынгу павінен авалодаць кожны больнічны клоўн. У кішэнях Валерынага халата замест фанэндаскопу і тэрмомэтра — насос і жменя рознакаляровых балёнікаў. Ён можа змадэляваць зь іх мноства фігур. Хлопчыкі асабліва любяць мячы — адразу пачынаюць фэхтаваць імі ў калідоры. А дзяўчатам даспадобы коцікі і сабачкі, якім можна прыдумаць мянушку. Калі хто прапануе клоўнам фінансавую дапамогу, Валера просіць купляць балёнікі і вадкасьць для мыльных бурбалак — бо гэта асноўны расходны матэрыял.
Больнічныя клоўны найчасьцей працуюць у пары, каб падтрымаць адзін аднаго. У дуэце адзін больш спрактыкаваны, другі дапамагае. Аднак нават самыя дасьведчаныя клоўны часам трапляюць у казусныя сытуацыі.
«Аднойчы мы вырашылі пажартаваць і ўчыніць цукеркавы грабеж, — узгадвае Валера. — Аднак жарт выйшаў няўдалы, бо мы не ўлічылі галоўнага: дзеяньне адбывалася ў гастраэнтэралягічным аддзяленьні, дзе цукеркі ўвогуле забароненыя».
Апошні год пару Валеру складае Валерыя — студэнтка ВДУ імя Машэрава, якая навучаецца на факультэце сацыяльнай пэдагогікі і псыхалёгіі.
«Паглядзіце, які я сабе аксэсуар прыдбала!» — вітаючыся, Валерыя дастае з кішэні невялічкія ружовыя акуляры. За тры гады працы ў клоўнатэрапіі ў дзяўчыны ня раз мяняліся вобразы. Апошні месяц Валерыя працуе вясёлым доктарам Рыжыкам, які надзвычай любіць гуляць зь дзецьмі.
«Дарослыя дзеці больш прыязна ставяцца да вясёлых балбатуноў, з малодшымі дзецьмі варта весяліцца асьцярожна, каб не адштурхнуць», — дзеліцца назіраньнямі Валерыя.
Клоўнатэрапіяй яна займаецца некалькі гадоў. Яе гісторыя пачалася з групы больнічнай клаўнады, якую на факультэце арганізавала адна са старэйшых студэнтак. Валянтэры наведвалі дзіцячыя дамы і больніцы, падтрымлівалі ініцыятывы «Чырвонага крыжа».
«Я знайшла сябе ў клаўнадзе, — на падыходзе да больнічнага корпуса прызнаецца Валерыя. — Я была ціхім, нават сарамлівым чалавекам. Чырвоны нос разьнявольвае. У строі клоўна ты можаш рабіць тое, што падабаецца, і не баяцца. Але самае важнае, што мы дапамагаем дзецям, бацькам і, хочацца верыць, мэдычнаму пэрсаналу таксама».
«Клоўнам можна!» — жанчына на вахце пазнае Валеру і скіроўвае ў афтальмалёгію, дзе сёньня дзяцей ня вельмі шмат. Валера і Валерыя яшчэ не ведаюць, як пройдзе сустрэча, але ўжо рады, што іхнія акуляры будуць выглядаць дарэчна, нават калі адны зь іх — ружовыя і несапраўдныя.