Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Пракапеня заплаціў рэкордныя 7 мільёнаў рублёў падаткаў


Віктар Пракапеня
Віктар Пракапеня

Найбольшы задэкляраваны прыбытак па Менску ў 2017 годзе склаў 58,9 мільёна рублёў, піша БелТА са спасылкай на начальніцу інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах па Менску Вольгу Кішко. Падатак з гэтай сумы склаў 7 мільёнаў рублёў.

Як піша Tut.by, рэкордны падатак — 7 мільёнаў рублёў з прыбытку ад інвэстыцыйнай дзейнасьці — заплаціў ІТ-прадпрымальнік Віктар Пракапеня. Як фізычная асоба ён буйны падаткаплатнік мінімум 5 апошніх гадоў і лідэр па суме сплачаных у Беларусі падаткаў.

Паводле Tut.by, агульная сума сплачанага ўсімі беларусамі падаходнага падатку на год — 4,3 мільярда рублёў. Такую суму маглі б забясьпечыць 620 бізнэсоўцаў узроўню Пракапені.

Паводле БелТА, агулам дэклярацыі аб прыбытку здалі 11,7 тысячы менчукоў. Пасьля пераліку дэклярацый 7,8 тысячы чалавек мусілі сплаціць 36,4 мільёна рублёў падаткаў. З улікам падатковых вылікаў 330 грамадзянам вярнулі 993 тысячы рублёў.

Віктар Пракапеня, 34 гады, — беларускі IT-прадпрымальнік, вэнчурны інвэстар. У 2017 годзе займаў 23-ю пазыцыю ў топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі. Уладальнік інвэстыцыйнага фонду VP Capital. Браў удзел у распрацоўцы дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі».

У красавіку 2015 году Пракапеню затрымалі за ўхіленьне ад сплаты падаткаў. Паводле Сьледчага камітэту, бізнэсовец прадаваў ІТ-тэхналёгіі без адпаведнай дзяржаўнай рэгістрацыі. У сьнежні 2015 Пракапеню вызвалілі пасьля сплаты кампэнсацыі. У 2016 годзе крымінальныя справы супраць бізнэсоўца закрылі на падставе адсутнасьці складу злачынства — падатковая і іншыя праверкі ня выявілі парушэньняў.

У сьнежні 2017 году стала вядома, што з шэрагу беларускіх недзяржаўных выданьняў была выдалена інфармацыя пра затрыманьне Пракапені ў 2015 годзе.

Кроў, сьмерць і драйв на выступе Віктара Пракапені ў Менску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG