З урочышчам Курапаты зьвязаныя лёсы многіх людзей, якія расказалі праўду пра расстрэлы, якія абаранялі, захоўвалі, аднаўлялі, прыбіралі, добраўладкоўвалі ўрочышча, усталёўвалі крыжы, маліліся, сьпявалі, чыталі вершы, сустракаліся там з сябрамі і паплечнікамі і проста рэгулярна прыходзілі ў Курапаты ўшанаваць памяць ахвяраў.
Курапаты: 31 асоба за 31 год

1
Зьміцер Дашкевіч, лідэр «Маладога фронту», удзельнік вахты памяці ў Курапатах падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі ў 2001-2002 гадах. У 2017 годзе ініцыяваў кругласутачную абарону Курапатаў ад будаўніцтва офіснага будынку ля ўрочышча. Акцыя прынесла вынік, будаўніцтва згарнулі. Актыўны ўдзельнік акцыі супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Вырабіў і ўсталяваў у Курапатах дзясяткі крыжоў, якія былі дэмантаваныя і вывезеныя ўладамі ў красавіку 2019 году.

2
Адкрывальнік праўды пра Курапаты Зянон Пазьняк. 3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. На фота — мітынг на Дзяды 30 кастрычніка 1988 году ля Курапатаў.

3
Сустрашыня БХД Павал Севярынец, былы лідэр «Маладога фронту», які распачаў 8-месячную вахту памяці ў 2001-2002 гадах супраць пашырэньня Менскай кальцавой дарогі, актыўны ўдзельнік усіх акцый у Курапатах. Ініцыятар «Малітвы за Беларусь» ва ўрочышчы. На здымку - негвалтоўны пратэст супраць разгону лягеру абаронцаў Курапатаў 9 лістапада 2001 году. Ініцыятар і актыўны ўдзельнік акцыі супраць рэстарацыі «Поедем Поедим» ля Курапатаў.

4
Дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, якая 18 гадоў правяла ў ГУЛАГу, у свой час была навуковай кіраўніцай курапацкага мэмарыялу.

5
Кіраўнік Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Алесь Чахольскі, шматгагоды руплівец Курапатаў, адзін з арганізатараў акцый і талокаў, каардынатар вырабу крыжоў для мэмарыялу.

6
Надзея Дземідовіч, удзельніца беларускага адраджэнцкага руху, савецкая палітзьняволеная, удзельніца Кенгірскага паўстаньня, аўтарка трох кніг пра сталінскія лягеры.

7
Дзяніс Урбановіч, старшыня Маладога Фронту, актыўны ўдзельнік доўгатэрміновай акцыі супраць рэстарану «Поедем поедим» ля Курапатаў, за што быў шмат разоў арыштаваны і аштрафаваны.

8
Легендарная беларуская змагарка Ніна Багінская: На Дзяды 1988 году, калі быў вялікі разгон, я ўбачыла гэты сьцяг. Спалучэньне бел-чырвона-белых колераў было ўласьцівае нашай вышыўцы, і гэтае спалучэньне ўзьняла мой дух. Я ўмею добра шыць і пачала шыць сьцягі сябе і сваім сябрам. Я не лічыла колькі пашыла, але напэўна больш за сто сьцягоў будзе. Я лічу гонарам мець такі сьцяг у руках.

9
Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, шматгадовы арганізатар і ўдзельнік акцый памяці і ўшанаваньня ў Курапатах.

10
Гісторык Ігар Кузьняцоў, прадстаўнік міжнароднага праваабарончага таварыства «Мэмарыял» у Беларусі, які шмат гадоў дасьледуе гісторыю сталінскіх рэпрэсій, удзельнічае ў працы многіх ініцыятываў у абарону Курапатаў, праводзіць экскурсіі ва ўрочышча.

11
24 лютага 2017 году актывіст Маладога Фронту Сяргей Пальчэўскі паклаўся пад колы грузавіка і прыкаваў сябе кайданкамі да бамперу, каб спыніць будаўнічыя работы. У 1937-м годзе быў рэпрэсаваны яго прадзед — Волюсь Каралецкі. Продка актывіста трымалі ў турме пад Оршай, а месца пахаваньня невядомае. «Буду ляжаць, пакуль ня здохну!», — сказаў 30-гадовы Пальчэўскі. Ён кажа, што пайшоў на крайні крок, бо ня бачыў іншых шляхоў спыніць будаўніцтва на пляцоўцы, якая раней уваходзіла ў ахоўную зону мэмарыялу.

12
Вячаслаў Сіўчык, удзельнік практычна ўсіх акцый абароны ўрочышча і шэсьцяў у Курапаты, арганізатар акцый памяці 29 чысла кожнага месяца ў Курапатах.

13
Ганна Шапуцька, каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Радыёфізык паводле адукацыі, Ганна Шапуцька ўпершыню трапіла ў Курапаты толькі ў 2006 годзе. З таго часу яна амаль штотыдзень бывае ва ўрочышчы. Зь дзяцінства Ганна чула ў сямʼі расповеды пра рэпрэсаванага сваяка Максіма Гарэцкага.

14
Былы палітвязень Васіль Парфянкоў, удзельнік кругласутачнай абароны Курапатаў у 2001-2002 гадах. На здымку - раніца ў лягеры абаронцаў пасьля таго, як згарэў намёт. Красавік 2002 году.

15
Мастак Аляксей Марачкін, аўтар абразу «Маці Божай Курапацкай усіх бязьвінна расстраляных». Арыгінал абраза падараваны Чырвонаму касьцёлу, на Дзяды ў 2003 годзе ва ўрочышчы была ўсталяваная каплічка з рэпрадукцыяй абраза.

16
Скульптар і мастак Алесь Шатэрнік, які рэканструяваў зламаную вандаламі Лаву Клінтана.

17
Намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў, шматгадовы арганізатар і ўдзельнік акцый памяці і ўшанаваньня ў Курапатах.

18
Трыццаць гадоў таму ў ліпені 1988 году ў Курапатах праводзіліся раскопкі і эксгумацыі ямаў-магілаў. Кандыдат гістарычных навук, археоляг Мікола Крывальцэвіч быў адным з трох археолягаў, якія ўдзельнічалі ў раскопках.

19
Адна зь лідэраў руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая шмат гадоў бярэ ўдзел у акцыях памяці 29 чысла кожнага месяца ў Курапатах.

20
Трыццаць гадоў таму ў ліпені 1988 году ў Курапатах праводзіліся раскопкі і эксгумацыі ямаў-магілаў. Кандыдат гістарычных навук, археоляг Алег Іоў быў адным з трох археолягаў, якія ўдзельнічалі ў раскопках.

21
Палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка, прадстаўнік грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў».

22
Журналіст Марат Гаравы, прадстаўнік грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў».

23
Зінаіда Тарасевіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, адна з жанчын, якая нарадзілася ў ГУЛАГу.

24
Уладзімер Раманоўскі больш за дзесяць гадоў актыўна бярэ ўдзел у шматлікіх акцыях і талоках у Курапатах. Ён нарадзіўся ў ГУЛАГу, і Курапаты для яго сталі ўвасабленьнем памяці рэпрэсаваных бацькоў.

25
Актывістка кампаніі «Эўрапейская Беларусь», рэжысэрка Вольга Мікалайчык, аўтарка дакумэнтальнага фільму «Я - голас Курапатаў», які здымаўся ва ўмовах зімы і цемры на курапацкай Галгофе па 3 гадзіны ў дзень пару месяцаў.
У 2017 годзе падчас абароны Курапатаў амаль усе дні і ночы прысутнічала ў лагеры абаронцаў. Актыўная ўдзельніца акцыі пратэсту супраць рэстарану «Поедем Поедим» ля Курапатаў, за што была арыштаваная і аштрафаваная.

26
Шматгадовы рупліўца Курапатаў сябра КХП БНФ Валер Буйвал.

27
Грамадзкая актывістка Наста Дашкевіч (у цэнтры), удзельніца абароны Курапатаў у лютым-сакавіку 2017 году.

28
Актывіст КХП БНФ Уладзімер Юхо, шматгадовы рупліўца Курапатаў. На фота Ўладзімер Юхо падчас затрыманьня міліцыяй 9 лістапада 2001 году за абарону Курапатаў.

29
Вацлаў Нямковіч, шматгадовы старшыня «Хрысьціянскай злучнасьці «Курапаты». Пайшоў з жыцьця ў траўні 2016 году.

30
Абаронца Курапатаў Пятро Шашкель. Сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Былы вязень сталінскіх лягераў. Быў сасланы з маці ў Сыбір у Краснаярскі край у паўтарагадавалым узросьце і рэабілітаваны толькі праз 50 гадоў. Шашкеля ня стала ў лютым 2012 году.

31
Легендарны беларускі дысыдэнт савецкіх часоў Сяргей Ханжанкоў, які зьбіраўся ўзарваць менскую вежу-глушылку і за гэта адбыў 10-гадовае пакараньне ў мардоўскіх лягерах, шмат гадоў браў удзел у акцыях памяці ў Курапатах. Яго ня стала ў сакавіку 2016 году.