Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З жыцьця аднаго «зялёнага чалавечка», які пераехаў у Беларусь


Расейскі салдат у Крыме, 2014
Расейскі салдат у Крыме, 2014

Чалавечак, назавем яго так, пераяжджае жыць у Беларусь. Яму тут падабаецца, сытна, камфортна, ніхто яго нічым не папракае, ні ў чым не абмяжоўвае і нават не вылучае з агульнае масы. Жыві, калі прыехаў, у нас месца хопіць усім ахвочым. Яна сапраўды прыгожая і зручная, наша Беларусь са сваёй прыродай, вялікай гісторыяй, са сваімі традыцыямі, культурай, сваёй спрадвечнаю мовай, са спагадлівым і цярплівым народам.

Чалавечак абжываецца, да такой ступені, што пачынае сябе адчуваць зусім як дома, а дома ён прывык адчуваць сябе гаспадаром. І тут чалавечку раптам робіцца некамфортна. Ад чаго б вы падумалі? Ад карупцыі чыноўнікаў? Ад фальсыфікацыі выбараў? Ад свавольства МУС і КГБ? Ды не, у яго дома гэта нармальныя зьявы, хіба што большага маштабу. Чалавечку, які пераехаў да нас у Беларусь, муляе вока наша беларуская мова — яе зашмат. Дома ў яго ў гэтым сэнсе не было ніякіх праблем — усё толькі па-расейску. А тут назвы вуліц нават не дублююцца на «второй государственный язык». І чалавечак піша пэтыцыю. Ён патрабуе! Ён настолькі расслабіўся, што ўжо і нагу паклаў на гасьцінны стол.

Чалавечку, які пераехаў да нас у Беларусь, муляе вока наша беларуская мова — яе зашмат.

У чалавечка жалезны аргумэнт: «Ведь все же говорят по-русски». Разуменьне таго, што гэта ненармальная, неарганічная і рукатворная сытуацыя, для чалавечка — «нацыяналізм мясцовых нацыкаў», зь якімі прыежджы калянізатар выходзіць на непрымірымую вайну.

Тое, што тут на сваёй зямлі жыве старадаўні народ, які тысячу гадоў гаворыць па-беларуску, які стварыў на сваёй мове вялікую кніжную культуру з часоў летапісаў, Статуту, палемістаў сярэднявечча, нашаніўскае пары і да нашых дзён — усё гэта толькі раздражняе чалавечка. Чаго ж ён хоча?

Пасьля анэксіі Беларусі Расейскай імпэрыяй на працягу ХІХ ст. на нашу зямлю прыехалі сотні тысяч чалавечкаў — пераважна чыноўнікаў, вайскоўцаў, гарадавых, настаўнікаў, папоў, памешчыкаў… Сотні тысяч беларусаў былі забітыя, вывезеныя ў Сібір, выціснутыя ў эміграцыю. Але мова, наша родная мова, выжыла. У сталінскія часы была зьнішчаная ўся нацыянальная эліта, толькі ў памятную ноч 29 кастрычніка 1937 году НКВД расстраляў больш за сто акадэмікаў і паэтаў. Сотні тысяч актыўных носьбітаў беларускай мовы — заможных сялян — былі вывезеныя ў Сібір. Але мова выжыла. У машэраўскія часы ўсе да адной гарадзкія беларускія школы былі ліквідаваныя і замененыя на расейскія. Гэта тады Машэраў сказаў Бураўкіну, што ня можа з гэтым нічога парабіць, бо гэтым кіруе Масква. Калясальная русіфікацыя ішла па ўсіх сфэрах і на ўсіх узроўнях жыцьця. Але мова выжыла.

Акцыя памяці «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах
Акцыя памяці «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах

Было б у нашага чалавечка хоць каліва сэрца і хоць драбок сумленьня, ён бы праявіў сваю актыўнасьць па-іншаму. Прыкладаў дастаткова.

Быў бы наш чалавечак бясконца закаханы ў сваю Расею, ён стварыў бы які-небудзь «Русский клуб», як Алег Рудакоў, які стварыў беларускі клюб у Іркуцку. Але не на любові будуе сваю дзейнасьць наш «народны калянізатар», наш «зялёны чалавечак». Ён хоча, каб у Беларусі была Расея. Навошта?

Хай была б сабе і Беларусь — самабытная краіна, сваёй самабытнасьцю і цікавая для ўсіх астатніх. Каму яна замінае?

Уласна Беларусь для чалавечка на дзясятым месцы.

Але пытаньне трэба ставіць па-іншаму, бо ўласна Беларусь для чалавечка на дзясятым месцы. Пытаньне трэба ставіць так: Навошта ён пераехаў у Беларусь, калі ў яго ёсьць яго вялікая Расея? Памерамі самая вялікая ў сьвеце. Дарэчы, а як так сталася? Чаму ня самая цывілізаваная і пасьпяховая, ня самая зручная для жыцьця (чаму ён і прыехаў да нас) і практычна не асвоеная краіна — самая вялікая?

Недзе я прачытаў думку, якая падалася мне адказам на гэтае пытаньне. Ніводзін расейскі цар, які не далучыў да Расеі новыя тэрыторыі, не ўвайшоў у гісторыю ў прамянях славы. А ў Расеі кожны «халоп» мысьліць як цар.

Інакш кажучы, ня так важна, што захапіў — ці цэлую Сібір, ці Польшчу, ці Асэтыю (сьпіс на працягу гісторыі бясконцы) ці вось цяпер Беларусь — важны сам мэханічны момант захопу. Іншых матываў няма. Хіба што асабісты матыў пераезду чалавечка ў Беларусь — ці ён прыехаў «па рабоце», ці на покліч душы, ці проста «расслабіўся» ад камфорту?

Пагатоў і сам чалавечак пратэстуе сыстэмна, настойліва і ў мілітарным стылі, бунтуючы публіку «несьмяротнымі палкамі».

Маючы прыклады ўжо захопленых Расеяй земляў, гледзячы на Ўкраіну, ведаючы, як маштабна траціцца Крэмль на ўтрыманьне ўлады любым коштам, можна сьмела выбіраць першы матыў. Пагатоў і сам чалавечак пратэстуе сыстэмна, настойліва і ў мілітарным стылі, бунтуючы публіку «несьмяротнымі палкамі». Уяўляю, як зьзяюць ягоныя вочы пры выглядзе ўсіх гэтых танкаў-кулямётаў, абматаных георгіеўскімі стужкамі, пры адной толькі думцы: «Быць вайне!». Сярод апошніх ініцыятываў чалавечка — пэтыцыя пра забарону бел-чырвона-белага сьцяга.

У чалавечка дзясятак прыхільнікаў, але гэта нічога ня значыць, як нічога ня значыць тое, якую тэрыторыю Расея будзе захопліваць. Як ня значыць і тое, што ніхто больш у Беларусі ня хоча вайны. Таму і чалавечак не задаецца пытаньнямі пра самабытнасьць нашай краіны і пра тое, чаму тут «все говорят по-русски».

Пакуль што ягоная актыўнасьць выклікае ў мяне горкі сарказм. Але ніяк ня роспач. Бо я пэўна ведаю, што і пасьля гэтых чалавечкаў беларуская мова ня зьнікне. Бо яна на гэтай зямлі народжаная і толькі тут арганічная. Хоць ты забі ўсіх беларускіх нацыяналістаў, птушкі ў Беларусі будуць сьпяваць, дрэвы шапацець, хвалі плёскаць — па-беларуску. У іх «второго государственного языка» няма.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG