У Ленінскім судзе Горадні абвясьцілі прысуд журналісту Паўлу Мажэйку: штраф 857 рублёў. Паводле міліцэйскага пратакола, яго вінавацілі ў працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі. У судзе супраць Паўла сьведчыў міліцыянт.
Пратакол на Паўла Мажэйку склалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Горадні. У ім Мажэйку вінавацяць у парушэньні ч.1 арт.35 і ч.15 арт.1 Закону «Аб сродках масавай інфармацыі».
У пратаколе гаворыцца, што 25 сакавіка ў Калоскім парку падчас правядзеньня масавага мерапрыемства прысьвечанага 100-м угодкам БНР Мажэйка, ня маючы акрэдытацыі журналіста замежнага сродку масавай інфармацыі, браў інтэрвію ў прамым эфіры ў Вадзіма Саранчукова і пазьней зьмясьціў на сайце польскага тэлеканала «Белсат» з мэтай далейшага распаўсюду.
Мажэйка сказаў Свабодзе, што ўлады далі ў чарговы раз зразумець незалежным журналістам, што ў прынцыпе нічога ў адносінах да іх не зьмянілася.
«Яны дазволілі правесьці мерапрыемства, але настолькі наколькі ім гэта патрэбна. Маўляў, вы тут гуляйце, але міліцэйскі дручок недзе побач і мы яго не схавалі…» — кажа Мажэйка.
Паводле яго, шмат у каго зьявілася эўфарыя, калі дазволілі правядзеньне ўрачыстасьцяў, але прайшло трохі часу і ўлады ўсё паставілі на сваё месца.