На радзіме Карла Маркса, у нямецкім горадзе Трыр, 5 траўня адкрылі помнік філёзафу-эканамісту. Бронзавая статуя вагой больш за 2 тоны зьяўляецца падарункам ад Кітаю да 200-годзьдзя з дня нараджэньня Маркса. Пяцімэтровы помнік — праца кітайскага мастака У Вэйшаня.
Паводле дадзеных паліцыі, на цырымоніі адкрыцьця прысутнічалі каля трох тысяч чалавек і каля 200 ганаровых гасьцей. Як паведамляе «Нямецкая хваля», у той жа час, каля 70 чалавек прынялі ўдзел у акцыі правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччны» пад дэвізам «Зьняць Маркса з пастамэнта». Яшчэ адна дэманстрацыя супраць помніка сабрала каля 150 удзельнікаў.
Падарунак дэманструе жаданьне жыхароў КНР выказаць павагу да памяці Карла Маркса, сказаў, выступаючы на цырымоніі, пасол Кітаю ў Нямеччыне Сі Міндэ. У сваю чаргу, прэм’ер-міністарка фэдэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц Малу Драер назвала падарунак «мостам дружбы і партнэрства». На яе думку, філёзафа недапушчальна вінаваціць у злачынствах XX стагодзьдзя.