Міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык вызвалены ад пасады за стварэньне незаконнага сямейнага бізнэсу, заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык, перадае БЕЛТА.
Паводле Вакульчыка, пры падтрымцы міністра быў арганізаваны сямейны бізнэс па пастаўках будматэрыялаў па завышаных цэнах.
«Падчас дакладу кіраўніку дзяржавы абмяркоўвалася пытаньне, зьвязанае зь міністрам энэргетыкі Беларусі. Ня так даўно прэзыдэнтам была пастаўленая задача разабрацца з інфармацыяй, якая тычыцца асабіста міністра і членаў яго сям’і. Гэтая праца камітэтам была праведзена. Устаноўлена наяўнасьць створанага пры падтрымцы і заступніцтве асабіста міністра энэргетыкі Патупчыка сямейнага бізнэсу, падраду, які заключаецца ў пастаўцы будматэрыялаў па завышаных цэнах на аб’екты будаўніцтва, што спрыяла, натуральна, ўзбагачэньню, незаконнаму атрыманьню прыбытку», — цытуе старшыню КДБ урадавае агенцтва БЕЛТА.
Лукашэнка абураўся працай Мінэнэрга
У звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і народу 24 красавіка Аляксандар Лукашэнка абураўся працай Мінэнэрга, пасьля чаго ў міністэрстве паведамілі пра звальненьне генэральнага дырэктара канцэрну «Белэнэрга» Яўгена Воранава.
«Вы чулі, як працуе ў нас міністар энэргетыкі і міністэрства. Нават вялікія начальнікі невядома якіх там канцэрнаў, цяпер разьбіраюся з гэтай структурай, запілі настолькі, што забыліся хадзіць на працу, — сказаў Лукашэнка. — Як толькі выкінулі на вуліцу (даўно гэта трэба было зрабіць), абаронцы ад прэм’ер-міністра да хатніх гаспадынь пабеглі да прэзыдэнта абараняць, які ён добры, пакуль ня тыцнулі носам у тыя праблемы, якія там існуюць».
Таксама падчас таго звароту Лукашэнка скрытыкаваў маштабныя інвэстыцыйныя праекты, якія зь невядомых прычын замарозіліся: заводы ў Сьветлагорску і Добрушы. Больш за 10 мільярдаў даляраў укладзена ў АЭС, а так, паводле Лукашэнкі, і не вядома, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны.
Патупчык быў прызначаны міністрам энэргетыкі ў красавіку 2013 году, пасьля звальненьня за «правалы ў кіраваньні энэргетычнай галіной» свайго папярэдніка Аляксандара Азярца. Тады адначасова з Азярцом Лукашэнка звольніў першага намесьніка міністра энэргетыкі Эдуарда Таўпянца і генэральнага дырэктара «Белэнэрга» Аляксея Шырму.
Да прызначэньня міністрам энэргетыкі Ўладзімер Патупчык ня меў дачыненьня да гэтай галіны. З 2006 па 2009 год Патупчык узначальваў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Менавіта пры ім былі скасаваныя льготы для пэнсіянэраў і чарнобыльцаў, студэнтаў. У 2009 годзе Патупчык стаў віцэ-прэм’ерам — курыраваў ва ўрадзе сацыяльную сфэру. У 2011 годзе ён быў прызначаны намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу.