Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьняў з пасады міністра энэргетыкі

абноўлена

Уладзімер Патупчык, архіўнае фота
Уладзімер Патупчык, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб звальненьні міністра энэргетыкі Ўладзімера Патупчыка, піша БЕЛТА.

Прычыны звальненьня не называюцца.

У звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і народу 24 красавіка Аляксандар Лукашэнка абураўся працай Мінэнэрга, пасьля чаго ў міністэрстве паведамілі пра звальненьне генэральнага дырэктара канцэрну «Белэнэрга» Яўгена Воранава.

«Вы чулі, як працуе ў нас міністар энэргетыкі і міністэрства. Нават вялікія начальнікі невядома якіх там канцэрнаў, цяпер разьбіраюся з гэтай структурай, запілі настолькі, што забыліся хадзіць на працу, — сказаў Лукашэнка. — Як толькі выкінулі на вуліцу (даўно гэта трэба было зрабіць), абаронцы ад прэм’ер-міністра да хатніх гаспадынь пабеглі да прэзыдэнта абараняць, які ён добры, пакуль ня тыцнулі носам у тыя праблемы, якія там існуюць».

Таксама падчас таго звароту Лукашэнка скрытыкаваў маштабныя інвэстыцыйныя праекты, якія зь невядомых прычын замарозіліся: заводы ў Сьветлагорску і Добрушы. Больш за 10 мільярдаў даляраў укладзена ў АЭС, а так, паводле Лукашэнкі, і не вядома, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны.​

Патупчык быў прызначаны міністрам энэргетыкі ў красавіку 2013 году, пасьля звальненьня за «правалы ў кіраваньні энэргетычнай галіной» свайго папярэдніка Аляксандара Азярца. Тады адначасова з Азярцом Лукашэнка звольніў першага намесьніка міністра энэргетыкі Эдуарда Таўпянца і генэральнага дырэктара «Белэнэрга» Аляксея Шырму.

Да прызначэньня міністрам энэргетыкі Ўладзімер Патупчык ня меў дачыненьня да гэтай галіны. З 2006 па 2009 год Патупчык узначальваў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Менавіта пры ім былі скасаваныя льготы для пэнсіянэраў і чарнобыльцаў, студэнтаў. У 2009 годзе Патупчык стаў віцэ-прэм’ерам — курыраваў ва ўрадзе сацыяльную сфэру. У 2011 годзе ён быў прызначаны намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG