Улады Фінляндыі не даюць дазволу на будаўніцтва ў краіне расейскай атамнай электрастанцыі, аналягічнай той, што ўзводзіцца ў Астраўцы. Пра гэта 27 красавіка распавяла на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску сябра рады грамадзкай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій.
«Фінскі рэгулятар не дае „дабро“ на такое будаўніцтва. Беларусы задаволеныя тым, што АЭС вытрымае падзеньне на яе самалёта вагой сем тон. А фіны патрабуюць у „Росатома“ абароны ад вагі ў 400 тон», — сказала актывістка «Экадома».
Яна прывяла і яшчэ адзін прыклад. У расейскай атамнай станцыі нібыта існуюць чатыры незалежныя сыстэмы адключэньня АЭС у выпадку няштатнай сытуацыі. Але фіны пераканаліся, што яны «не такія ўжо і незалежныя». Бо адключэньне адной сыстэмы часам выклікае і аўтаматычнае спыненьне дзеяньня другой. А гэта паніжае ступень абароны АЭС.
Ірына Сухій таксама паведаміла, што беларускія актывісты прапануюць уладам і Эўразьвязу «разгледзець варыянты пераходу Беларусі да энэргетыкі, якая будзе выбудаваная на ўзнаўляльных крыніцах энэргіі, да 2050 году». У далёкай пэрспэктыве такі праект і таньнейшы, і больш бясьпечны.