Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заблякавалі Telegram. «Гэта толькі пачатак»


Рашэньне прынятае Таганскім раённым судом. Ён таксама задаволіў хадайніцтва Раскамнагляду аб неадкладным блякаваньні мэсэнджара. Пасяджэньне праходзіла безь юрыстаў Telegram. Павел Дураў назваў працэс «адкрытым фарсам».

Таганскі раённы суд горада Масквы пастанавіў абмежаваць на тэрыторыі Расеі доступ да сэрвісу Telegram. Пра гэта заявіла судзьдзя Юлія Смоліна, паведаміў карэспандэнт РБК з паседжаньня.

Суд таксама задаволіў хадайніцтва Раскамнагляду аб неадкладным блякаваньні мэсэнджара — да ўступленьня рашэньня па пазове ў законную сілу.

Згодна з рашэньнем суда, доступ да мэсэнджара павінен быць абмежаваны «да выкананьня абавязкаў па перадачы ключоў шыфраваньня ФСБ».

Прадстаўнікоў Telegram на паседжаньні 13 красавіка не было, паколькі стваральнік мэсэнджара Павал Дураў напярэдадні забараніў юрыстам удзельнічаць у «адкрытым фарсе». Тым ня менш адвакаты накіравалі ў суд хадайніцтва з просьбай перанесьці паседжаньне, але яно было адхіленае.

Разгляд пазову заняў 20 хвілін, потым Смоліна на працягу 40 хвілін рыхтавала рашэньне ў дарадчым пакоі.

Камэнтуючы рашэньне, Галіна Цімчанка, галоўная рэдактарка расейскага незалежнага сайту Meduza, які базуецца ў Рызе, параіла ўсталяваць VPN-прылады, якія задваляюць абыходзіць блякаваньне сайтаў. «Telegram — гэта толькі пачатак», — напісала яна ў Facebook.

Што будзе далей

Цяпер Раскамнагляд павінен накіраваць рашэньне суда апэратарам сувязі з указаньнем аб неабходнасьці прыняцьця мераў па абмежаваньні доступу да сэрвісу. У рэестар заблякаваных старонак могуць быць унесеныя дамэнныя імёны telegram.org, web.telegram.org, t.me і IP-адрасы сэрвэраў Telegram. Пасьля гэтага правайдэры павінны будуць абмежаваць доступ да рэсурсаў мэсэнджара на працягу сутак з моманту абнаўленьня рэестру (ён абнаўляецца штодня а 9:00 і 21:00 па маскоўскім часе).

У абароны ёсьць месяц на абскарджваньне рашэньня суду. Ці будзе кампанія падаваць апэляцыю, пакуль невядома.

Блякаваньне Telegram зьвязанае з адмовай мэсэнджара перадаць ФСБ ключы шыфраваньня ад перапіскі карыстальнікаў. У Telegram заяўлялі, што зрабіць гэта тэхнічна немагчыма. За парушэньне такім чынам «пакета Яравой» мэсэнджар раней аштрафавалі на 800 тысяч рублёў.

Ці будуць беларусы мець доступ да Telegram пасьля блякаваньня ў Расеі?

На пытаньне, ці паўплывае блякаваньне Telegram у Расеі на беларускіх карыстальнікаў мэсэнджару, праваабаронца, сузаснавальнік Human Constanta Аляксей Казьлюк адказаў Свабодзе наступнае:

«Гэтае пытаньне можна раскласьці на два аспэкты. Першы — тэхнічны. Сапраўды, маршрутызацыя трафіку пабудаваная так, што да заблякаваных у Расеі рэсурсаў пры пэўных умовах частка беларускіх карыстальнікаў таксама ня будзе мець доступу. Але гэтая праблема вырашаецца на тэхнічным узроўні і наўрад ці будзе заўважная.

Другі аспэкт — прававы і палітычны. На жаль, у нашым рэгіёне часта адыёзныя ініцыятывы адной краіны капіююцца іншымі. Напрыклад, тая ж рэгістрацыя карыстальнікаў форумаў, якая прадугледжаная праектам новага беларускага закона аб СМІ, ужо ёсьць у заканадаўстве Казахстану. Расея цяпер рухаецца ў бок большага дзяржаўнага кантролю за гэтак званым нацыянальным сэгмэнтам інтэрнэту з шырокім ужываньнем блякаваньня сайтаў, масавым сачэньнем за карыстальнікамі і адмаўленьнем права на ананімнасьць. Гэта вельмі спрэчны шлях і мы павінны адсочваць, каб беларускія ўлады не спакусіліся ім».

7 прычынаў, чаму немагчыма цалкам заблякаваць «Хартыю» і «Партызан»

На Telegram-канал Беларускай службы Радыё Свабода можна падпісацца тут

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG