Сёньня, не прэтэндуючы на вычарпальнасьць, абмяркуем, як разабрацца ў вялікай колькасьці інфармацыі пра здароўе, якая трапляе да нас з самых розных крыніц.
Гэта і традыцыйныя радыё, тэлебачаньне і газэты, і нетрадыцыйныя (прычым нават у большай ступені) — сацыяльныя сеткі, блогі, электронныя выданьні.
Што такое шум часу
Гэты шквал, дзевяты вал інфармацыі мы і назвалі — шум часу, які абрынуўся на нас мэгабайтамі ня рэдка пустой, непатрэбнай інфармацыі, а часам — хітра замаскіраванай рэклямай, якая ня мае нічога агульнага з сумленнай і разумнай інфармацыяй пра здароўе і здаровыя паводзіны.
Ад вялікай колькасьці «электроннага шуму часу» можна нават займець сур’ёзную хваробу, якую мы ўпершыню апісалі і назвалі сындром хранічнага інфармацыйнага зьнясіленьня, пра гэта быў наш спэцыяльны артыкул на «Свабодзе».
Сутнасьць гэтай зьявы палягае ў тым, што чалавек, які надае залішнюю ўвагу электронным СМІ, можа апынуцца ў так званым электронным зьнясільваючым асяродзьдзі. Гэта гаджэты ў руках, пастаяннае карыстаньне кампутарам на працы, сядзеньне перад тэлевізарам.
Усё гэта (побач з невысокім узроўнем фізычнай актыўнасьці) можа прывесьці да сур’ёзных хваробаў накшталт артэрыяльнай гіпэртэнзіі, атлусьценьня, нэўратычных хваробаў, остэахандрозу пераважна шыйнага аддзелу пазваночніка і гэтак далей.
Наступствы шуму часу
Але галоўныя наступствы ад празьмернай інфармацыйнай плыні палягаюць у іншым. Справа ў тым, што з прычыны вялікага аб’ёму інфармацыі чалавек губляе арыенціры, яму пачынае здавацца, што ён можа ўсё і ведае ўсё.
Самы просты прыклад — сучаснае беларускае стаўленьне да лекара. Людзі часта кажуць, маўляў, ну што я пайду да свайго ўчастковага лекара, ну чаго ён мне скажа болей, чым я магу даведацца ў сеціве. А гэта якраз прынцыпова.
Патрэба клінічнага мысьленьня
Самае галоўнае, чаму будучы лекар павінен навучыцца ў вышэйшай мэдычнай навучальнай установе — гэта так званаму клінічнаму мысьленьню, якім валодаюць толькі лекары. Гэта здабытая здольнасьць шляхам аналізу сымптомаў прыйсьці да трапнага дыягназу і лячэньня.
Каб быць зразуметымі, прывядзем просты прыклад. Чалавек можа зьвярнуцца да лекара з рэзкім болем у страўніку, а шляхам размовы з пацыентам, агляду і інструмэнтальнага даабследваньня толькі лекар можа паставіць трапны дыягназ. Рэзкія болі ў страўніку могуць быць так званай гастрытычнай формай інфаркту міякарда. У лекара ў галаве ёсьць спэцыяльны мэханізм рэфлексіі, аналізу — як паставіць трапны дыягназ.
Людзі павінны мець мэханізм абароны
Па аналёгіі з гэты можна зрабіць наступную выснову. У сучасным, перасычаным інфармацыяй, сьвеце самыя розныя людзі павінны мець у галаве падобны мэханізм аналізу — якія паводзіны і парады зьяўляюцца сапраўды карыснымі, а якія не. Напрыклад, рэкляма. Яе мэта — не палепшыць здароўе, а прадаць тую ці іншую прадукцыю.
Безумоўна, ствараць такі мэханізм у галаве трэба яшчэ са школы, імкнучыся, каб набытыя веды мелі ня проста адарваны ад жыцьця тэарэтычны характар, а мелі практычнае ўвасабленьне. Трэба каб людзе ведалі, як разумна сябе паводзіць у сэнсе захаваньня здароўя. На жаль у сучаснай Беларусі гэтага пакуль няма.
Парады
Вось некалькі простых парадаў, як разабрацца ў інфармацыйным шуме, як зразумець якая перад намі парада і ці заслугоўвае яна даверу:
1. Зьвяртайце ўвагу на першакрыніцу інфармацыі пра здароўе. Яна, бясспрэчна, заслугоўвае даверу, калі грунтуецца на дадзеных міжнародных арганізацыяў, у першую чаргу, Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя.
2. Інфармацыя пра здароўе павінна быць досыць простай і ўнівэрсальнай. Напрыклад, калі пытаеш у пацыентаў, ці ведаюць яны неабходную колькасьць і ўзровень фізычнай актыўнасьці, яны адказваюць — 10 000 крокаў у дзень. Але падлічыць крокі досыць цяжка, нават калі ў вашым тэлефоне ёсьць запампаваны туды крокамер. Да таго ж, гэта адцягвае ўвагу.
Сусьветная арганізацыя аховы здароўя прапануе іншы прынцып — аб’ём фізычнай актыўнасьці павінен складаць ня меней чым 150 хвілін аэробнай актыўнасьці у тыдзень (хуткі шпацыр, бег, плаваньне, праца на агародзе і г. д.). Прычым, калі чалавек пачынае рухацца, ён павінен быць у такім стане ня менш за 10 хвілін. Калі меней — то такі ўзровень не залічваецца. Выканаць такую параду проста, яна ўнівэрсальная, тычыцца абсалютна кожнага чалавека — рознага ўзросту, гарадзкога ці вясковага жыхара, сацыяльнай групы.
3. Трэба памятаваць, што самалячэньне ня можа прывесьці ні да чога добрага. Таму калі ў вашым самаадчуваньні зьявіліся нейкія «дзіўныя» рэчы — не спрабуйце знайсьці інфармацыю ў інтэрнэце, зьвяртайцеся да лекара, бо толькі ён мае клінічнае мысьленьне.