Некалькі дзясяткаў жыхароў падмаскоўнага Валакаламску — удзельнікаў праведзенага ў нядзелю ў горадзе мітынгу за закрыцьцё сьмецьцевага палігону «Ядрава» — зладзілі аўтапрабег пратэсту Валакаламск-Масква. Каля 40 аўтамабіляў з актывістамі выехалі на Наварыскусю шашу і з павольнай хуткасьцю пачалі рух у бок Масквы.
На шашы неўзабаве ўтварыўся затор. Дарожная паліцыя перакрыла палосы, па якіх ехалі актывісты, і прымусілі іх зьехаць з шашы, пасьля чаго рух па трасе быў адноўлены.
У мітынгу ў Валакаламску прынялі ўдзел каля 6 тысяч чалавек — паведаміў мэр гораду Пётр Лазараў, які таксама выступіў перад гараджанамі, у адрозьненьне ад нядаўна прызначанага выканаўцы абавязкаў кіраўніка раёна.
Асноўнымі патрабаваньнямі ўдзельнікаў акцыі сталі закрыцьцё палігону «Ядрава», правядзеньне наўпроставых выбараў кіраўніка раёна, а таксама вызваленьне аднаго з лідэраў актывістаў Арцёма Любімава, напярэдадні затрыманага паліцыяй.
Паводле ацэнкі мэра Валакаламску Пятра Лазарава, у акцыі прынялі ўдзел каля 6 тысяч чалавек. Усяго ў горадзе жыве каля 20 тысяч. Гучалі таксама заклікі да адстаўкі губэрнатара Маскоўскай вобласьці Андрэя Вараб’ёва. Прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна выступоўцы запрашалі прыехаць у Валакаламск, каб ацаніць маштабы бедзтва.
Жыхары скардзяцца на выкіды газу на сьмецьцевым палігоне, з прычыны якіх у горадзе ўжо некалькі тыдняў непрыемны пах. Сытуацыя абвастрылася пасьля таго, як дзесяткі дзяцей зьвярнуліся ў бальніцы са скаргамі на атручваньне звалачным газам.