Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік МНС аб трагедыі ў Кемераве: закрытыя запасныя выхады, няспраўная сыстэма супрацьпажарнай абароны


Пажарнік у выгарэлым гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў Кемераве, 29 сакавіка 2018
Пажарнік у выгарэлым гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў Кемераве, 29 сакавіка 2018

Прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Кемераўскай вобласьці Андрэй Бурсін распавёў аб падрабязнасьцях тушэньня пажару, а таксама парушэньнях супрацьпажарнай бясьпекі ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня».

У пажары 25 сакавіка загінулі 64 чалавекі, у тым ліку больш за 40 дзяцей.

  • «Усе эвакуацыйныя выхады былі зачынены, усё да аднаго», — сказаў Бурсін.
  • Не спрацавала ніводная сыстэма супрацьпажарнай абароны.
  • Знакі эвакуацыйных выхадаў не сьвяціліся.
  • Аварыйнае асьвятленьне адсутнічала.
  • Ні ахоўнікі, ні адміністрацыя не сустракалі ратавальнікаў, хоць абавязаныя былі быць на месцы здарэньня, каб растлумачыць пажарнікам, ці ёсьць ўнутры людзі і колькі іх.
  • Пустыя прасторы ў перакрыцьцях і старая вэнтыляцыя спрыялі хуткаму распаўсюджваньню агню.
  • Памер і пляніроўка гандлёвага цэнтру ўскладнялі працу ратавальнікаў.
  • У «Зімовай вішні» былі балёны, якія трэба было выносіць і астуджаць. Адбыўся адзін выбух.

Паводле Бурсіна, пажарнікі прыбылі на месца праз чатыры хвіліны пасьля таго, як паступіў сыгнал аб пажары. Ратавальнікі неадкладна пачалі эвакуацыю і падняліся на чацьверты паверх, дзе знаходзіўся эпіцэнтар узгараньня. «Там ужо было вельмі моцнае задымленьне, арыентавацца практычна немагчыма. На адлегласьці выцягнутай рукі нічога не відаць, вельмі высокая тэмпэратура», — сказаў ён.

У Кемераве 27 сакавіка прайшоў стыхійны мітынг. Пратэстоўцы патрабавалі назваць рэальную колькасьць загінулых, правесьці сумленнае расьсьледаваньне трагедыі, а таксама, каб чыноўнікі сышлі ў адстаўку.

Паводле словаў кіраўніка сьледчага камітэту Аляксандра Бастрыкіна, асноўная вэрсія прычыны пажару — «самазагараньне электрыкі, якую замкнула» або «вэрсія, у якую мы менш верым, — выкарыстаньне адкрытага агню».

Узгараньне адбылося на чацвертым паверсе гандлёвага цэнтру, дзе знаходзіўся кінатэатар і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. З будынку эвакуявалі каля 200 чалавек.

Як высьветлілася пазьней, пажарная сыгналізацыя ў цэнтры не працавала ад 19 сакавіка, а супрацоўнік ахоўнай кампаніі, які працаваў у гандлёвым цэнтры, не ўключыў сыстэму апавяшчаньня, хаця яна працавала.

Большасьць ахоўнікаў гандлёвага цэнтру «Зімовая вішня» ў Кемераве працавалі безь ліцэнзіі, заявілі ў галіновым прафсаюзе «Каардынацыйная рада недзяржаўнай сфэры бясьпекі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG