Тацяна Дарсалія стала адной з ахвяраў пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў Кемераве. Яе пахавалі 28 сакавіка.
«Вельмі сьветлы чалавек з прамяністай усьмешкай, вельмі спагадны. Усьмешка заўсёды прыносіла ўсім добры настрой, грэла цяплом», — так кажуць пра яе калегі.
Дарсалія выкладала ангельскую мову ў Кемераўскай гімназіі № 17, а таксама была там завучам па выхаваўчай працы. У суботу (апошні дзень перад канікуламі) яна правяла ў школе ранішнік, а ў нядзелю разам з сяброўкай павяла дачок у кіно.
«Гэта ў суботу было. А ў нядзелю яна пайшла са сваёй дзяўчынкай Элеанорай, зьб сяброўкай і дачкой сяброўкі ў гэты гандлёвы цэнтар „Зімовая вішня“, — расказвае Ірына Рашэтнікава, завуч гімназіі № 17. — Яны былі ў кінатэатры, глядзелі фільм».
У прэсе пра Дарсалию пісалі, што яна вывела з палаючага кінатэатра сваю клясу. Насамрэч з пажару яна выводзіла дзяцей, якіх бачыла ўпершыню ў жыцьці.
«Яна была ня з клясай, яна была са сваёй дачкой. Але, калі пачаўся пажар, дачку яна адаслала з малодшай дачкой сяброўкі. А сама прапускала дзяцей, каб яны выйшлі з кіназалі, і, на жаль, там засталася...», — распавядае Рашэтнікава,
«Інакш бы яна проста не паступіла. Яна гэта зрабіла з настаўніцкага абавязку. З жаночага абавязку, з чалавечага абавязку...», — кажуць пра яе калегі.
Паводле вэрсіі экспэртызы, з прычыны таго, што зь ніжніх паверхаў палаючага гандлёвага цэнтру дым ішоў угору, Тацяна Дарсалія задыхнулася чадным газам.
28 сакавіка ў Знаменскім саборы Кемерава з настаўніцай разьвітвалася ўся гімназія. У школе, дзе працавала Дарсалія, зладзілі мэмарыял у памяць пра яе: там і на магіле настаўніцы ляжаць цацкі, якія прынесьлі яе вучні.