Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Сітніца: на гэтым тыдні дошка ў гонар 100-годзьдзя БНР у Менску ўстаноўленая ня будзе


Старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў, што Менскі выканкам плянуе разгледзець пытаньне шыльды ў чацьвер, 29 сакавіка.

Рыгор Сітніца чакае, што рашэньне будзе станоўчым.

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца

— У вас няма адчуваньня, што з шыльдай можа паўтарыцца гісторыя 1993 году, калі яе абяцалі ўзгадніць, але так і не ўзгаднілі?

— Пакуль не, пакуль у мяне трывогі няма. Паседжаньне Менскага выканкаму адбываецца ў чацьвер. Да сёньняшняга дня няма рашэньня аб усталяваньні. Ёсьць толькі вуснае. Афіцыйнага пісьмовага няма. Я чакаю, што заўтра гэтыя паперы будуць падпісаныя.

ёсьць два пісьмовыя запэўніваньні, што яны ня маюць прынцыповых пярэчаньняў адносна ўсталяваньня гэтай дошкі

Пакуль яны не падпісаныя, ня можа адбыцца паседжаньне Мастацкай Рады, на якім будзе зацьверджаная гэтая дошка. У мяне пастаянная сувязь з гарадзкімі ўладамі. Яны не абвяргаюць агучаную раней сваю станоўчую пазыцыю, не пярэчаць. Нават ёсьць два пісьмовыя запэўніваньні, што яны ня маюць прынцыповых пярэчаньняў адносна ўсталяваньня гэтай дошкі.

Адзінае, што яна павінна прайсьці ўсе працэдуры, якія прадугледжаныя заканадаўствам. Калі рашэньне аб яе ўсталяваньні будзе прынятае і падпісанае, тады літаральна ў пятніцу ці на працягу наступнага тыдня мы правядзем Мастацкую Раду, ухвалім дошку і будзем гаварыць пра канкрэтную дату яе ўсталяваньня.

— Атрымліваецца, што ўсталяваньне адкладаецца яшчэ на некалькі тыдняў?

— Не на некалькі... Я ня ведаю дакладна. Гэтае пытаньне не да мяне. Я раблю тое, што раблю. У мяне кожны дзень ідуць перамовы з гарадзкімі ўладамі. Яны не абвяргаюць сваё рашэньне. Для мяне важны сам факт усталяваньня гэтай шыльды. Раней ці пазьней на тыдзень — ня важна. Тое, што яна зроблена, тое, што яны, прынамсі на словах, не пярэчаць яе ўсталяваньню — пакуль што ў мяне не выклікае пытаньняў.

Заўтра ці ў пятніцу я буду мець больш пэўную інфармацыю. Мне важна, каб было прынятае рашэньне. Пакуль яго няма.

Дом купцоў Маліных на Валадарскага, 9 у Менску, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасьць БНР.
Дом купцоў Маліных на Валадарскага, 9 у Менску, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасьць БНР.

— На мінулым тыдні, калі зьявілася першае паведамленьне пра перанос даты ўсталяваньня шыльды, мова ішла пра гэты тыдзень. Цяпер ужо ясна, што і на гэтым тыдні яна ўсталявана ня будзе.

— Я вам сёньня магу сказаць тое, што ўжо казаў раней. На мінулым тыдні канкрэтных людзей не было ў Беларусі фізычна. Таму рашэньня прынята не было. Цяпер гэтыя людзі у Менску ёсьць, таму я чакаю, што ўсё будзе добра. Прынамсі маю такое спадзяваньне. А як яно выйдзе, так будзе.

— Ці можаце вы больш дакладна назваць дату паседжаньня Мастацкай Рады, калі ў чацьвер, 29 сакавіка будзе прынятае станоўчае рашэньне?

— Мастацкая рада адбываецца па факце прынятага выканкамам рашэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG