Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзень Волі сабралі 100% неабходнай сумы. Краўдфандынг працягваецца


Опэрны тэатар у Менску, дзе 25 сакавіка пройдзе канцэрт да стагодзьдзя БНР
Опэрны тэатар у Менску, дзе 25 сакавіка пройдзе канцэрт да стагодзьдзя БНР

На плятформе talaka.org завяршыўся збор сродкаў на сьвяткаваньне сотых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. На момант публікацыі сабралі 35 310 рублёў, збор сродкаў будзе працягвацца.

Ахвяраваць грошы на стагодзьдзе БНР можна было і іншым чынам: наяўнымі грашыма на Арт Сядзібе, праз PayPal, крыптавалютамі Bitcoin і Ether.

Самы маштабны краўдфандынг Беларусі

Збор сродкаў на сьвяткаваньне Дня Волі стаў самым маштабным краўдфандынгам на пляцоўцы Talaka.org па колькасьці ўдзельнікаў, паведаміў Свабодзе Павел Белавус са спасылкай на прадстаўнікоў «Талакі». Ад пачатку кампаніі свае грошы на сьвяткаваньне 100 год БНР ахвяравалі 1008 чалавек. Публічна вядомы імёны толькі 944 фундатараў, астатнія скарысталіся опцыяй «Не паказваць мяне ў сьпісе спонсараў».

«Гэта рэкорд у беларускім краўдфандынгу не па суме, а па колькасьці людзей, якія ахвяравалі. Зразумела, што зьбіралі і большыя сумы», — сказаў Белавус.

Кожны фундатар кампаніі #БНР100 можа бясплатна атрымаць прома-прадукцыю кампаніі: налепкі, значакі, апаскі і паштоўкі. Грошы на выраб прома-прадукцыі выдаткавала Рада БНР у выгнаньні. Напрыклад, значакі і апаскі вырабілі накладам па 5000. Паводле Паўла Белавуса, каля 80% вырабленай прадукцыі ўжо разышлося.

«Шмат гэтай прадукцыі ўзялі ўжо арганізатары, валянтэры ў іншых гарадах, каб гэтая прадукцыя зьяўлялася ў незалежных кропках. Зразумела, што для фундатараў мы гэтую прадукцыю адклалі, каб да канца тыдня, яны змаглі яе атрымаць», — сказаў Павел Белавус.

Ахвяраваньні не спыняюцца

На момант публікацыі на сьвяткаваньне Дня Волі на сайце talaka.org сабралі 35 310 рублёў, гэта звыш 300 рублёў ад неабходнай сумы. Найбольшая частка гэтай сумы ўжо пайшла на ўсталяваньне і ўладкаваньне сцэны на канцэрце 25 сакавіка. Краўдфандынг працягваецца — нявыкарыстаныя грошы арганізатары канцэрту ля Опэрнага тэатру ў Менску перададуць на арганізацыю мерапрыемстваў #БНР100 у іншых гарадах Беларусі. Асобны збор сродкаў ідзе на мерапрыемствы ў Горадні, фэстываль у Берасьці і канцэрт у Слуцку.

«Мы зьвязваемся з арганізатарамі ў рэгіёнах, даведваемся пра іх праблемы, чаго не хапае. У Горадні, Берасьці і Слуцку краўд-кампаніі запускаліся ў апошні момант, таму частку сродкаў мы перанакіроўваем ім на мерапрыемствы ў фармаце „Сьвята Незалежнасьці“», — сказаў Павел Белавус.

Як ідзе збор грошай на #БНР100 у рэгіёнах

Кампанію #БНР100 падтрымала «буйная швейная кампанія», паведамляюць арганізатары. Фірма пашыла 100 бел-чырвона-белых сьцягоў, якія кіраўнік прадпрыемства перадаў арганізатарам сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР. Гэтыя сьцягі атрымаюць людзі, якія цягам 21-25 сакавіка ахвяруюць грошы на #БНР100 праз «Талаку».

Хто ахвяраваў сродкі?

Найбольшую суму 2505 рублёў ахвяраваў айцішнік Барыс Яўсеенка, які жыве замяжой. Больш пра яго нічога невядома — фундатар не захацеў шырока агучваць інфармацыю пра сябе. Радыё Свабода ўжо пісала, што Яўсеенка натхніўся прыкладам іншага праграміста Ўладзіслава Чачоткіна і вырашыў ахвяраваць на 5 рублёў больш. Чачоткін ахвяраваў на сьвяткаваньне 100 год БНР 2500 рублёў. Свой удзел у краўдфандынгу айцішнік патлумачыў прыналежнасьцю да Беларусі і жаданьнем удзельнічаць у жыцьці грамадзтва.

100 рублёў і больш, паводле Паўла Белавуса, ахвяравалі каля 100 чалавек. Гэтых людзей запрасілі на ўрачысты сход да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР. На мерапрыемстве выступіць Зьміцер Вайцюшкевіч і народны фальклёрны ансамбаль «Тутэйшая шляхта». Паведамлялася, што на ўрачысты сход запрасілі міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея.

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. Заяўку на правядзеньне шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да Опэрнага тэатру Менгарвыканкам адхіліў. Ініцыятараў шэсьця Уладзімера Някляева, Вячаслава Сіўчыка, Максіма Вінярскага затрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG