Эўракамісія афіцыйна зацьвердзіла бюджэт на 120 мільёнаў эўра, каб стварыць бясплатныя сеткі Wi-Fi у грамадзкіх месцах на тэрыторыі Эўразьвязу. Сеткі будуць цалкам бясплатныя, без рэклямы і ня будуць зьбіраць пэрсанальныя дадзеныя карыстальнікаў.
Праект, які носіць назву WiFi4EU, быў упершыню анансаваны яшчэ ў 2016 годзе. Галоўнай мэтай зьяўляецца стварэньне кропак з бясплатным інтэрнатам у кожным грамадзкім месцы па ўсім Эўразьвязе, будзь то вялікая плошча ў буйным горадзе ці невялічкі сквэр у маленькай вёсцы.
Адключаць ужо існуючыя сеткі не плянуецца. Новыя сеткі будуць пакрываць толькі тыя месцы, дзе бясплатнага інтэрнэту дагэтуль няма.
Цяпер муніцыпалітэтам па ўсёй Эўропе прапануюць зарэгістравацца перад першым праглядам праектаў у сярэдзіне траўня, каб мець магчымасьць атрымаць ваўчэры на фінансаваньне памерам 15 тысяч эўра. Пасьля гэтага будзе адабрана першая тысяча ўдзельнікаў праграмы. На першым этапе ў кожнай краіне будзе адабрана як мінімум 15 муніцыпалітэтаў. Месцамі для бясплатнага інтэрнэту змогуць быць, напрыклад, бібліятэкі, музэі, паркі і сквэры.
Агулам плянуецца стварыць такія публічныя кропкі Wi-Fi амаль у 8000 муніцыпалітэтаў на тэрыторыях усіх краін ЭЗ, а таксама Нарвэгіі і Ісьляндыі. Цалкам бюджэт праекту складае 120 мільёнаў эўра.
Эўракамісія ўжо стварыла афіцыйную старонку праекта, дзе можна знайсьці адказы на пытаньні датычна праекту.