Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары #БНР100 у Горадні сабралі толькі палову грошай


Дазволеныя ўладамі мерапрыемствы з нагоды 100-годзьдзя БНР
Дазволеныя ўладамі мерапрыемствы з нагоды 100-годзьдзя БНР

Тым ня менш арганізатары сьвяточных мерапрыемстваў да 100-годзьдзя БНР у Горадні ўпэўненыя, што правядуць урачыстасьці на належным узроўні.

Адзін з арганізатараў #БНР100 у Горадні Вадзім Саранчукоў сказаў Свабодзе, што падрыхтоўка да ўрачыстасьцяў 25 сакавіка вядзецца згодна з плянам і большасьць пытаньняў ужо вырашаныя.

Заключаныя ўсе неабходныя дамовы: зь міліцыяй, хуткай дапамогай, службай прыбіраньня тэрыторыі. Вырашаныя пытаньні з падключэньнем электраэнэргіі, апаратурай і сцэнай. Будзе выязны гандаль фастфудам і гарачымі напоямі.

Але застаецца пытаньне з грашыма.

«Пакуль нам не ўдалося сабраць плянаваныя 8720 рублёў на аплату арэнды апаратуры і сцэны, кампэнсацыю выканаўцам, аздабленьне пляцоўкі, аплату камунальных паслуг, выраб сымболікі і прома-прадукцыі. На сёньня сабраная пакуль толькі палова сумы. Але мы вельмі спадзяёмся, што зробім і гэта», — сказаў Саранчукоў.

Урачыстасьці з нагоды 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Горадні пачнуцца 23 сакавіка зь літаратурнай вечарыны. 24-га адбудзецца беларуская дыктоўка, а 25-га ў Калоскім парку — канцэрт-мітынг.

Гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя.

У рэгіёнах сьвяткаваць стагодзьдзе БНР дазволілі пакуль у Берасьці, Баранавічах, Горадні і Лідзе. У Гомлі канцэрт на Дзень Волі забаранілі. Празь нястачу грошай правядзеньне акцый пад пагрозай у Віцебску і Баранавічах. Гарвыканкамы ў Берасьці, Менску, Горадні ўзялі на сябе арганізацыю аховы, мэдычнага абслугоўваньня і працы камунальных службаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG