Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі канцэрт на #БНР100 давядзецца правесьці без удзелу ўладаў — арганізатары шукаюць залю


У Гомлі сябры арганізацыйнаму камітэту сьвяткаваньня сотых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі правялі тэрміновае паседжаньне і вырашылі без удзелу гарвыканкаму шукаць залю для сьвяточнага канцэрту, прызначанага на 25 сакавіка.

Перад гэтым сем чальцоў аргкамітэту зьвярталіся ў Гомельскі гарвыканкам з просьбай прадставіць для сьвяточнага канцэрту гарадзкі Цэнтар культуры, але атрымалі адмову за подпісам намесьніка старшыні Віталя Атаманчука. Памяшканьне занялі «Бабы Шанэль».

«Няма сэнсу і часу надалей хадзіць і кланяцца ўладам. Калі ўжо адзін раз не дазволілі ўрачыста нагадаць гараджанам, як нараджалася беларуская дзяржаўнасьць, то пазыцыі сваёй ня зьменяць. Цяпер самі пашукаем прыдатнае памяшканьне, якое не адносіцца да гарадзкой камунальнай уласнасьці», — кажа сябра аргкамітэту, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў.

Паводле Палякова, сьвяточны канцэрт адбудзецца пры любым раскладзе. Дзеля гэтага можа быць скарастанае нават невялікае памяшканьне грамадзка-палітычнага цэнтру на вуліцы Палескай. На імпрэзе да 100-годзьдзя БНР маюць выступіць статусныя беларускія гурты, а таксама выбітныя гомельскія барды.

25 сакавіка ў горадзе будзе зладжаная таксама экскурсія з наведваньнем месцаў, зьвязаных з гістарычнымі падзеямі і асобамі стогадовай даўніны. Як то фабрыка «Палесдрук», дзе ў 1917 годзе мясьцілася Гомельская гарадзкая дума. Яна абрала дэлегатаў на Першы Ўсебеларускі зьезд, на якім была абмеркавана й сфармулявана ідэя ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, прызначаны яе кіроўныя органы. З горадам зьвязана імя міністаркі сацыяльнай апекі БНР Палуты Бадуновай.

***

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 90% неабходнай сумы, зьбіраюць сродкі і іншымі шляхамі.

У рэгіёнах сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР дазволілі пакуль у Берасьці, Горадні і Лідзе. Гарвыканкамы ў Берасьці, Менску, Горадні ўзялі на сябе арганізацыю аховы, мэдычнага абслугоўваньня і працы камунальных службаў. Сябры руху «За свабоду» чакаюць адказу на заяўкі ад уладаў Віцебску і Магілёва. Шэраг мерапрыемстваў заплянаваны за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG