Кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску, былы кіраўнік БРСМ Ігар Бузоўскі расказаў Tut.by, што зьбіраецца прыйсьці на менскае «Сьвята незалежнасьці» 25-га сакавіка — мітынг-канцэрт у гонар 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Канцэрт і мітынг дазволеныя менскімі ўладамі (таксама дазволены мітынг КХП БНФ у Кіеўскім сквэры 24 сакавіка, разглядаецца заяўка на шэсьце 25 сакавіка).
Ігар Бузоўскі заявіў, што пэўны час — або менавіта падчас канцэрту («калі будзе неабходны ўдзел у той час»), або да яго ці пасьля — адназначна будзе прысутнічаць.
«Я ўспрымаю гэта ня з пункту гледжаньня сваіх глядацкіх сымпатыяў ці антыпатыяў, — сказаў Бузоўскі. — Я гляджу на гэта з пункту гледжаньня таго, што гэта мерапрыемства, якое арганізоўваецца на тэрыторыі раёну. І я павінен забясьпечыць парадак у межах сваіх абавязкаў».
Раней арганізатары акцыі #БНР100 запрашалі БРСМ паўдзельнічаць у мерапрыемствах, але ў моладзевай праўладнай арганізацыі адказалі, што пакуль «маюць іншыя задачы».
***
2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 94% неабходнай сумы, зьбіраюць сродкі і іншымі шляхамі. Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя. Надвор’е можа быць халодным, але арганізатары да гэтага гатовыя.
У рэгіёнах сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР дазволілі пакуль у Берасьці, Горадні і Лідзе. Гарвыканкамы ў Берасьці, Менску, Горадні ўзялі на сябе арганізацыю аховы, мэдычнага абслугоўваньня і працы камунальных службаў. Сябры руху «За свабоду» чакаюць адказу на заяўкі ад уладаў Віцебску і Магілёва. Шэраг мерапрыемстваў заплянаваны за мяжой.