Хакеры ўзламалі сайт perehvat.gov.by — нефармальны сайт менскай міліцыі.
Узломшчыкі памянялі зьмест сайту, разьмясьціўшы на галоўнай старонцы карцінку з выявай беларускага і расейскага прэзыдэнтаў з надпісам «Расейска-беларускае супрацоўніцтва», паведамляе БелаПАН.
На ўзламанай старонцы таксама ўтрымліваецца лягатып з надпісам «Украінскія кібэрвойскі».
Сайт «Перахоп» быў створаны ГУУС Менгарвыканкаму для таго, каб «неабыякавыя грамадзяне маглі паведамляць пра супрацьпраўныя дзеяньні, сьведкамі якіх яны сталі». У асноўным на сайт дасылаюць паведамленьні аб няправільнай паркоўцы і парушэньнях правілаў дарожнага руху.
Камэнтар у сувязі з узломам сайта ў ГУУС атрымаць пакуль не ўдалося.