Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект «Мясарубка». Расказваюць тры камандзіры расейскай «ПВК Вагнера»


Трое прадстаўнікоў камандаваньня «Прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера» пагадзіліся на ўмовах ананімнасьці пагаварыць з карэспандэнтам Радыё Свабода.

Вытокі

Усе яны бралі актыўны ўдзел у вайне ў Данбасе, ваявалі ў Сырыі, ва ўсіх за плячыма савецкая армія. Нам удалося праверыць асобы дваіх, частка пададзенай імі інфармацыі публікавалася раней, частку пацьвердзілі іншыя крыніцы РС, некаторыя зьвесткі праверыць не ўдалося.

Суразмоўцы РС пацьвердзілі, што «Атрад Вагнера» мае вытокі ў Сырыі ў 2013 годзе, калі два расейцы, якія працавалі ў ПВК Moran Security Group — Вадзім Гусеў і Яўген Сідараў, зарэгістравалі ў Ганконгу ПВК «Славянскі корпус». Тады, паводле дадзеных пецярбурскага выданьня «Фантанка. ру», 267 чалавек зьехалі ў Сырыю для аховы радовішчаў і нафтаправодаў, але па факце яны прынялі ўдзел у грамадзянскай вайне на баку войскаў Башара Асада.

Паводле словаў суразмоўцаў РС, ім «там ўсыпалі вельмі моцна» — атрад панёс страты да 90% асабовага складу. Пасьля вяртаньня ў Маскву ў кастрычніку 2013 году самалёт з выжыўшымі байцамі ПВК чакалі ва Ўнукаве — тыя, хто выжыў і вярнуўся, былі дапытаныя сьледчымі ФСБ, а кіраўнікі «Славянскага корпусу» Гусеў і Сідараў ў кастрычніку 2014 году былі асуджаныя да трох гадоў зьняволеньня.

Уткін — паганец са свастыкай

Ідэя, зрэшты, спадабалася кіраўніцтву краіны. Быў сярод першай партыі расейцаў, якія ваявалі ў Сырыі, і падпалкоўнік запасу Дзмітрый Уткін. «Кагосьці закрылі, а камусьці зрабілі такую прапанову, ад якой немагчыма было адмовіцца», — кажа адзін з камандзіраў. Прапанова спачатку тычылася Данбасц: пакуль Гусеў зь Сідаравым сядзелі ў «Ляфортаве», Уткін і іншыя камандзіры пачалі фарміраваць свае брыгады для вайны ва Украіне.

Вагнер жорсткі чалавек, ня торба. Ён прыяжджаў на пазыцыі пад Пальміру, распрануўся, у яго на плячы нямецкая свастыка, наколка. Каска ў яго з рагамі

«У 2014 годзе таварыш Стралкоў зайшоў у Славянск, і куча людзей захацела Стралкову дапамагаць. Перайсьці ўкраінскую мяжу яны не маглі, бо на той час мяжа існавала, і ўся арганізацыя адбывалася ў Растове-на-Доне. Арандавалі базу, узялі пісьменных афіцэраў спэцслужбаў і Мінабароны.

Першы атрад пайшоў — „Месяц“, у чэрвені 2014 га, другі — „Стэп“. Гэта былі фактычна ротна-тактычныя групы колькасьцю да 250 чалавек. ПВК тады не было, але зарплату плацілі». Адным з атрадаў, якія «зайшлі» у Данбас, быў атрад Дзмітрыя Уткіна, яго хутка сталі называць паводле пазыўнога камандзіра — Вагнер.

Паводле суразмоўцаў РС, за гэтымі групамі назіралі, частку расфармавалі (напрыклад, групу Ігара Безлера (Беса), «група Вагнера» зарэкамэндавала сябе добра, было прынятае рашэньне яе узбуйніць.

«Вагнер ўвогуле жорсткі чалавек, ня торба, — кажа адзін з камандзіраў ПВК. — Ён прыяжджаў на пазыцыі пад Пальміру, распрануўся, у яго тут на руцэ [на плячы] нямецкая свастыка, наколка. Каска ў яго з рагамі. Ён раднавер (раднаверы — рэлігійны рух паганскага кірунку — РС)».

Фота пасьля навагодняга прыёму ў Крамлі 9 сьнежня 2016 г. Зьлева направа: Андрэй Багатаў (Валацуга), Андрэй Трошаў (Сівы), Уладзімір Пуцін, Аляксандр Кузьняцоў (Ратыбор), Дзьмітры Уткін (Вагнер)
Фота пасьля навагодняга прыёму ў Крамлі 9 сьнежня 2016 г. Зьлева направа: Андрэй Багатаў (Валацуга), Андрэй Трошаў (Сівы), Уладзімір Пуцін, Аляксандр Кузьняцоў (Ратыбор), Дзьмітры Уткін (Вагнер)

Зрэшты, паводле суразмоўцаў РС, няправільна казаць пра «ПВК Вагнера» — такой адзінкі не існуе юрыдычна, а Уткін — ня першая асоба кампаніі, а толькі камандзір брыгады.

У 2015 годзе пачалася сырыйская кампанія Вагнера

Суразмоўцы РС запэўніваюць: сёньня ў Сырыі працуе некалькі ваенных кампаній з наёмнікамі з Расеі, але толькі «група Вагнера» выконвае сапраўдныя баявыя заданьні. Паводле камандзіраў, колькасьць «групы Вагнера» цяпер складае каля 2000 чалавек (паводле іншых паведамленьняў, да 4000), акрамя таго, да «Вагнера» прыкамандзіраваны атрад «Карпаты», які складаецца пераважна з казакоў з украінскім грамадзянствам, — яшчэ 300 чалавек. Часам «на абкатку» прыяжджаюць групы расейскага спэцназу.

Усяго ж, паводле ацэнак суразмоўцаў РС, у Сырыі на баку ўрадавых войскаў служыць да васьмі тысяч расейцаў: «Было раней шэсьць тысяч, потым правялі скарачэньне і скарацілі да васьмі», — сьмяецца адзін з камандзіраў.

Навабранцы нафтавай кампаніі

Паводле суразмоўцаў РС (іх словы пацьвердзілі і іншыя крыніцы), дамовы з байцамі заключаюцца на геолягаразьведку, на працу на нафтавых промыслах, але з агаворкай: працаваць давядзецца ў раёне баявых дзеяньняў, і трэба быць гатовым ўзяць у рукі зброю. Зброю выдаюць па прыбыцьці. Навабранцаў зьбіраюць на вайсковым палігоне ў Молькіна (Краснадарскі край). Бяруць амаль усіх, не асабліва правяраючы стан здароўя. Галоўнае, каб было 25 гадоў і не было праблем з законам.

у Сырыю катэгарычна не бяруць чачэнцаў, ды і наогул ня любяць выхадцаў з Каўказа

Кандыдаты праходзяць праверку на паліграфе (правяраюць працу на спэцслужбы, крымінальнае мінулае, супрацоўніцтва з «канкуруючымі арганізацыямі»), за ім ідзе размова з псыхолягам: «Ён можа пытаньні задаваць — колькі ты будзеш думаць часу на тое, каб забіць? Ці можна не забіваць, — чыста правяраюць, наколькі ты салдат. Таму што бывае, настроены мільёны зарабляць, прыехаў, першы бой, ён — не, ня трэба грошай, вярніце мяне назад».

Акрамя таго, у Сырыю катэгарычна не бяруць чачэнцаў, ды і наогул ня любяць выхадцаў з Каўказа: «Наконт дагестанцаў неяк пытаньне вырашалася, а чачэнцаў... Вось у мяне ёсьць рота [чачэнцаў], гатовых ехаць куды заўгодна. Але іх ня хочуць браць ». Чаму? «У мяне ў ДНР былі чачэнцы, я іх усіх дэпартаваў. Расейцы лепш за ўсіх ваююць. Бачыў я, як чачэнцы ў Сырыі ваююць. Калі сапраўдны джыгіт ўбачыць, што ёсьць магчымасьць уключыць заднюю і ніхто не даведаецца пра гэта ў родным кішлаку, то ён яе ўключыць».

Новасьпечаныя байцы ляцяць на чартэрах з Растова-на-Доне ці Маздоку ў Хмеймім. Частка асабовага складу, у тым ліку украінцы, адпраўляюцца ў Сырыю на БДК (вялікі дэсантны карабель — РС). На караблях зручней і вяртацца: «прышвартаваўся ў Наварасійску, сышоў на бераг, і ніякай мытні». Звычайна ўсім байцам неабходная наяўнасьць замежных пашпартоў, аднак адзін з камандзіраў распавёў РС, што ў 2016 годзе прынамсі некалькі самалётаў адправілі па «зялёным калідоры», не правяраючы дакумэнты.

Баявыя задачы вагнерáм ставіць сырыйскае камандаваньне

Праца вядзецца ў каардынацыі з вайскова-касьмічнымі сіламі (ВКС) РФ: «Там у Вагнера пяць рот працуе і шостая рота „Карпаты“. У кожнай роце сувязь са штабам [Вагнера], у штабе сядзіць афіцэр ВКС, ён каардынуе авіяцыю, калі штурмы адбываюцца. Наогул дакладнае ўзаемадзеяньне, часам нават аж прыемна, настолькі прыгожа падтрымліваюць і авіяцыя, і артылерыя ». Наступы вядуцца паводле клясычнай схемы: спачатку авіяцыя і артылерыя «адпрацоўваюць» патрэбны раён, потым яго штурмуюць байцы ПВК.

База "ПВК Вагнера" на Google Maps (скрыншот)
База "ПВК Вагнера" на Google Maps (скрыншот)

«ПВК не вядзе там паўнавартасныя баявыя дзеяньні, — тлумачыць адзін з камандзіраў, — яна пашырае зоны ўплыву, бярэ пад кантроль тэрыторыі, як правіла, нафтавых і газавых радовішчаў, і гэтыя тэрыторыі ахоўвае. За гэта і атрымліваюць грошы. Нават Пальміра — там вакол газавыя палі, іх бралі пад кантроль. Але немагчыма кантраляваць нафтавае поле, калі за 500 мэтраў ад цябе знаходзяцца баевікі, — даводзіцца выбіваць».

Паводле суразмоўцаў РС, грошы за працу ПВК плаціць сырыйскі бок, усе фінансавыя пытаньні вырашаюцца праз ТАА «Эўра Поліс», якая належыць структурам Яўгена Прыгожына. Зарплаты выплачваюць пасьля прыезду ў Расею на тым жа палігоне Молькіна — без затрымак і сумленна: праслужыў тры месяцы і тры дні, за іх і атрымаеш. Якім чынам ідуць разьлікі паміж Дамаскам і Пецярбургам, суразмоўцы РС ня ведалі.

Франтавы мільён

Заробкі адрозьніваюцца: аклад радавога у Вагнера складае 150 тыс. рублёў у месяц, плюс прэмія да 100%. За трохмесячную камандзіроўку можна зарабіць да мільёну рублёў. Камандзір роты за той жа час можа атрымаць да трох мільёнаў. Баец у «Карпатах» прывозіць у два разы менш. Калі раней можна было аформіць даверанасьць на родных, якія атрымлівалі грошы на карткі, то з 2016 году выдаваць сталі толькі наяўнымі.

За забітых сваякам выплачваюць па 3 млн рублёў, раненьні аплачваюцца па сетцы: лёгкае — 30 тыс., сярэдняй цяжкасьці — 50 тыс., цяжкае — «у нас байцу аднаму заплацілі 180 тыс. рублёў». Калі хто ў працэсе перадумаў і вырашыў не ваяваць, яго перавядуць у порт «цягаць скрыні» — за 1000 рублёў у дзень.

Паводле суразмоўцаў РС, нягледзячы на велізарную для расейскай глыбінкі зарплату, «Вагнер» апошнім часам адчувае востры недахоп у кадрах. «Мясьнікі, — тлумачыць адзін з камандзіраў. — Вось сытуацыя: 2017 год, раён Дэйр-эз-Зора, 100 чалавек з „Карпат“ мяняюць 300 чалавек вагнераўцаў. Вагнерá стаялі на гэтай пазыцыі паўгода. Там пяць ключавых вышынь трэба было ўзяць, людзей паклалі нямерана, але ўзяць не могуць. Яны 300 ідуць у атаку, 20-30 „двухсотых“ (загінуўшых — РС). Празь месяц ізноў ідуць у атаку, ізноў 20-30 „двухсотых“. Гэта так, па мінімуму. „Карпаты“ страцілі 11 чалавек, узялі гэтыя вышыні і яшчэ дзьве дадатковыя, і яшчэ дарогу перарэзалі».

Расейскі вайсковы канвой каля сырыйскага гораду Хама, травень 2016 г.
Расейскі вайсковы канвой каля сырыйскага гораду Хама, травень 2016 г.

«Людзей няма, талковыя не жадаюць ехаць, — працягвае камандзір. — Стаўленьне да людзей быдлячае, што вы... гарматнае мяса, прыехалі грошы зарабляць, што там з вамі будзе, нікога не... Кумаўство. У „Вагнера“ талент — гэта ня самае важнае. Каб стаць камандзірам роты, трэба лізаць ўмець яму ў патрэбны час, да людзей па-быдлячы ставіцца, ну, і пажадана быць раднаверам. Там толькі адзін талковы камандзір — Ратыбор, камандзір першай роты, астатнія — жывёлы, якія на баявыя [пазыцыі] і блізка не выяжджалі, баяліся ».

Агульнай лічбы страт, як і нейкай статыстыкі, у суразмоўцаў РС няма. «У 2015 годзе з Луганску 60 чалавек езьдзілі з вагнерáмі, двое вярнуліся. Вось так пашанцавала. Нас езьдзіла 50 чалавек, у нас двое загінулых», — кажа адзін з камандзіраў. Паводле ягоных ацэнак, з 2015 году да сёньняшняга дня ў Сырыі загінула да 400 расейцаў.

Сварка міністра і рэстаратара

Як успамінаюць камандзіры, у пачатку сырыйскай кампаніі «група Вагнера» ні ў чым ня ведала адмовы: «У мяне кошт аўтамата прыраўноўвалася да кошту аўтамабіля. Кошт аднаго камплекта экіпіроўкі у байца майго атрада быў 12 тыс. даляраў». На ўзбраеньні вагнераўцаў былі расейскія танкі Т-90, Т-72, БТР, бронеаўтамабілі «Воднік», «Стрэл», «Рысь», «Тыгр». Ня ўсё, праўда, было новым: «Вось мы БДК ў Тартусе разгружалі, там скрыні са снарадамі на 120-е мінамёты, і напісана нейкім прапаршчыкам: „Утылізаваць. 1986 год “. За ручкі ўзяўся ў гэтай скрыні — ручкі ў руках, ад скрыні нічога не засталося. З гэтых снарадаў і мы страляем, і сырыйцы».

Уладзімер Пуцін з Джорджам Бушам на працоўнай вячэры ў Санкт-Пецярбургу пасьля саміту G8 19 ліпеня 2006 г. Яўген Прыгожын стаіць за Джорджам Бушам
Уладзімер Пуцін з Джорджам Бушам на працоўнай вячэры ў Санкт-Пецярбургу пасьля саміту G8 19 ліпеня 2006 г. Яўген Прыгожын стаіць за Джорджам Бушам

Паводле суразмоўцаў РС, у 2016 годзе адбылася нейкая сварка паміж Яўгенам Прыгожынам і міністрам абароны Сяргеем Шайгу. Саму маглі пасварыцца міністар і рэстаратар, суразмоўцы РС ня ведаюць, але адзначаюць, што з 2016 году забесьпячэньне вагнераўцаў рэзка пагоршылася (РС пісала пра гэта).

«Ім сказалі: хочаце ваяваць самі, ваюйце, — кажа адзін з камандзіраў. — І забралі танкі, зброю. Усё, што выдалі раней, усё забралі. Вагнераўцы ваююць цяпер сырыйскім зброяй».

Тое ж стасуецца і лягера падрыхтоўкі: калі раней палігон у Молькіне быў экіпіраваны па поўнай праграме, зараз там нібыта засталося 30 аўтаматаў, і падрыхтоўкі дэ-факта не вядзецца. Зрэшты, вялікай праблемы ў гэтым суразмоўцы РС ня бачаць: «Вайна навучыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG