Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе гадавое ўтрыманьне хакейнага клюбу ў Беларусі


Віцебскі хакейны клюб абвясьціў на афіцыйным сайце па дзяржаўных закупах тэндэр на гадавы плян закупаў, агульная сума якога — 2,7 мільёна рублёў. Гэтая інфармацыя дае магчымасьць ацаніць маштаб выдаткаў на ўтрыманьне дзяржаўнага хакейнага клюбу, які сёлета заняў перадапошняе 11-е месца ў чэмпіянаце Беларусі.

Спартовая ўстанова «Віцебскі хакейны клюб» складаецца зь дзьвюх прафэсійных хакейных камандаў (выступаюць у Экстралізе і Найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі), а таксама з двух філіялаў: «Віцебскага палаца спорту» (на 1790 гледачоў) і дзіцяча-юнацкай спартовай школы ХК «Віцебск», у якой займаюцца больш за 300 юных хакеістаў.

Выстаўленыя на тэндэр дзяржзакупы можна падзяліць на дзьве асноўныя катэгорыі — для абслугоўваньня лядовага палаца ў абласным цэнтры (ад 2,1 мільёна) і непасрэдна спартовая амуніцыя (ад 0,5 мільёна).

Гэтак, на пастаўкі электрычнасьці клюб гатовы патраціць 600 тысяч рублёў, на электроннае табло — 300 тысяч, на капрамонт кандыцыянэра — 130 тысяч, на гатэльныя паслугі і шкло для бартоў — па 100 тысяч, а на клюшкі — 60 тысяч рублёў.

Таксама варта ўлічваць, што гэтыя закладзеныя ў бюджэт выдаткі не ўключаюць заробкі супрацоўнікаў установы і прафэсійных хакеістаў.

Клюшка з аўтографам Аляксандра Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота
Клюшка з аўтографам Аляксандра Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота

«Клюбам ніжняй шасьцёркі вельмі складана выжываць»

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці складана выжываць клюбу з такімі выдаткамі, генэральны дырэктар установы Алег Цярэшчанка адмовіўся ад усялякіх камэнтароў.

«Я не падзялюся ніякай інфармацыяй. Няма ў плянах даваць інтэрвію», — сказаў ён.

Прэс-сакратар клюбу Алена Панчанка сказала карэспандэнту Свабоды, што фінансаваньня не хапае.

«Клюбам ніжняй шасьцёркі [чэмпіянату Беларусі] вельмі складана выжываць за тыя грошы, якія яны зарабляюць або ім выдаюцца. Бо выдаткі большыя, чым даходы. Фінансаваньня не хапае», — сказала яна.

Паводле Панчанкі, заробкі спартоўцаў рэгулююцца рэглямэнтам фэдэрацыі хакею.

«І клюбы ніжняй турнірнай табліцы, такія як наш, знаходзяцца на самым мінімальным грашовым утрыманьні. Менавіта фэдэрацыя рэгулюе мінімальны і максымальны ўзровень заробкаў. Фінансаваньне ў нас бюджэтнае. А таксама са сродкаў, якія зарабляе сам палац. Натуральна, што гэта зусім невялікая частка», — сказала прэс-сакратар ХК «Віцебск».

Паводле яе, спонсары клюбу — завод «Віцязь» і «Беларусбанк». Ёсьць таксама рэклямадаўцы, якія разьмяшчаюць рэкляму на арэне.

У сьнежні мінулага году Алег Цярэшчанка распавёў у інтэрвію прэс-службе Віцебскага хакейнага клюбу, што яго найбольш хвалююць фінансавыя праблемы.

«Па інвэнтары сур’ёзныя праблемы. Па заробках гульцоў: рамкі, пастаўленыя фэдэрацыяй, мы вытрымліваем, зь лішкам. Зарплатная ведамасьць каманды Экстралігі цягам усяго сэзону большая, чым у мінулым сэзоне, і заявы аб адхіленьні каманды ад удзелу ў чэмпіянаце, якія раней гучалі, былі неабгрунтаваныя. Але, на жаль, гэта пакуль не адбіваецца на выніках гульні».

Цярэшчанка тлумачыў, што няма фінансавай магчымасьці і статусу, каб утрымаць пэрспэктыўную моладзь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG