Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (9). Летняе зацішша, Скірмунт едзе адпачываць


Менск, Юбілейны дом
Менск, Юбілейны дом

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Юбілейны дом на Архірэйскай гары

У чэрвені Рада БНР з памяшканьня «Стройзапу» (на рагу Захараўскай і Серпухаўскай) пачала перабірацца ў больш рэпрэзэнтацыйны будынак — Юбілейны дом, што на Архірэйскай гары. Тамсама на асобным паверсе меўся разьмясьціцца Народны Сакратарыят. Заля паседжаньняў была абсталяваная згодна з найнавейшымі патрабаваньнямі: адмыслова падрыхтаваныя месца для Прэзыдыюму, трыбуна і лёжы для публікі.

Аднак празь нейкі час выявілася скандальная сытуацыя. Будынак быў арандаваны дзеячамі Менскага беларускага прадстаўніцтва (Аляксюк, Вернікоўскі ды інш.) не для Рады, а для нейкага арганізаванага імі клюбу, і яны ніяк не пагадзіліся «саступіць» Юбілейны дом Народнаму Сакратарыяту.

Такім чынам, Рада і НС і надалей засталіся ў доме № 43 на Захараўскай вуліцы, займаючы там каля 20 пакояў на 3-м паверсе. На самым гэтым доме ўжо красавалася шыльда «Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі». (З справаздачы касы НС: «За вывеску для Секретариата и кручки — 34 р. 20 к.».)

«Канцлер Рэчы Паспалітай Беларускай»

Камісія, што займалася выпрацоўкай дзяржаўнай сымболікі і ўвядзеньнем гістарычных дзяржаўных тэрмінаў, пасьпела замяніць касу з граблямі на Пагоню. Адным з наступных крокаў была замена ўсёй дзяржаўнай тэрміналёгіі. У адмысловым праекце прапаноўвалася зрабіць такія зьмены:

  • Беларуская Народная Рэспубліка — Рэч Паспалітая Беларуская
  • Рада БНР — Вальны Сойм РПБ
  • Старшыня Рады — Галоўны Маршалак
  • Народны Сакратарыят — Рада Рэчы Паспалітай Беларускай
  • Старшыня Народнага Сакратарыяту — Канцлер Рэчы Паспалітай Беларускай
  • Народны сакратар фінансаў — Падскарбі земскі
  • Кіраўнік справаў — Генэральны пісар
  • Сябры Рады — Паслы Вальнага Сойму
  • Правінцыйныя рады — Соймікі
  • Устаноўчы Сход — Вялікі Вальны Сойм
  • Старшыні — Маршалкі
  • Гарадзкі галава — Войт
  • Гласныя (сябры гарадзкой рады) — Лаўнікі
  • Урадавыя распараджэньні і акты — Устаўныя Граматы, Унівэрсалы
  • і г. д.

Праект гэты «сустрэў спачуваньне ў новым Сакратарыяце» (Скірмунтавым) і меўся быць зацьверджаны яшчэ ягоным папярэднікам, першым складам Народнага Сакратарыяту. Ой, не — Радаю Рэчы Паспалітай... Але, відаць, там сядзелі людзі крыху менш рамантычныя.

Стаць прэм’ерам не ўдаецца, Скірмунт выяжджае ў Кіеў

Спроба стварэньня новага кабінэту пад кіраўніцтвам Скірмунта скончылася нічым, празь дзесяць дзён пасьля даручэньня яму сфармаваць урад ён вяртае мандат Народнаму Сакратарыяту. У гэтай сытуацыі чакалася дапамога Антона Луцкевіча, які тады быў у Вільні. Аднак нямецкія ўлады яго, ініцыятара далучэньня да БНР беларускіх правых, у Менск так і не пусьцілі.

У выніку Раман Скірмунт быў прызначаны надзвычайным паслом Беларусі ва Ўкраіне з паўнамоцтвамі весьці перамовы аб усталяваньні міждзяржаўных дачыненьняў паміж БНР і Ўкраінскай Дзяржавай і выехаў у Кіеў. Разьлік быў на тое, што з гетманам Скарападзкім лягчэй дамовіцца клясава блізкі яму чалавек.

Дамо астатні бой за Рэспубліку і пойдзем спаць

26 траўня ў старшыні Народнага Сакратарыяту Язэпа Варонкі адбыўся банкет. (Пра нагоду нічога не вядома.) Удзельнікі банкету — кіраўнікі БНР — пакінулі на адмысловым аркушы памятныя надпісы:

Крачэўскі (нар. сакр. фінансаў): «Павінны даць астатні бой за Рэспубліку».

Аўсянік (нар. сакр. унутраных справаў): «Нізалежнасьць і ніпадзялімасьць».

Лёсік (старшыня Рады БНР): «Ніхай станецца, як жадаецца».

Захарка (скарбнік НС): «Палепшыць жыцьцё нашаго беднаго народу можэ толькі Народная Рэспубліка».

Заяц (нар. сакр. юстыцыі і кіраўнік справаў НС): «Будзьце ўсе ў душы шчырымі і праўдзівымі беларусамі — тады нам будуць верыць».

А. Смоліч (нар. сакр. асьветы і нацыянальных справаў): «Я з усімі згаджаюся, бо пара спаць».

«Прыязнае стаўленьне нямецкага ўраду»

27 чэрвеня беларускую дэлегацыю на чале з Варонкам прыняў галоўнакамандуючы нямецкай 10-й Арміі генэрал Эрых фон Фалькенгайн. Штаб арміі пераяжджаў зь Вільні ў Менск (дзе ён афіцыйна абжывецца 12 чэрвеня), і вялікі начальнік папярэдне знаёміўся з сытуацыяй на новым месцы.

Беларуская дэлегацыя была першай, якую ён прыняў у будынку Дваранскага сходу, дзе мясьцілася нямецкае вайсковае камандаваньне. Генэрал адзначыў «прыязнае стаўленьне нямецкага ўраду да адраджэньня Беларусі» і заўважыў, што «ранейшыя непаразуменьні былі плёнам не ўсталяваных сяброўскіх узаемадачыненьняў вайсковых уладаў і беларускіх арганізацый».

Язэп Варонка падсумаваў гутарку так: «Час знаёмства прайшоў^; мы ўступаем у пэрыяд супольнай творчай працы».

Езавітава не расстрэльваюць

Паручнік расейскай арміі Кастусь Езавітаў у першым складзе Народнага Сакратарыяту меў пасаду ўпаўнаважанага ў вайсковых справах і стаў беларускім вайсковым камэндантам Менску. Дзеля адпаведнасьці пасадзе Езавітаў у беларускім кантэксьце быў павышаны рангам да палкоўніка.

Праз пару дзён пасьля прыходу немцаў ён атрымаў загад распусьціць падначалены яму беларускі полк (які палком лічыўся толькі намінальна, ён налічваў некалькі дзясяткаў чалавек). Пасьля гэтага Езавітаў склаў зь сябе ўсе абавязкі і звольніўся з займаных пасадаў.

У «Хроніцы для газэтаў» за 27 красавіка паведамлялася, што палкоўнік Езавітаў «атрымаў месячны адпачынак і выехаў на Поўдзень для выпраўленьня здароўя».

Аднак празь нейкі час да Менску даходзяць чуткі, што Езавітаў расстраляны бальшавікамі ў Віцебску, куды ён быў выехаў (у сямейных справах?). Чуткі не пацьвердзіліся, і ў сярэдзіне чэрвеня паручнік-палкоўнік зьявіўся ў Менску.

Выглядае, што да тэмы «Езавітаў у Віцебску» мае дачыненьне загадкавае паведамленьне ў адной неназванай газэце: «У Віцебск прыбыў вайсковы міністар Беларусі і прапанаваў саўдэпу здаць горад беларусам. Саўдэп адмовіў міністру ў ягонай просьбе».

Глядзім на Аўстрыю і бачым славянскую манархію

Беларуская дыпляматычная дэлегацыя ў Кіеве, якая ня трапіла на ўкраінска-расейскія перамовы, рабіла ў справе прызнаньня БНР што магла. Чарговай спробай быў зварот да Аўстра-Вугоршчыны празь яе прадстаўніка ў Кіеве.

«Беларусь заўсёды глядзела і глядзіць на Аўстрыю як на вялікую славянскую манархію, у якой жыцьцё славянаў выяўляецца ў найбольш адпаведнай форме і знаходзіць нацыянальнае прызнаньне», таму «беларускі ўрад і народ можа знайсьці ў Аўстрыі свайго натуральнага саюзьніка і апекуна ў тую цяжкую хвіліну, якую перажывае цяпер наша краіна».

Да скону вялікай славянскай манархіі заставалася крыху болей за чатыры месяцы...

Рэвэранс Цьвікевіча бальшавікам

Зьвярнуліся з адмысловым мэмарандумам беларускія дыпляматы ў Кіеве і да бальшавікоў у асобе Хрысьціяна Ракоўскага, старшыні расейскай дэлегацыі для перамоваў з Украінскай дзяржавай. Просьба аб прызнаньні беларускай незалежнасьці Саветам народных камісараў канчаецца рэвэрансам:

«Лічу неабходным ад імя ўраду Беларускай Рэспублікі выказаць глыбокую ўпэўненасьць, што сацыялістычны ўрад Савецкай Расейскай Рэспублікі, які першы ў сьвеце зацьвердзіў на сваім чырвоным сьцягу сьвяты прынцып самавызначэньня народаў, пойдзе насустрач беларускаму народу ў ягонай барацьбе за сваю дзяржаўную самастойнасьць, за сваё адзінства і за цэласьць сваёй зямлі і тым закладзе трывалыя асновы прыязнага сужыцьця двух братніх народаў».

Падпісаў старшыня дэлегацыі Аляксандар Цьвікевіч. Ракоўскі мэмарандуму не прыняў.

1800 яек Боруха Левіна як сьведчаньне дзяржаўнасьці

Ва ўваходнай дакумэнтацыі Народнага Сакратарыяту ў чэрвені істотна павялічылася колькасьць дасыланых зь беларускай правінцыі скаргаў на нямецкія акупацыйныя ўлады. Прыкладам, Борух Левін зь мястэчка Ільля Вялейскага павету паскардзіўся Народнаму Сакратарыяту БНР на тое, што нямецкія жаўнеры забралі ў яго 1800 яек, закупленых для жыхароў мястэчка на юдэйскае сьвята Пяцідзясятніцы (на якое традыцыйна пякуцца розныя бліны і пірагі).

Беларускі ўрад, такім чынам, паступова пачаў успрымацца як заступнік інтарэсаў жыхарства акупаваных беларускіх тэрыторыяў. На сустрэчы з начальнікам штабу 10-й Арміі фон Штапфам 21 чэрвеня Язэп Варонка дамовіўся аб прызначэньні па ўсёй Беларусі адмысловых дараднікаў пры нямецкіх павятовых камэндантах для ўрэгуляваньня дачыненьняў народу зь нямецкім войскам.

Палесьсе наша, а Вільня — хто яе ведае

Дараднікаў ад Народнага Сакратарыяту БНР плянавалася прызначыць у гэткія гарады: Барысаў, Быхаў, Рагачоў, Гомель, Мазыр, Рэчыцу, Баранавічы, Пінск, Берасьце, Ваўкавыск, Ліду, Ашмяны, Слонім, Шклоў, Менск, Будслаў, Наваградак, Жлобін, Стоўпцы, Лунінец і Койданава.

Гэты сьпіс дае ўяўленьне пра геаграфію патэнцыйных уплываў беларускай улады. Відавочная гатовасьць змагацца за Поўдзень з Украінай і пры гэтым асьцярожнасьць што да Вільні і Горадні.

«Бледнеют ужасы варварства»

Як бачылася БНР з Масквы (на мітынгу беларусаў Масквы і ваколіцаў, скліканым беларускай сэкцыяй пры ЦК левых эсэраў):

«Образуемая немецкими империалистами, совместно с белорусской буржуазией, так называемая „Незалежная Белорусская Республика“ является ничем иным, как средством к экономическому и политическому закабалению белорусских крестьян и рабочих, которые принесли неисчислимые жертвы ради завоеваний социальной революции и которые подвергаются теперь всем ужасам того оккупационного режима, перед которым бледнеют ужасы варварства турецких башибузуков.

Самозванная, предательская рада, не имеющая ничего общего с белорусским трудовым народом, не имеет права выступать от имени последнего, не имеет права торговать его кровью, его будущим в Берлине и Киеве, не имеют права предавать его навсегда в лапы германского империализма и ввергать его в порабощение местной буржуазии, так как воля белорусского трудового народа направлена к тесному единению и братскому союзу со всеми великорусскими рабочими и крестьянами, со всей Советской Россией, высоко держащей знамя борьбы за право и вольности трудящихся всех стран, всех наций и т. д. и т. п...»

«Даць сабе самому па мордзе»

Справа незалежнай беларускай культуры і асьветы часам выклікала немалыя эмоцыі і прымушала пісаць крывёю, як гэта зрабіў ува ўсіх дачыненьнях калярытны пэрсанаж, зьбіральнік беларускай старасьвеччыны інжынэр Рамуальд Зямкевіч:

«Маю гонар давясьці да Вашаго ведама, што я катэгорычна пратэстую проціў самадзержаўных і самазванных паступкаў і кіраваннеў так называемаго Сэкрэтара беларускае народнае прасьветы А. Смоліча — беларускаго міністра прасьветы.

Было надруковано ў газэтах і з апаведальнеў вядома, што помпадурны А. Смоліч паручыў пералажыць з расейскае мовы на беларускую школьные кніжкі: арытметыку, алгебру ды геометрыю.

Уважаючы, што есьць у нас арыгінальные пэдагогічные сілы, каторые трэба было б выкарыстаць і звярнуць нарэшці на шлях праўдзівай, культурнай, беларусам карыстнай працы, мушу вельмі энэргічна пратэставаць проціў гэткаго самазванства, самадзержавія дамарослых нашых нідавучак-безштаннікоў. Ясна што ў гэткай важнай справе павінны пастанаўляць спэцыялісты, якім справа беларускаго адраджэньня праўдзіва ляжыць на сэрцы.

Пералажыць школьные кніжкі з чужой мовы на беларускую, маючы свае ды ні абы якія пэдагагічныя сілы, уважаю дзелам аднолькавым з тым, што даць сабе самаму па мордзі, прызнаючы беларускую безсільнасць і бездарнасць і вазвялічываючы чужые, варожые нам літаратуры.

На гэтае дзела пусьціцца можа толькі скрыты вораг беларускае індывідуальнасьці ды грамадзкі шкоднік.

Можа быць Вам пакажэцца непрыемным і дзіўным, што я так востра пішу, але я на гэта маю права, калі не абавязак. Звык пісаць крывей, а не чарніламі».

Скірмунт вяртаецца

Раман Скірмунт замест тыдня правёў у ад’езьдзе месяц і вярнуўся ў Менск пад канец чэрвеня. Асаблівых вынікаў ягоная кіеўская місія не прынесла.

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG