Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы — міратворцы на Данбасе? Пяць «не»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Летась перастаў працаваць у іх там тэлефон. Сёлета зьнікла мабільная сувязь. А цяпер больш не адказваюць па электроннай пошце. Што там у іх і як — нічога ня ведаем.

Чатыры гады выкрасьленыя ў людзей з жыцьця. Ну няхай так, нічога ня зробіш. Але каб нешта пачало зьмяняцца да лепшага. Дык жа не. Мэта тых, хто гэта ўчыніў: каб Украіна не вярнула сабе Данбас. А што з жыхарамі? Яны, як вядома, — закладнікі. Апошняя размова са сваякамі: з працай дрэнна, калі ёсьць — заробкі ніякія, некаторыя ад безграшоўя згаджаюцца ісьці ваяваць.

Украіна прыняла закон аб рэінтэграцыі Данбасу. Штосьці трэба рабіць, канкрэтныя крокі, каб нейк зрушыць безнадзейную сытуацыю. Замест таго, каб парадавацца за суседзяў, прадстаўнік РФ у АБСЭ, чалавек з выразна беларускім прозьвішчам Лукашэвіч, піша ў твітэры, што гэты закон «замацоўвае дзяржаўную падтрымку злачынстваў Узброеных сілаў Украіны і радыкалаў-нацыяналістаў».

Вядома, што крокі маглі быць іншымі: каб на Данбас былі ўведзеныя міжнародныя міратворцы. Расея заблякавала. Іначай працэс нармалізацыі напэўна можна было б пачаць знутры Данбасу. Пачаць увасабляць менскія пагадненьні, якія пакуль на паперы. Былы амэрыканскі амбасадар у Расеі Аляксандар Вершбоў сказаў летась, што яны былі аднабаковымі і на карысьць Расеі, таму што Ўкраіна вяла перамовы «пад дулам пісталета». Тады было зроблена асноўнае — вызначаныя мэты, але не было выпрацавана мэханізму. Што можна зрабіць зараз, прыцягнуўшы міжнародныя інстытуцыі.

Беларускія міратворцы на Данбасе, нават дзесяць тысяч! — заявіў Лукашэнка. Чым ня крок да поступу? Для Расеі яны маглі б быць самымі выгоднымі, бо — сваімі. Аднак яна не прапанавала такога кроку. Ну, а калі Масква адмашкі не дае, нічога ня будзе. І наогул беларускія блакітныя каскі ў Данбасе не выглядаюць рэальнай магчымасьцю. Чаму?

Украінскі прадстаўнік засьведчыў: Украіна супраць беларусаў як міратворцаў. Насуперак ёй гэта зрабіць будзе немагчыма.

Беларусь уваходзіць у АДКБ. Усім вядома, што расейская армія зь беларускай — «браты па зброі», сумесныя вучэньні — пастаянна. А Расею пацярпелы бок цяпер афіцыйна прызнаў краінай-агрэсарам.

На тэрыторыі Беларусі разьмяшчаюцца вайсковыя базы РФ.

У часе вайсковых захадаў па стварэньні «Наваросіі» і пасьля гэтага ва ўкраінскай прэсе друкаваліся мапы, каб паказаць — як Расея зможа пры патрэбе выкарыстаць беларускую тэрыторыю ў якасьці ваеннага пляцдарму. Якраз паведамлялася, што расейскі бок дамагаецца ўласнай авіябазы ў Беларусі (дзеля справядлівасьці, аднак, трэба адзначыць, што патрабаваньне не было выканана).

РБ не ахоўвае ўсходнюю мяжу. Беларуска-ўкраінская мяжа лічыцца агульным вонкавым рубяжом для Расеі і Беларусі.

Такім чынам, Украіна ня можа лічыць РБ бесстароньнім бокам, цалкам нэўтральным у сытуацыі разьвязанага яе хаўрусьнікам збройнага канфлікту на Данбасе. Ня можа шчыры хаўрусьнік Пуціна выконваць ролю міратворца на Данбасе. Ніяк. Пастаўце сябе на месца ўкраінцаў: ці ня будуць яны ўспрымаць вас як таго Траянскага каня?

Каб прэтэндаваць на будучы рэальны ўдзел у замірэньні на Данбасе, Беларусі напэўна неабходна было ў 2014-м адмовіцца ад шчыльнага вайсковага супрацоўніцтва з РФ, ад рэгулярных вайсковых гульняў. Паспрабаваць набыць нэўтральны стан. Гэтага зроблена не было. Не дасьпелі.

І ў дадатак да сказанага — эмацыйны чыньнік, які не дазволіць украінцам даць дабро беларусам на ўдзел у міратворчай місіі:

Расея і Беларусь дружна адзначаюць 100 гадоў Чырвонай арміі, створанай па ўказаньні Леніна Троцкім. Больш ніхто не адзначае. Ці гэта не прамы доказ, што яны «близнецы-братья»? (Нават у Горадні рэпэтыцыі па вечарах да вайсковага параду — цяжкія мінамёты на колах, ЗРК, гаўбіцы. І нават авіяцыю абяцаюць, хаця сваёй у горадзе ніколі не было). Украінцы маюць падставу так іх успрымаць. Іхняя армія таксама выйшла з савецкай, але ператварыць сьвята СА ў дзяржаўнае ў Кіеве не дадумаліся. Каб гэта было міжнароднае, як Новы год, яшчэ можна было зразумець. Дзень украінскай арміі — 6 сьнежня.

Што датычыць цэлых дзесяці тысяч вайскоўцаў як патэнцыйнага кантынгенту блакітных касак з нашага боку на Данбасе, самі лічбы гучаць эпатажна. Ва ўзброеных сілах дваццаць пяць тысяч салдат і дваццаць тысяч афіцэраў і прапаршчыкаў. Хто тады будзе абараняць Беларусь? Калі чвэрць будзе на Данбасе?

Адным словам, ідэя выглядае загадзя нежыцьцёвай, «пылам у вочы».

Хаця я хацеў бы памыляцца. І нават палетуценіць, як дзесяць тысяч беларускіх міратворцаў дапамогуць аднаўленьню тэрытарыяльнай цэласнасьці суседняй Украіны. А напачатку хаця б проста наладзяць сувязь, каб можна было дазваніцца да родных на Данбасе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG