Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьвядзеньне радавой сядзібы Напалеона Орды пераўтварылася ў даўгабуд


Радавая сядзіба Напалеона Орды
Радавая сядзіба Напалеона Орды

Амаль паўстагодзьдзя доўжыцца вяртаньне імя Напалеона Орды на яго малой радзіме ў Янаўскім (Іванаўскім) раёне. Тут, на Берасьцейшчыне, у вёсцы Варацэвічы знаходзілася радавая сядзіба Ордаў. Тут прайшло і дзяцінства слыннага мастака і кампазытара.

Помнік Напалеону Ордзе ў Янаве
Помнік Напалеону Ордзе ў Янаве

Цяпер у Варацэвічах пабудаваны музэй, карцінная галерэя. У раённым цэнтры на галоўнай плошчы гораду ўстаноўлены помнік Напалеону Орду. А вось аднаўленьне радавой сядзібы зацягнулася. У лістападзе наступнага году даўгабуду споўніцца 10 гадоў. Але да гэтага часу будынак толькі на этапе ўзьвядзеньня фасаду.

Вяртаньне імя Напалеона Орды

Яшчэ ў савецкія часы жыхар вёскі Варацэвічы Рыгор Сыраватка пачаў шукаць зьвесткі пра Напалеона Орду. Настаўнік, стваральнік і першы дырэктар адзінай беларускамоўнай школы ў Янаве правёў істотную працу, каб вярнуць памяць пра славутага земляка на радзіму.

Рыгор Сыраватка
Рыгор Сыраватка

«Недзе ў 70-я гады ў мяне ўзьнікла цікавасьць да роду Ордаў. Частка зямлі ў Варацэвічах здаўна называлася Ардоўскай, было паняцьце „Чырвоны двор“. Але дакладных не было нейкіх зьвестак пра месцазнаходжаньне радавой сядзібы знакамітага Орды. Потым неяк мне трапілася публікацыя Паўла Дробава пра Напалеона Орду, — прыгадвае Рыгор Сыраватка. — Мы пачалі апытваць мясцовых людзей. Шукаць зьвесткі».

Збор інфармацыі цягнуўся не адзін год. Рыгор Сыраватка кажа, што вымушаны быў зьмяніць месца працы. Таму адкладваў на потым дакумэнты. Але ў выніку ўдалося дасягнуць істотнага прагрэсу.

Будаўніцтва радавой сядзібы Напалеона Орды каля Варацэвічаў
Будаўніцтва радавой сядзібы Напалеона Орды каля Варацэвічаў

«Пазьней мне ўдалося скантактавацца з гісторыкам і фальклярыстам Станіславам Цярохіным. Мы шмат разоў сустракаліся ў Варацэвічах, шукалі зьвесткі ў Менску. Зрушылася справа пасьля таго, калі польскі бок перадаў у Нацыянальную бібліятэку, якая тады насіла імя Леніна, некалькі альбомаў Орды. Я зьвязаўся зь бібліятэкай, і нам удалося зрабіць першыя фотакопіі прац слыннага земляка і прывезьці іх на яго малую радзіму, — распавядае Рыгор Рыгоравіч. — Потым сваю справу і свае досьледы я перадаў Надзеі Раманюк, якая тады была дырэктаркай раённай бібліятэкі ў Янаве. Яна пачала ціснуць на мясцовыя ўлады. Так усё і закруцілася».

Дзесяць гадоў ад устаноўкі помніка да ўзьвядзеньня музэю

Але на справе ўсё расьцягнулася не на адно дзесяцігодзьдзе. Помнік Напалеону Орду паставілі толькі ў 1997 годзе. Вобраз мастака ўвасобіў у бронзе скульптар Ігар Голубеў.

Рыгор Сыраватка расказаў Свабодзе, што помнік чакаў устаноўкі ажно чатыры гады пасьля стварэньня. А калі ўжо стаяў і чакаў афіцыйнага адкрыцьця, яго сапсавалі вандалы — адрэзалі мэталічную руку Орды. Скульптары апэратыўна адрамантавалі помнік.

Музэй Напалеона Орды ў Варацэвічах
Музэй Напалеона Орды ў Варацэвічах

Далей справа з ушанаваньнем імя Орды ня зрушвалася ажно дзесяць гадоў. У 2007 годзе, калі адзначалася 200-годзьдзе з дня нараджэньня Напалеона Орды, стварылі карцінную галерэю. У музэі распавядаюць, што прыклалі вялізныя намаганьні для таго, каб стварыць музэй.

«Сам музэй Орды быў пабудаваны за кошт сродкаў UNESCO на тэрыторыі былой Варацэвіцкай школы. 9 месяцаў будавалі, яшчэ столькі ж часу пайшло на тое, каб сабраць экспанаты для музэю, — расказалі Свабодзе ў музэі Напалеона Орды. — 349 тысяч эўра пайшло на будаўніцтва музэю, 39 тысяч з гэтай сумы выдаткаваў мясцовы бюджэт. Для нашага раёну гэта проста вялізныя сродкі».

Куфар, які, верагодна, кранаў сваімі рукамі Напалеон Орда
Куфар, які, верагодна, кранаў сваімі рукамі Напалеон Орда

У музэі прызнаюцца, што цяпер для набыцьця экспанатаў бюджэтных сродкаў амаль не выдзяляецца. Зрэшты, у самым музэі няма арыгіналаў прац Напалеона Орды. Але сярод экспанатаў чатыры рэчы, да якіх дакранаўся Напалеон Орда. Гэта куфар; завесы з уваходных дзьвярэй у радавым доме Орды; абраз, які сям’я Ордаў падарыла царкве, і крыж, што цяпер знаходзіцца ў касьцёле Янава.

Узнаўленьне радавой сядзібы расьцягнулася амаль на 10 гадоў

Праз два гады пасьля будаўніцтва галерэі распачаліся работы ў аднаўленьні радавой сядзібы Напалеона Орды. На месцы, дзе знаходзіўся дом, у 2004 годзе правялі археалягічныя раскопкі. Праўда, істотных вынікаў яны не далі: знайшлі толькі аскепкі посуду, распавялі Свабодзе ў музэі Орды.

Аднаўленьне радавой сядзібы Напалеона Орды каля Варацэвічаў
Аднаўленьне радавой сядзібы Напалеона Орды каля Варацэвічаў

На месцы, дзе раней знаходзілася радавая сядзіба Напалеона Орды, работы па аднаўленьні дома згодна з малюнкамі мастака распачаліся ў лістападзе 2009 году.

Але пакуль узьведзена толькі «каробка» будынка. У музэі мастака кажуць, што гэтыя праблемы абумоўленыя галоўным чынам тым, што праект фінансуецца толькі за кошт мясцовага бюджэту.

Акрамя таго, перашкодай зьяўляецца і тое, што будаўнічыя тэхналёгіі часоў Орды забытыя. Дах на радавой сядзібе ўжо патрабуе рамонту.

Дах будынку патрабуе рамонту
Дах будынку патрабуе рамонту

Цяпер будаўнікі на сядзібе Напалеона Орды ўстаўляюць вокны. Рабочыя кажуць, што пакуль працуюць штодня. Але, як толькі закончацца грошы, то і работы спыняцца.

Будаўнікі ставяць вокны
Будаўнікі ставяць вокны

«Грошай вельмі мала. Вось нешта даробім, і потым ізноў будзе стаяць даўгабуд. Работы і так цягнуцца з 2009 году. А калі завершацца, дык і невядома», — кажуць будаўнікі.

Напалеон Орда варты ўшанаваньня

Доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская кажа, што Напалеон Орда — асоба, вартая ўшанаваньня. Паводле экспэрта, Орда захаваў для нас беларускі краявід нават ня толькі ў пляне мастацкага ўвасабленьня. Мастак фіксаваў аўтэнтыку, асаблівасьць нашай архітэктуры. Ён пакінуў значны сьлед у гісторыі Беларусі, перакананая Лаўроўская, таму яго радавая сядзіба павінна быць адноўленая.

Ірына Лаўроўская
Ірына Лаўроўская

«Я заўважыла шмат недарэчнасьцяў пры будаўніцтве. Адна зь іх — якасьць. Акрамя гэтага адзначу і праблему нашай эканомікі. У Беларусі няма сыстэмы падтрыманьня такіх праектаў. Усё, што пералічваюць прыватныя структуры на аднаўленьне культурнай спадчыны, усё роўна абкладаецца падаткамі. Няма эканамічнай зацікаўленасьці ў фінансаваньні культурных праектаў, — кажа Ірына Лаўроўская. — Таму мы мусім або шукаць за мяжой грошы, альбо аб’яўляць нейкую гучную дзяржаўную праграму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG