Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыяльныя сеткі і харчовыя расстройствы


Як дыетоляг, я безумоўна падзяляю занепакоенасьць калегаў у сувязі з уплывам сацыяльных мэдыя на розумы, асабліва маладыя, і наступствы гэтага ўплыву.

У гэтым артыкуле гаворка пойдзе пра тое, якім чынам сацыяльныя мэдыя могуць нашкодзіць нашаму здароўю.

Ілжэспэцыялісты

Адна зь небясьпек сучасных мэдыя — гэта зьяўленьне велізарнай колькасьці «спэцыялістаў» у галіне дыеталёгіі.

У многіх краінах ёсьць цьвёрдыя правілы наконт таго, хто можа даваць парады пра харчаваньне, а хто ня можа. Ёсьць адрозьненьні паміж «дыетолягам» (найвышэйшае зьвяно), «нутрыцыёлягам» (ступень ніжэй), «пэрсанальным трэнэрам» (яшчэ ніжэйшая ступень). Але ня ўсе спажыўцы ведаюць сутнасьць адрозьненьняў. І гэта да таго ж — сьвет фізычны.

А ў віртуальным сьвеце парады можа даваць хто заўгодна. Вось, напрыклад, апісаньне штодзённай дыеты маладой жанчыны, якая ня мае адукацыі ў галіне дыеталёгіі, але мае 775 тысяч падпісчыкаў (у гэтым артыкуле я вырашыла не называць імёны знакамітых блогераў зь меркаваньняў бясьпекі):

«Я пачынаю свой дзень з аднаго літра вады з выціснутым туды лімонам. Я выпіваю гэта праз 30 хвілін пасьля абуджэньня. Затым я зьядаю сталовую лыжку арганічнага чорнага мелясу (патака, якая зьяўляецца пабочным прадуктам перапрацоўкі цукру, густы сыроп. — РС.) Пасьля зарадкі я раблю 1,5-літровы зялёны кактэйль і пацягваю яго на працягу ўсей раніцы. На абед у мяне, як правіла, монафрукт, 4-5 манга, напрыклад, ці вялікая салата са сьвежай гародніны. На вячэру ў мяне зноў жа сырая страва альбо часам цёплая вэганская страва зь вялікай колькасьцю гародніны».

На сваім сайце гэтая ж пэрсона дзеліцца «карыснымі парадамі» са сваімі пасьлядоўнікамі. Напрыклад, паводле яе, атрымліваецца, што дыетычны бялок можна атрымаць з шаўкоўніцы або шпінату. Насамрэч 100 г шаўкоўніцы зьмяшчаюць 1 г бялку, а 100 г шпінату — 3 г. Значыць, за дзень трэба зьесьці мінімум 8 кг, каб атрымаць неабходную колькасьць бялку!

Аднак з камэнтароў падпісчыкаў складваецца карціна, што тысячы людзей ужываюць «карысныя парады» гэтай жанчыны.

Калі я праглядаю профілі такіх пэрсон, мне часта думаецца, што цэнзура ў пэўных сфэрах — гэта ня дрэнна, а добра.

Нізкая самаацэнка

Сацыяльныя мэдыя скажаюць рэальнасьць. Раней мы маглі бачыць мадэляў толькі па тэлевізары і ў часопісах. І нават гэта прывяло да непажаданых наступстваў.

Як адно зь іх — скажэньне іміджу «ідэальнай» фігуры. У модзе доўгі час былі залішне стройныя мадэлі. Толькі адносна нядаўна ўрады розных краін пачалі змагацца з гэтай зьявай. Напрыклад, у Францыі некалькі гадоў таму прыняты закон, па якім дзяўчына з індэксам масы цела ніжэй за 18 ня мае права быць мадэльлю.

Але ў віртуальным сьвеце абмежаваньняў няма! У Instagram папулярны ня той, хто мае здаровую (з мэдычнага пункту гледжаньня) зьнешнасьць або валодае сапраўднымі ведамі, але той, хто здольны зарабіць сабе папулярнасьць у сацыяльных сетках.

Удзельнікі дасьледаваньня, якія шмат часу праводзілі ў сацыяльных сетках, у два з паловай разы часьцей пакутавалі ад нізкай самаацэнкі

Ня так даўно амэрыканскія навукоўцы правялі дасьледаваньне ўплыву сацыяльных мэдыя на самаацэнку. Яны прыйшлі да высноў, якія павінны прымусіць задумацца ня толькі дактароў, але і наогул усіх людзей.

Удзельнікі дасьледаваньня, якія шмат часу праводзілі ў сацыяльных сетках, у два з паловай разы часьцей пакутавалі ад нізкай самаацэнкі ў параўнаньні з аднагодкамі, якія менш часу праводзілі ў сацыяльных сетках. У прыватнасьці, яны былі сур’ёзна занепакоеныя сваім целам і харчаваньнем.

Чаму я гэтым занепакоеная? Парушэньні харчовых паводзінаў могуць прывесьці да сур’ёзных фізычных, псыхалягічных і сацыяльных праблем. Паводле ацэнак, ад 6% да 10% людзей з харчовымі расстройствамі паміраюць ад недаяданьня або самагубства. Гэта — самая высокая сьмяротнасьць ад усіх псыхічных захворваньняў.

Артарэксія

Артарэксія — гэта харчовае расстройства, якое характарызуецца маніякальным жаданьнем есьці толькі здаровую ежу.

Артарэксія была ўпершыню апісаная ў 1997 годзе, але з нядаўніх часоў яна стала сапраўды масавай зьявай. У глябальным распаўсюджваньні артарэксіі асабіста я вінавачу толькі сацыяльныя мэдыя і адсутнасьць цэнзуры ў інтэрнэце.

часьцей за ўсё ахвяры артарэксіі маюць вельмі спэцыфічныя ўяўленьні аб тым, што такое здаровая ежа

Спажываць выключна здаровую ежу — гэта, вядома ж, добра. Але часьцей за ўсё ахвяры артарэксіі маюць вельмі спэцыфічныя ўяўленьні аб тым, што такое здаровая ежа. Часта яны шчыра вераць у тое, што спажываць можна толькі так званыя «супэрфуды» — ягады годжы, сьпіруліну, каноплі, пудру асаі і іншыя расьпіяраныя ў вузкіх колах прадукты.

Жыцьцё людзей, якія пакутуюць ад артарэксіі, круціцца ў літаральным сэнсе каля ежы. Ёсьць шмат блогераў і інста-пэрсон, якія толькі і робяць, што посьцяць рэцэпты страў з «супэрпрадуктаў» і сьцьвярджаюць, што калі спажываць толькі іх, то жыцьцё зьменіцца ў лепшы бок.

Гэтыя блогеры — сур’ёзная небясьпека для нясьпелага розуму, асабліва для падлеткаў, якія яшчэ не навучыліся разумець, якой інфармацыі ў інтэрнэце можна давяраць, а якой — не.

Артарэксіі я абавязкова надам асобную ўвагу ў наступных публікацыях, бо гэтае расстройства становіцца ўсё больш актуальным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG