Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў вінаваціць кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага аблсавету Паўла Арахоўскага ў плягіяце. Апазыцыйны актывіст настойвае, што Арахоўскі, ня будучы сябрам АГП, выкарыстаў у сваіх агітацыйных улётках партыйны лёзунг «Пабудуем новае, захаваем найлепшае», які быў сфармуляваны ў 2010 годзе.
Уладзімер Шанцаў зьвярнуўся са скаргай у акруговую выбарчую камісію № 34, каб тая змусіла кандыдата ў дэпутаты паздымаць агітацыйныя матэрыялы, у якіх скарыстана «чужая творчая праца».
Апазыцыянэр называе галоўнага ўрача Магілёўскай бальніцы хуткай дапамогі Паўла Арахоўскага, «вылучэнцам ад улады». На ягоную думку, такіх кандыдатаў не цікавіць палітычнае жыцьцё краіны і яны ня ведаюць, што ў Беларусі ёсьць палітычныя партыі.
«Ён лекар і ўвязаўся ў не сваю справу, — лічцыць Уладзімер Шанцаў. — Гэта пацьвярджае, што ён не гатовы працаваць у прадстаўнічых органах улады. Там мусяць быць людзі, якія разьбіраюцца ў палітыцы, якія сочаць за палітычным жыцьцём. Арахоўскі выдае чалавека, які зваліўся зь месяца і ня ведае, што АГП выкарыстоўвае лёзунг амаль дзесяць год».
Павал Арахоўскі прэтэнзіі Ўладзімера Шанцава не прызнае. Заяўляе, што адшукаў лёзунг на некалькіх «свабодна даступных інтэрнэт рэсурсах». Настойвае, што такі лёзунг выкарыстоўвае шэраг расейскіх партыяў і «менавіта ў іх і наглядзеў яго».
«Я і ня ведаў, што гэты лёзунг кімсьці зарэзэрваваны і нехта валодае на яго аўтарскімі правамі. Ён у свабодным доступе», — сказаў Свабодзе Павал Арахоўскі.
Абʼяднаная грамадзянская партыя ў 2010 годзе пад прэзыдэнцкія выбары распрацавала праграму «Мільён новых працоўных месцаў». Да гэтай праграмы і быў сфармуляваны лёзунг «Пабудуем новае, захаваем найлепшае».