Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Канваяваў зьняволеных, вучыўся на міліцыянта». Бацька забітай магіляўчанкі пра справу, якую «раскрыў» Лукашэнка


Побач з домам бацькі забітай турма, у якой сядзеў падазраваны ў забойстве
Побач з домам бацькі забітай турма, у якой сядзеў падазраваны ў забойстве

На працягу амаль дзесяцігодзьдзя жорсткае забойства ў Магілёве заставалася «глухаром». Суд апраўдваў падазраванага, а спробы бацькі забітай дамагчыся паўторнага расьсьледаваньня былі безвыніковымі. Пакуль яму не ўдалося дагрукацца да Лукашэнкі. Свабода высьветліла новыя падрабязнасьці гэтай гісторыі.

1 лютага, падчас сустрэчы са старшынём Дзяржкамітэту судовых экспэртыз Андрэем Шведам, Лукашэнка сказаў, што «дапамог раскрыць» крымінальную справу аб забойстве ў 2009 годзе жыхаркі Магілёўскай вобласьці.

«Каб прэзыдэнт не ўмяшаўся, то на справе б паставілі крыж», — так лічыць бацька забітай Леанід Сьляпнёў, які восем гадоў дамагаўся справядлівасьці і ўрэшце зьвярнуўся да Лукашэнкі.

Бацька забітай: дачцэ не шанцавала з мужчынамі

73-гадовы Леанід Сьляпнёў жыве адзін у сваім доме, з вакон якога відаць цагляная агароджа Магілёўскай турмы № 4. Па суседзтве даччын катэдж, у якім 5 лютага 2009 году гаспадыню знайшлі забітай. Жонка Людміла, зь якой Леанід Якаўлевіч пражыў 45 гадоў, памерла ад інсульту на чацьвёрты год пасьля суду над абвінавачваным у забойстве дачкі Сьвятланы.

У Сьвятланы засталіся двое непаўналетніх дзяцей. У 2009 годзе сыну Аляксею было шаснаццаць, дачцэ Вользе — дванаццаць. Акрамя ўнукаў, блізкіх крэўных у Леаніда Сьляпнёва не засталося.

Бацька забітай Леанід Сьляпнёў
Бацька забітай Леанід Сьляпнёў

Пра дачку ён кажа, што яна была працавітай. Заробленыя прадпрымальніцтвам грошы ўкладала ў будаўніцтва катэджа. Двойчы была замужам. Ад кожнага мужа мела па дзіцяці.

«З мужчынамі ёй не шанцавала. Чамусьці не ўжывалася зь імі», — са скрухай адзначаў бацька.

Першы муж Сьвятланы загінуў у аўтамабільнай аварыі. З другім шчасьця яна таксама ня мела. Ня ўсё добра і з унукамі Леаніда Якаўлевіча.

Паводле яго, старэйшы Аляксей, якому цяпер 26 гадоў, пакуль не знайшоў сябе ў жыцьці. Кінуў вучобу ва ўнівэрсытэце. Дзед як можа падтрымлівае ўнука і спадзяецца, што «зь яго вырасьце чалавек». Аляксей жыве ў матчыным катэджы разам з айчымам. Унучка Вольга, якой цяпер 22 гады, мае праблемы са здароўем і знаходзіцца ў адмысловым шпіталі.

Бацька забітай быў знаёмы з Лукашэнкам задоўга да яго прэзыдэнцтва

Большую частку свайго працоўнага жыцьця Леанід Сьляпнёў адрабіў у лясной гаспадарцы. З аповеду былога лесьніка вынікала, што ягоны лёс перасякаўся зь лёсам Аляксандра Лукашэнкі задоўга да прэзыдэнцтва. Знаўся ён і з сваякамі цяперашняга кіраўніка дзяржавы.

Пасьля бясплённых спробаў дамагчыся пакараньня забойцы Сьвятланы яе бацька зьвярнуўся да Лукашэнкі, каб той дапамог аднавіць справядлівасьць. Ці сустракаўся ён з кіраўніком дзяржавы, гаварыць не захацеў.

Неўзабаве пасьля таго, як скарга трапіла да адрасата, да Сьляпнёва прыехалі супрацоўнікі КДБ высьвятляць абставіны справы.

Маці забітай Людміла. Працавала ўрачом. Паходзіць з каталіцкай сям’і. Частка сваякоў жыве ў Польшчы
Маці забітай Людміла. Працавала ўрачом. Паходзіць з каталіцкай сям’і. Частка сваякоў жыве ў Польшчы

«Каб прэзыдэнт не ўмяшаўся, то на гэтай справе б паставілі крыж. Таму я ўдзячны, што ў ягонай асобе знайшоў разуменьне, — сказаў бацька забітай. — Да яго я быў у Вярхоўным судзе, на прыёме ў Генэральнага пракурора. Усе мяне слухалі, ківалі галовамі, а потым я атрымліваў адпіску. Калі я пісаў паўторна ці са мною сустракаліся, то мне давалі зразумець, каб я зьмірыўся, бо, даводзілі яны, дачку ж я не вярну».

За восем гадоў Леанід Якаўлевіч назьбіраў стос адказаў з розных інстанцый. Іх фармулёўкі шаблённыя і адназначныя.

«Дастатковых падстаў для вынясеньня пратэсту на вынесенае ў справе рашэньне, на жаль, Генэральная пракуратура не знаходзіць», — гаворыцца ў адным з характэрных допісаў пацярпеламу (Магілёўскі абласны суд прызнаў бацькоў забітай пацярпелымі).

У яўцы з павіннай падазраваны напісаў, што забіў жанчыну, бо яна яго зьневажала

У Леаніда Сьляпнёва няма сумневу, хто забіў яго адзінае дзіця. У сабраных ім дакумэнтах ёсьць яўка з павіннай меркаванага злачынцы — Юрыя І. Яна аформленая на пятыя суткі пасьля таго, як знайшлі Сьвятлану забітай, 10 лютага 2009 году. 24-гадовы мужчына паведаміў праваахоўнікам, што стала прычынаю забойства, як і калі яно адбылося.

Апэратыўнікам ён даводзіў, што позьнім вечарам 3 лютага пасьля расьпіваньня зь ім гарэлкі Сьвятлана ў сваім доме зьневажала яго. Гаварыла, «што ён няўдачнік» і што «яго ненавідзець», і «калі ён будзе кепска сябе паводзіць, то яна зьнішчыць яго». Упікала, што ён нідзе ня хоча працаваць.

«... Я схапіў нож і пачаў наносіць удары. Куды, сказаць не магу, бо быў увесь на эмоцыях. Потым ускочыў з ложка і дужа спужаўся», — напісана ў яўцы з павіннай.

У ёй падазраваны адзначыў, што, пакідаючы месца злачынства, ён скраў з дома забітай яе каштоўнасьці, як потым падлічыла сьледзтва, на суму больш за два мільёны (недэнамінаваных) рублёў. Нож выкінуў у цэнтры гораду, непадалёк ад кінатэатра «Радзіма». Пазьней прыладу забойства адшукаў дворнік у кантэйнэры са сьмецьцем.

У канцы прызнаньня падазраваны напісаў, «што ўва ўчыненым раскайваецца» і просіць суд улічыць яўку з павіннай, якую ён напісаў «без прымусу супрацоўнікаў міліцыі».

Падазраваны ўключыў газ, каб зьнішчыць сьляды забойства

У матэрыялах справы адзначаецца, што забітай было нанесена 41 траўма. Памерла 38-гадовая жанчына ад страты крыві. Знайшлі зьнявечанае цела на другія суткі.

Напярэдадні жанчына мелася ехаць некуды зь сяброўкамі, але на сустрэчу не прыйшла. Ёй пачалі званіць. Дзьверы ў доме ніхто не адчыняў. Выклікалі міліцыю, якая з супрацоўнікамі газавай службы ўзламала дзьверы.

Катэдж, у якім адбылося забойства
Катэдж, у якім адбылося забойства

Перад тым, як пайсьці з дому палюбоўніцы, яе забойца ўключыў газ. За два дні ён запоўніў яго і, каб не супрацоўнікі газавай службы, то выбухам было б зьнішчана ня толькі жытло забітай, але і дамы па суседзтве.

З новым мужчынам дачкі яе бацька ня быў знаёмы. Упершыню пабачыў яго на судзе. На працэсе даведаўся, што Сьвятлана пазнаёмілася зь Юрыем І. за два месяцы да забойства. Да дачкі ён прыходзіў цішком, з задняга ўваходу ў катэдж.

«Чалавек ён дасьведчаны ў праве, бо служыў ва ўнутраных войсках, канваяваў зьняволеных, а потым вучыўся ў міліцэйскім каледжы. На апошнім курсе яго з каледжа адлічылі, бо падчас разводу на дзяжурства выявілі, што ён нападпітку. Пасьля адлічэньня жыў з часовых заробкаў у Расеі. Наездамі бываў на радзіме. У адну з пабывак і пазнаёміўся са Сьвятланай», — расказаў пра падазраванага Леанід Сьляпнёў.

Як вынікае з матэрыялаў справы, у дзень забойства Юры сам напрасіўся ў госьці да палюбоўніцы. У яго былі ключы ад катэджа Сьвятланы.

Ад прызнаньня ў забойстве падазраваны адмовіўся пасьля гутаркі з адвакатамі

Паводле Сьляпнёва, апэратыўнікі дапыталі на датычнасьць да забойства блізу дзясятка знаёмых Сьвятланы. 9 лютага 2009 году ў міліцыю выклікалі і Юрыя. Як сказана ў матэрыялах справы, «для зьняцьця адбіткаў пальцаў». Міліцыянты прапанавалі мужчыну прайсьці выпрабаваньне на паліграфе. Дэтэктар і паказаў, што Юры мае дачыненьне да забойства. Была выпісаная пастанова на яго арышт. Менш, як праз суткі прызнаўся ў забойстве.

Ад прызнаньня падазраваны адмовіўся пасьля сустрэчы з адвакаткай Навасельцавай. Леаніду Сьляпнёву ўдалося займець стэнаграму яе гутаркі з падабаронным. Яна датаваная 10 лютага 2009 году. Падазраваны таксама прызнаецца адвакатцы, што забіў палюбоўніцу. Навасельцава раіць яму заявіць, што агаварыў сябе пад ціскам апэратыўнікаў. На паказаньні дэтэктара хлусьні, кажа адвакатка, ня варта зьвяртаць увагі, бо яны не разглядаюцца судом як доказ віны. Затрыманы паслухаўся і ў судзе заявіў, што не забіваў палюбоўніцу і нічога ня ведае пра забойства.

Як сказаў Сьляпнёў, у ходзе судовага разбору Навасельцава была адхіленая ад удзелу ў працэсе. Яе замяніў адвакат Аўсяйкоў, які трымаўся лініі абароны, выбранай сваёй каляжанкай. Даводзіў, што падабаронны не вінаваты.

Судзьдзя апраўдала падазраванага ў забойстве, бо сьледчыя парушалі закон

Справу разглядала судзьдзя Магілёўскага абласнога суду Сьвятлана Аксёненка. У сваім выраку яна адзначыла мноства парушэньняў, зробленых апэратыўнікамі ў ходзе расьсьледаваньня.

Затрыманьне падазраванага судзьдзя палічыла незаконным, бо яно не было належным чынам аргумэнтавана. Спасылкі сьледчых на нормы законаў былі памылковымі. «Затрыманьне адбылося на надуманай падставе», — адзначыла судзьдзя ў сваёй пастанове. Акрамя таго, яна напісала, што падазраваны ня быў дапытаны ў справе, як таго патрабуе закон.

Як вынікае з судовай пастановы, яўка з павіннай таксама была аформлена з парушэньнем закону. Яе склалі ўжо пасьля таго, як затрыманага прызналі падазраваным у забойстве.

Будынак абласнога суду. У ім судзілі абвінавачванага ў забойстве
Будынак абласнога суду. У ім судзілі абвінавачванага ў забойстве

Угледзела судзьдзя і парушэньні парадку правядзеньня сьледчымі «апэратыўных мерапрыемстваў». У пастанове згадваюцца «гутаркі» апэратыўнікаў з падазраваным, які ў судзе заявіў, што іх выкарыстоўвалі для псыхалягічнага ціску на яго, каб ён напісаў прызнаньне ў забойстве. Правядзеньне такіх гутарак законам «Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці» не прадугледжваецца, адзначыла судзьдзя. Без увагі судзьдзі засталіся і доказы, здабытыя ад падсаджаных да падазраванага ў камэру апэратыўнікаў.

«... Усе сумневы ў доказах віны маюць быць у адпаведнасьці з законам патлумачаныя на карысьць абвінавачванага», — адзначыла ў сваім выраку судзьдзя Сьвятлана Аксёненка.

22 лютага 2010 году падазраванага ў забойстве жанчыны судзьдзя апраўдала празь недаказанасьць яго ўдзелу ва ўчыненьні злачынства.

Пацярпелым Сьляпнёвым было адмоўлена ў задавальненьні грамадзянскіх пазоваў на суму 22 мільёны 50 тысяч (недэнамінаваных) рублёў.

«Я засумняваўся, што беларуская правасудзьдзе можа быць справядлівым»

Судзьдзя Сьвятлана Аксёненка цяпер на пэнсіі. Пагаварыць зь ёй пра справу дзевяцігадовай даўніны не ўдалося. У інтэрвію TUT.BY жанчына сказала, што ейны прысуд «быў разгледжаны ва ўсіх інстанцыях, пакінуты ў сіле, рэспубліканская пракуратура падтрымала». «Сапраўды, апраўдальныя прысуды выносяцца нячаста, для мяне гэта быў першы апраўдальны прысуд паводле гэтага артыкулу. Я працавала якасна, таму прысуды заставаліся ў сіле», — дадала яна.

Леанід Сьляпнёў выракам судзьдзі Аксёненкі быў агаломшаны. Сваякі ж палюбоўніка дачкі дужа радаваліся, калі пачулі апраўдальны вырак.

«Я наагул засумняваўся, што беларускае правасудзьдзе можа быць справядлівым», — кажа бацька забітай.

Дом, у якім жыве Леанід Сьляпнёў
Дом, у якім жыве Леанід Сьляпнёў

«Ачуняўшы ўсё ж вырашыў не мірыцца з беспакаранасьцю злачынцы, — дадаў ён. — Пачаў пісаць у розныя інстанцыі, нават, калі Вярхоўны суд не задаволіў пратэсту на прысуд судзьдзі Аксёненкі...».

Бацька забітай заяўляе, што падазраванаму выплацілі кампэнсацыю за час незаконнага ўтрыманьня ў няволі. Колькі — ён ня ведае.

Леанід Сьляпнёў спадзяецца, што пасьля ўмяшаньня Лукашэнкі справу аб забойстве дачкі перагледзяць, як таго вымагае закон, і забойцу пакараюць. Якога пакараньня чакае суразмоўца, удакладняць ня стаў.

Лукашэнка даў каманду расьсьледаваць гэтую крымінальную справу

1 лютага, падчас сустрэчы са старшынём Дзяржкамітэту судовых экспэртыз Андрэем Шведам, Лукашэнка сказаў, што да яго зьвярнуліся простыя людзі з Магілёўскай вобласьці, бацькі жанчыны, забітай у 2009 годзе. Ён папрасіў даслаць матэрыялы і апэратыўна вырашыў праблему.

«Я сеў і сам за суткі ўсё вывучыў. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ расьсьледаваць гэтую крымінальную справу. Нягодніка знайшлі ў Расеі, прывезьлі ў Менск. І аказалася, што ён забойца. А яго фактычна апраўдалі», — сказаў ён.

Ціхі закутак на вуліцы Крупскай, дзе адбылося забойства, якое «дапамог раскрыць» Лукашэнка
Ціхі закутак на вуліцы Крупскай, дзе адбылося забойства, якое «дапамог раскрыць» Лукашэнка

Генпракуратура паведаміла, што «пасьля завяршэньня новага папярэдняга расьсьледаваньня» вынесены ў лютым 2010 году апраўдальны прысуд Магілёўскага абласнога суду быў адменены, а крымінальная справа накіраваная на паўторны разгляд у Вярхоўны суд«.

Падазраванага ў забойстве мужчыну, паводле Леаніда Сьляпнёва, утрымліваюць у Менску, у СІЗА КДБ.

У Магілёве жыве маці затрыманага. Пагутарыць зь ёю пра сытуацыю з сынам не ўдалося. На тэлефанаваньні яна не адгукаецца.

Мянчанка, якая змагаецца за перагляд справы мужа: «Сто разоў зьвярталася да Лукашэнкі, і нічога»

Маці салдата Коржыча: «Забойства ў Магілёве за ноч раскрыў. Паглядзім, як зараз разьбярэцца»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG