Днямі йшоў міма Купалаўскага тэатру, як раптам пачуў авацыю, павярнуў са сквэру да цэнтральнага ўваходу і ўсё зразумеў, купалаўцы разьвітваліся зь Генадзем Гарбукам.
Зіма, сьнег, ганаровая варта й воплескі.
Гледзячы на гэтую сумную карціну, я прыгадаў выпадак, калі лёс зьвёў мяне з акторам Гарбукам.
На пачатку 1990-х на натурнай пляцоўцы Беларусьфільма пад Смалявічамі здымаўся мастацкі фільм «Рукапісы не гараць» пра асьветніка й філёзафа Казіміра Лышчынскага. На ролю аднаго з магнатаў беларускай шляхты быў запрошаны Генадзь Гарбук. Фільм быў гістарычны, пра няпростую эпоху ў гісторыі нашай краіны, з пагонямі, батальнымі сцэнамі, дзе былі запатрабаваныя каскадзёры.
На той час, сабраўшы апантаных аднадумцаў, мы стварылі каскадзёрскую каманду й бралі ўдзел у здымках мастацкіх стужак, што адбываліся на базе беларускай кінастудыі. Запрасілі нас і ў гэты праект. Сеўшы на коней і апрануўшы на сябе касьцюмы беларускай шляхты сямнаццатага стагодзьдзя, мы гралі атачэньне аднаго з магнатаў Вялікага княства, роля якога якраз і дасталася Генадзю Гарбуку.
Я тады глядзеў на яго, гэтаксама апранутага ў адпаведны шляхецкі строй, і думаў, як Гарбук, нават ня зьнешне, але ўнутрана адпавядае сваёй ролі беларускага шляхціча. З суворым і спакойным позіркам. Зь нетаропкімі, дакладнымі рухамі. З выпрастанай сьпінай вершкі на вараным кані. З срэбным палашом на левым баку. Доўгія вусы й адмыслова зроблены грымёрамі шнар завяршалі гэты вобраз беларускага арыстакрата.
Коней для фільма прывезьлі з конна-спартовай школы ў Ратамцы, і яны ня надта былі спрактыкаваныя для кіназдымкаў. Як трэбыло здымаць конную пагоню вакол возера, мой конь палохаўся руху, калі я даставаў шаблю з похваў. Пачынаў мітусіцца ды папсаваў не адзін кадар. Пры чарговым дублі Гарбук падышоў ды параіў:
— Калі шаблю дастаеш, то перад тым вуздэчку ўправа падцягвай, каб конь вокам сваім ня бачыў, як шаблю цягнеш з похваў.
Я зрабіў, як ён параіў і ўсё атрымалася.
Калі здымалася іншая сцэна, конь выпадкова наступіў Гарбуку на нагу. Відавочна, яму было балюча, бо рэквізытныя боты былі вырабленыя не на армейскі лад, але выглядала трохі камічна — як актор спрабаваў выцягнуць нагу з-пад капыта, і я ажно засьмяяўся. Гарбук падняў на мяне вочы і скрозь грымасу ўсьміхнуўся ў адказ:
— Конь ня д'ябал, вызвалюся, — і пашаптаўшы нешта ў вуха каню, раптам выцягнуў нагу з-пад капыта, уставіў у стрэмя й надзіва лёгка ўскочыў у сядло. Прымусіўшы мяне зноў адзначыць, які натуральны й адпаведны да дробязяў быў актор у сваёй ролі.
Праглядаючы тэксты пра ролі Генадзя Гарбука на Купалаўскай сцэне, я ўсё думаў, што яму даводзілася ўвесь час увасабляць вобразы сялян, а з галавы не выходзіў той гарбукаўскі сапраўдны беларускі шляхціц на кані, з вусамі і з палашом.
Пасьля зразумеў, у пачатку 1990-х папросту была эпоха, калі былі запатрабаваныя сапраўдныя героі. На сцэне і ў жыцьці. Было больш сумленьня, гонару, годнасьці чалавечай.
Пасьля эпоха зьмянілася, і Генадзь Гарбук больш не апранаў шляхецкіх строяў, ня браў у рукі шляхецкую зброю, не сядаў на каня. У новай эпосе Вітаўта на Купалаўскай сцэне ўвасобіў іншы Генадзь. Давыдзька. Які неўзабаве сыдзе з тэатру і ачоліць дзяржаўную тэлевізію зь яе навінамі, клюбам рэдактараў і падмётнымі фільмамі, дзе за кадрам будзе гучыць голас былога Вітаўта.
Як той казаў, якая эпоха, такія і арыстакраты.
Генадзь Гарбук сышоў пад апладысменты. Роля беларускага арыстакрата на нашых сцэнах, экранах і падмостках застаецца вакантнай.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.