Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут час спыніўся...» Жыхары васьмідзесяці кватэр у Магілёве ходзяць у прыбіральню на двор


Падфарбаваная прыбіральня
Падфарбаваная прыбіральня

«Увечары — у вядро, а ўдзень выносім», — так кажуць пра сваё жыцьцё з прыбіральняй у двары жыхары двух магілёўскіх дамоў. Збудаванай на пачатку 1950-х гадоў цаглянай прыбіральняй карыстаюцца ня менш як дзьвесьце чалавек. Побач зьліваюць вадкія адкіды ў адмысловы рэзэрвуар. Узімку, як мароз, смуроду ад прыбіральні не чуваць, а ўлетку ад яго ратуюцца хлёркай.

Ад смуроду ажно вочы рэжа і сьлёзы цякуць

Гэта дамы № 25 і 27 на вуліцы Вавілава. Да цэнтру гораду адсюль пешай хады пятнаццаць хвілін. Да ўнівэрсытэту імя Куляшова, у якім вучыўся Аляксандар Лукашэнка, — менш за дзесяць. Апошнія два дзясяткі гадоў абяцаюць, што дамы або пойдуць пад знос, або іх паставяць на капітальны рамонт. У такім чаканьні людзі і жывуць.

З выгодаў цывілізацыі тут газ, халодная вада ды цэнтральнае ацяпленьне. Каналізацыі няма. Паводле жыхароў, прыбіральню збудавалі ў 1954 годзе.

Пасьля ночы ў прыбіральню зь вядром
Пасьля ночы ў прыбіральню зь вядром

«У прыбіральню страшна заходзіць, раптам яна разваліцца», — паказвае трэшчыну адзін з карыстальнікаў.

«Як дождж, дык усё там плыве, нібы пад сітам сядзіш, — дапаўняе іншы суразмоўнік. — Заходзіш, дык ад смуроду ажно вочы рэжа і сьлёзы цякуць. Тут жа дзеці малыя, а ад прыбіральні яны мала якой пошасьці могуць набрацца...»

«Сюды турыстаў прыводзіць ды паказваць, як жыць нельга»

Паводле суразмоўцаў, пра стан прыбіральні жыхары дамоў ня раз пісалі гарадзкім і раённым уладам, выкладвалі фота ў інтэрнэт, але ўсё дарма.

«Адзінае, што прыбіральню троху падфарбавалі, і яна выглядае цяпер весялейшай. Хлёрку сыплюць часьцей улетку, каб смурод зьбіць, але ён усё роўна стаіць», — сказала карэспандэнту Свабоды адна з жыхарак.

Зьліў для памыяў каля прыбіральні
Зьліў для памыяў каля прыбіральні

«Да лямпачкі мы ўладам, — кажа яшчэ адзін суразмоўнік. — Тут нібы час спыніўся. Ужо і чалавек у космас паляцеў, і мабільныя тэлефоны, і такія высоткі выбудоўваюць, а тут прыбіральня, як у 19 стагодзьдзі. Сюды б турыстаў прыводзіць ды паказваць, як жыць нельга».

Мала смуроду, дык прыбіральню яшчэ абжылі пацукі

У двух дамах восемдзесят аднапакаёвых кватэр. Як кажуць жыхары, на кватэру прыпадае ад аднаго да трох чалавек.

«Уначы хто ў гэтую прыбіральню пойдзе?» — рэагуе на пытаньне жанчына зь вядром. Яна жыве з двума дзецьмі ў кватэры агульнай плошчай 19 квадратных мэтраў.

У прыбіральню ў шортах, як дома
У прыбіральню ў шортах, як дома

«У гэтую прыбіральню ўдзень страшна хадзіць, — працягвае яна. — Мала смуроду, дык тут пацукі абжыліся. Таму дома ў нас вядро на ноч. А што да цывілізаванага выйсьця, дык варта зьнесьці і прыбіральню, і гэтыя дамы разам зь ёю...»

ЖЭУ: прыбіральню падфарбавалі. Рамонт не прадугледжваецца

Некаторыя з жыхароў выгарадзілі прыбіральні ў сябе ў кватэрках. Кажуць, што ў такім жытле «не разьвярнуцца».

«Але мы пазбавілі сябе рэгулярнага хаджэньня на двор і адчуваньня зьнявагі. Вядома ж, так зь людзьмі нельга. Улада ж знайшла грошы на трыюмфальную арку», — з сарказмам заўважыла жанчына, якая зрабіла сабе такое ўдасканаленьне.

Адзін з дамоў на Вавілава, жыхары якога ходзяць у прыбіральню на двор
Адзін з дамоў на Вавілава, жыхары якога ходзяць у прыбіральню на двор

У жыльлёва-эксплютацыйным упраўленьні № 5 сказалі, што рамонт дамоў №№ 25 і 27 па вуліцы Вавілава эканамічна немэтазгодны. Пра іх знос таксама не чуваць. Не плянуецца і рамонт прыбіральні.

Супрацоўнік ЖЭУ прыгадаў, што летась прыбіральню пафарбавалі, і дадаў: «Калі ёсьць патрэба ў дробным рамонце, то зробім яго сваімі сіламі. А на большае сродкаў няма, таму што рамонт прыбіральняў бюджэтам не прадугледжваецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG