Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэлфі зь Ярмошынай і «беларуская апазыцыя» як выспа, якой даўно няма


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Мірныя перамены ідуць», — завяршае свой допіс у фэйсбуку Тацяна Караткевіч.

Нагода для высновы: «Галава ЦВК Лідзія Ярмошына прыйшла на пасольскі прыём, прымеркаваны да Новага Году, на якім прысутнічала амаль уся апазыцыя. Пры гэтым ніхто не скандаліў, ня біўся. Нават фоты рабілі (зь Ярмошынай – СК) і дзяліліся імі ў сваёй стужцы».

Найбольш абмеркаванае ў фэйсбуку фота зь Ярмошынай — у Юрася Губарэвіча, які прадстаўляе «Рух за Свабоду». «Штрэйкбрэхер», «ніякая мэта ня можа апраўдаць сродкі», «сэлфі са злачынцам», «саўдзельнікі па фальсыфікацыі выбараў»… Вось некаторыя камэнтары да здымка.

Але, на мой погляд, самае галоўнае ў допісе Тацяны Караткевіч — фраза, лічы што па Фройду: «Прысутнічала амаль уся апазыцыя». На прыёме, то бок, на фуршэце. Амаль уся. Хтосьці не пад'ехаў, але збольшага ўсе.

Я неяк глядзеў навукова-папулярную перадачу пра загадку з птушыным выраем, які штогод ляцеў на зімоўку дзіўным маршрутам. Спачатку птушкі ідуць далёка над акіянам, там у пэўным месцы рэзка разварочваюцца і рушаць далей – на месца дысьлякацыі. Вучоныя доўга не маглі разгадаць сэнс манэўра, пакуль ня высьветлілі, што дзесяць тысяч гадоў таму на месцы развароту птушак была выспа.

Птушкі там адпачывалі і ляцелі далей. Выспа зьнікла пад вадой, а маршрут застаўся нязьменным. І цяпер птушкі ня толькі не адпачываюць, а выдаткоўваюць лішнія сілы на падарожжа.

Гісторыя птушак і выспы нагадвае гісторыю начыненьня сэнсамі словазлучэньня «беларуская апазыцыя». Спачатку была парлямэнцкая апазыцыя ў Вярхоўным Савеце — выспа. Пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 утварылася вулічная апазыцыя — выспа пачала зьнікаць. Калі вулічныя акцыі зьменшыліся да мінімуму, засталася апазыцыя на ўзроўні дысыдэнцтва — выспа зьнікла.

Але па старой звычцы і СМІ, і ўлада і тым больш людзі на кухнях працягвалі ўжываць выраз «беларуская апазыцыя», гаворачы як пра штосьці рэальнае.

Колькі разоў даводзілася тлумачыць незнаёмым людзям падчас выпадковых сустрэч што «беларуская апазыцыя» — гэта не арганізацыя. Што дэ-факта «апазыцыя» — гэта ўсе незадаволеныя ўладай людзі. Мне ня верылі, называлі вядомыя з 1990-х імёны тагачасных палітычных дзеячоў. Кажу, маўляў, было, а цяпер няма. Людзі ёсьць, а апазыцыі няма. Бо апазыцыя — гэта структураваная супольнасьць. «Ну як жа, вось жа партыі зарэгістраваныя ёсьць», — працягвалі мае суразмоўцы свой птушыны палёт да зьніклай выспы.

Замест выспы цяпер ёсьць клюб, які можна сабраць на адзін фуршэт. Уваходныя ўмовы ў абранае кола: вядомы на Захадзе як «апазыцыянэр». Не ўяўляе небясьпекі для ўлады, дамаўляльны.

Інтарэс «апазыцыянэра» таксама зьвязаны з Захадам — мірныя перамены, дыялёг з уладай, заведамая адсутнасьць небясьпекі для сябе.

Усё разам — «мірныя перамены».

У «клюбе» вельмі розныя людзі. Магчыма, хтосьці зь іх яшчэ стрэліць як палітык. Але падобнае разьвіцьцё падзеяў будзе зьвязанае з індывідуальнымі здольнасьцямі, а ня з клюбам.

Магчыма, гэтым патэнцыйным у будучыні рэальным палітыкам сёньня дзеля тактычных мэтаў трэба ня толькі публічна паціскаць руку Ярмошынай, але выкладаць супольныя зь ёю здымкі. З асобай-сымбалем падману і зьдзеку з дэмакратычных каштоўнасьцяў. Ня проста з функцыянэрам, а з цынікам, якая праславілася парадай жанчынам «варыць боршч», а ня ўдзельнічаць у палітычным працэсе.

Калісьці ў 1996-м годзе газэта «Наша Ніва» апублікавала здымак вядомай на той час журналісткі з Аляксандрам Лукашэнкам. Калі падчас адной з прэсавых канфэрэнцый у Лукашэнкі запыталіся што за здымак, Лукашэнка адказаў: «Журналіста можна сфатаграфаваць з кім заўгодна».

Ці быў то жарт ці агаворка, у кожным разе сёньняшнім сябрам клюбу «былая выспа Апазыцыя» вельмі пашанцуе, калі яны ў будучыні змогуць пракамэнтаваць свае сэлфі зь Ярмошынай: маўляў, палітыка можна сфатаграфаваць з кім заўгодна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG