У 2015 годзе суд прызнаў «бугальтара Асьвенціма» саўдзельнікам забойстваў 300 тысяч чалавек у нацысцкім лягеры падчас Другой сусьветнай вайны і прысудзіў яму чатыры гады турмы. Тады Грэнінг на працэсе прызнаў маральную віну, але аспрэчыў прысуд. У канцы лістапада мінулага году стала вядома, што Вярхоўны суд Нямеччыны адхіліў яго апэляцыю. Пададзенае 15 студзеня прашэньне аб памілаваньні было апошняй магчымасьцю для былога афіцэра СС пазьбегнуць пакараньня.
Грэнінг служыў у Асьвенціме ў 1942–1944 гадах. Ён зьбіраў грошы і каштоўнасьці забітых вязьняў. Пасьля вайны Грэнінг не хаваў сваё дачыненьне да працы ў канцлягеры і крытыкаваў адмаўленьне Галакосту.
З 1977 году былы «бугальтар Асьвенціма» знаходзіўся пад сьледзтвам. У 2014 годзе на судзе ён заявіў, што ня меў дачыненьня да забойстваў вязьняў, а нёс адказнасьць толькі за захаванасьць іх рэчаў для наступнай адпраўкі ў Бэрлін.