Справа Барановіча перададзеная ў суд, яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня, паведаміў прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.
Як удалося высьветліць, чалавек, пра якога расказалі ў Сьледчым камітэце, гэта менчук Сьвятаслаў Барановіч, вядомы таксама як удзельнік Плошчы-2010, якога судзілі адным з апошніх за ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць несумленных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Восеньню 2011 году Святаслава Барановіча асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.
Сьвятаслаў Барановіч: «Не такія мы злачынцы, каб нас у турмы садзіць»
З кастрычніка 2017 году Сьвятаслаў Барановіч знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, паведаміла карэспандэнту Свабоды ягоная сястра Натальля.
«Брат быў затрыманы ў кастрычніку. Проста зьнік, перастаў званіць, я пачала шукаць і знайшлі яго ўжо на „Валадарцы“. Сядзіць там ужо трэці месяц, зь іх адзін месяц быў у „Навінках“ на экспэртызе. У якім ён стане, мне дакладна невядома, бо за гэты час спатканьняў не давалі. Адвакат кажа, што ня скардзіцца. Таксама ведаю, што ягоная справа ўжо перададзеная ў суд», — распавяла Натальля.
Паводле Натальлі, яе брат Святаслаў Барановіч прызнае сваю віну.
«Там на відэа сапраўды гэта відаць. Цяпер яму пагражае рэальны тэрмін, але мы ўсе спадзяёмся на лепшае», — сказала Натальля.
Святаслаў Барановіч — прадпрымальнік, займаецца будаўнічым бізнэсам. «Пакуль ягоная фірма не працуе, няма каму ёй кіраваць», — зазначыла сястра Барановіча Натальля.
15 сакавіка пасьля «Маршу недармаедаў» сілавікі спрабавалі затрымаць групу анархістаў у масках, калі тыя садзіліся ў тралейбус, каб зьехаць зь месца правядзеньня акцыі. Узьнікла бойка, пасьля якой на іншых прыпынках некаторых удзельнікаў бойкі міліцыя затрымала, ім былі прысуджаныя адміністрацыйныя арышты. У інтэрнэт трапіла відэа, зьнятае падчас бойкі. Цяпер сьледчыя сьцьвярджаюць, што зьняты на ім чалавек у чырвонай куртцы, які ўжывае сілу ў дачыненьні міліцыянтаў у цывільным, — гэта Сьвятаслаў Барановіч.