У польскім горадзе Асьвенціме праходзіць судовы працэс у справе аб апаганьваньні месца памяці. Судзяць удзельнікаў пэрформансу, сярод якіх ёсьць і грамадзяне Беларусі. Свабода сабрала 12 правакацыйных палітычных пэрформансаў, што ладзіліся ў Беларусі ў апошнія 20 гадоў.
Журналісты ў турэмных робах, зашыты рот паэта Славаміра Адамовіча, труна ў тралейбусе, лялькі ў горадзе, аголеныя дзяўчаты каля КДБ, цацачны плюшавы дэсант, маўклівыя пратэсты пад воплескі на плошчах — падрабязнасьці ніжэй.
1. Няўлоўны Мірон
У 1995 годзе ў Беларусі зьявіўся легендарны «Мірон»: на коміне мясцовай кацельні ў Лёзьне быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. З тае пары нацыянальныя сьцягі ў цяжкадаступных месцах — на будынках, мастах, лініях электраперадачы — пачалі зьяўляцца рэгулярна. Часам «Мірон» чапляе да сьцягоў цыдулкі з натхняльнымі тэкстамі, часам зьяўляюцца толькі сьцягі. Зьняць іх заўжды вельмі няпроста: найчасьцей ужываюць спэцтэхніку або выклікаюць адмыслоўцаў з МНС. Таму сьцягі вісяць досыць доўга, а потым іх здымаюць на вачах у дзесяткаў цікаўных мінакоў.
Міліцыі так і не ўдалося высьветліць, хто робіць такія пэрформансы, таму «Мірон» дагэтуль застаецца легендай.
2. Журналісты ў турэмных робах
30 жніўня 1997 году трынаццаць журналістаў, апранутых у турэмныя робы, несьлі імправізаваныя краты на плошчу Бангалёр. Акцыя праводзілася на знак салідарнасьці з карэспандэнтам ОНТ Паўлам Шараметам і апэратарам Зьмітром Завадзкім, якія на той час былі ў зьняволеньні. На плошчы Бангалёр сабралася каля трох тысяч чалавек. На мітынгу выступалі толькі журналісты — палітыкам не далі слова. Пазьней журналісты хадзілі з рукамі за галавой каля будынку КДБ — таксама пратэставалі супраць арышту калегаў Шарамета і Завадзкага.
3. Паэт Славамір Адамовіч зашыў сабе рот
На гэтай жа акцыі 30 жніўня 1997 году на плошчы Бангалор паэт Славамір Адамовіч дастаў з кішэні голку зь ніткай і зашыў сабе рот на вачах агаломшанай публікі. Перад гэтым, у лістападзе 1995-га, Славамір Адамовіч напісаў верш «Убей президента!», за які быў арыштаваны. Праз 10 месяцаў яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Славамір Адамовіч кажа, што форму пратэсту ён вынес менавіта з турмы:
«Там я пачуў пра гэта і сказаў сабе, што, на жаль, на волі, напэўна ж, гэта давядзецца скарыстаць. Акт зашываньня рота, як і лёзунг „Ня вер, ня бойся, не прасі“, нарадзіў яшчэ ў 1939-я гады вялікі кантынгент савецкіх палітычных зьняволеных у якасьці, я сказаў бы, духоўнага акту супраціву».
А моладзевыя актывісты крыху пазьней правялі акцыю непадалёк ад першага «Макдональдса». Яны стаялі, трымаючы партрэты Славаміра Адамовіча з зашытым ротам і надпісам: «Ён ня есьць гамбургеры».
4. «Падарунак прэзыдэнту» — вазок з гноем
21 ліпеня 1999 году, калі скончыліся першыя пяць гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, мастак Алесь Пушкін прывёз да адміністрацыі прэзыдэнта зь мястэчка Бабра вазок гною зь віламі, а яшчэ там быў плякат з партрэтам кіраўніка краіны і лёзунгам «Аляксандар Лукашэнка — з народам», шыльдачка з надпісам «За пяцігадовую плённую працу», купюра ў адну тысячу тагачасных рублёў, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 году, кайданкі, чырвона-зялёны сьцяг і керамічны герб. Калі да дзьвярэй рэзыдэнцыі заставалася некалькі мэтраў, яго спынілі. Пушкін вываліў зьмесьціва вазка на плітку, паклаў зьверху плякат і праткнуў усё гэта віламі. Яго затрымалі.
Алесь Пушкін быў зьвінавачаны ў злосным хуліганстве і пакараны двума гадамі зьняволеньня ўмоўна. Пра той пэрформанс мастак выказваецца так:
«Ён для мяне, хутчэй, учынак, хэпэнінг мастака і творчага інтэлігента, які быў ня згодны з палітыкай нашай дзяржавы. Можа, пройдзе час, і з гонарам змагу прызнацца, што былі й сярод беларускай інтэлігенцыі людзі, якія адкрыта і проста выступілі ў 1999 годзе супраць узурпацыі ўлады адным чалавекам».
5. «Культ асобы» — сэрыя пэрформансаў літаратара Зьмітра Вішнёва
Падчас адной зь іх Зьміцер Вішнёў, а таксама паэты Віктар Жыбуль і Дзьмітры Серабракоў набылі ў пахавальным бюро труну і ад станцыі мэтро Пушкінская везьлі яе да праспэкта Скарыны ў тралейбусе № 13. Труну на руках даставілі ў Дом літаратара. За гэта Саюз пісьменьнікаў звольніў свайго кансультанта Вішнёва. Праз два тыдні Вішнёва ў труне вынесьлі да Палаца мастацтваў, дзе праходзіў Міжнародны фэстываль пэрформансу «Навінкі».
6. Сяргей Каваленка павесіў наверсе 35-мэтровай яліны бел-чырвона-белы сьцяг
7 студзеня 2010 году сябра партыі КХП-БНФ Сяргей Каваленка ў цэнтры Віцебску вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй яліне вышынёй 35 мэтраў. Пасьля інцыдэнту ён быў арыштаваны і асуджаны на тры гады ўмоўнага пакараньня. Суд над Каваленкам выклікаў вялікі розгалас, праваабаронцы сьведчылі пра палітычны характар працэсу над актывістам. Падчас працэсу Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг і над будынкам Кастрычніцкага раённага суду Віцебску.
7. Маўклівыя пратэсты і воплескі на Кастрычніцкай плошчы
Сэрыя грамадзянскіх акцыяў пратэсту ў Беларусі адбылася летам 2011 году. Яны былі выкліканыя вострым эканамічным крызісам і масавымі рэпрэсіямі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Акцыі праходзілі з чэрвеня па жнівень 2011 году па серадах. Пра час і месца збору людзі даведваліся праз сацыяльныя сеткі. Пасьля правядзеньня першых акцый праваахоўныя органы пачалі жорстка душыць «маўклівыя пратэсты». Маўклівыя акцыі адбываліся ня толькі ў сталіцы, але і ў шмат якіх яшчэ гарадах Беларусі.
8. Аголеная акцыя Femen каля КДБ
19 сьнежня 2011 году актывісткі руху Femen правялі акцыю з нагоды першай гадавіны Плошчы-2010. Аголеныя дзяўчаты разгарнулі плякаты «Свабоду палітычным вязьням» і «Жыве Беларусь!» каля будынка КДБ у Менску. Дзяўчаты мелі намаляваныя на твары вусы, у адной зь іх на сьпіне быў намаляваны Лукашэнка.
Потым з будынка КДБ выбегла ахова і спачатку затрымала відэаапэратара «Нашай Нівы» Тацяну Гаўрыльчык, незалежнага фатографа Юлію Дарашкевіч і яшчэ адну журналістку, імя якой пакуль невядома. Удзельніц акцыі таксама жорстка затрымалі, зьбілі і вывезьлі ў невядомым кірунку. Потым іх выкінулі каля вёскі Бекі, што ў Гомельскай вобласьці.
9. Плюшавы дэсант з цацачнымі мядзьведзікамі
4 ліпеня 2012 году лёгкаматорны швэдзкі самалёт вылецеў з аэрадрому ў Пацюнах (Летува, Ковенскі раён), перасек літоўска-беларускую мяжу ў раёне Дзевянішак, праляцеў над Івянцом і, па некаторых меркаваньнях, лётаў нават над Менскам. Пілёты спачатку меліся скінуць цацкі на рэзыдэнцыю прэзыдэнта Беларусі, але ўрэшце збаяліся гэта рабіць і над Івянцом скінулі пакеты з парашутамі, да якіх былі прывязаныя цацкі — плюшавыя мядзьведзікі з улёткамі, якія заклікалі да выкананьня свабоды слова ў Беларусі.
Пасьля акцыі пацярпеў фотажурналіст Антон Сурапін, які здымаў цацкі — больш за месяц ён правёў у СІЗА КДБ Беларусі па абвінавачаньні ў тым, што нібыта дапамагаў арганізатарам «плюшавага дэсанту» нелегальна трапіць у краіну. Пазьней абвінавачаньні зь яго зьнялі, і фатограф адсудзіў у дзяржавы 8 мільёнаў кампэнсацыі за адседку.
Пасьля акцыі беларуска-швэдзкія стасункі пагоршыліся, з краіны быў высланы амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан.
10. Праект з кубікамі «Прыватны манумэнт»
У кастрычніку 2012 году мастак Міхаіл Гулін ажыцьцявіў праект «Прыватны дакумэнт». Мастак хадзіў па Менску з каляровымі кубікамі і паралелепіпэдамі і складаў зь іх розныя фігуры. Свой пэрформанс мастак зладзіў на плошчы Калініна, потым на плошчы Якуба Коласа. А вось на Кастрычніцкай плошчы яго затрымалі разам з валянтэрамі і адвезьлі ў міліцыю. Пазьней Гуліна звольнілі з БНТУ, палічыўшы ягоны праект палітычным. А вось суд Гуліна апраўдаў.
11. Павал Вінаградаў зь лялькамі
У 2012 годзе ў розных раёнах Менску грамадзкі актывіст Павал Вінаградаў выстаўляў лялек з плякатамі. Так, у менскім мікрараёне «Ўсход» побач з праспэктам Незалежнасьці і непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі прайшла акцыя лялек, якія трымалі ў руках плякаты з наступнымі тэкстамі:
- «Лшиь 1% балеусров знаиамют актвиуню гарджанксую поцизию»
- «Ншаи дпиолмы о выесшм орбавзоании не пизранются за гранцией»
- «Рбуль за год пдошевеел в три рзаа»
- «Мнгоие берлаусы уежазют за гнраицу на зрабатоки»
- «Ншаи рулби не пирнмиают за гарнцией»
- «Буылтка вокди девешле киолгармма мсяа»
- «Кое-кто у рлуя уже 18 лет»
- «12 гарджан Берласуи сиядт в тюмьрах за то, что им не нвриатся десйвтущюий перзиндет»
12. Партрэты міністраў на плякатах і сьценах — пасьля «дармаедзкага» дэкрэту № 3
У сакавіку 2017 году ў Менску на вуліцы Карла Маркса зьявіўся насьценны партрэт з выявай Марыяны Шчоткінай і надпісам «Гэта я аўтар падатку для беспрацоўных». Атрымалася пародыя на сэрыю сацыяльных білбордаў «Гэта я», дзе можна ўбачыць партрэты людзей, якія жывуць у Менску, з кароткім апісаньнем таго, чым яны займаюцца. Зьявіліся таксама партрэты Міхаіла Мясьніковіча, міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча ў форме НКВД, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч ды іншых.