Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычная, экалягічная, «футбольная»: як выглядаюць навагоднія ялінкі ў рэгіёнах Беларусі. ФОТА


Блізяцца калядныя і навагоднія сьвяты, і беларускія гарады ды мястэчкі набываюць традыцыйнае сэзоннае аздабленьне. Свабода пацікавілася, чым сёлета вылучаюцца галоўныя ёлкі ў абласных цэнтрах Беларусі.

Глядзіце таксама: Навагоднія ялінкі ў Менску і ў суседніх сталіцах

Берасьце: у гонар 1000-годзьдзя гораду

Сёлетняя галоўная ялінка Берасьця нагадвае пра тое, што ў 2019 годзе афіцыйна будзе адзначацца 1000-годзьдзе гораду.

Праўда, некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што Берасьцю споўнілася тысяча гадоў якраз сёлета, у 2017-м. Так ці інакш, калі раней на берасьцейскай ялінцы віселі традыцыйныя шары, то цяпер яе аздабляюць сьвятлодыёдныя ўпрыгажэньні ў выглядзе сымболікі 1000-годзьдзя гораду — лук са стралой з гербу.

Упершыню за доўгія гады сёлетняя галоўная калядная ялінка ў Берасьці — штучная. Уяўляе сабою мэталічную канструкцыю вышынёю 22 мэтры. Маскіруецца каркас з мэталу яловымі галінамі. Пасьля ўпрыгожваньня тэлескапічнаю канструкцыю амаль немагчыма адрозьніць ад сапраўднай ялінкі.

Сьвяточнае адкрыцьцё галоўнай ялінкі ў абласным цэнтры адбудзецца 23 сьнежня. Тады сымболіка на ялінцы зазьзяе на ўсе сьвятлодыёды.

Віцебск: ялінка за 50 тысяч даляраў і пад аховай міліцыі

Навагодняя ялінка ў Віцебску — гэта, уласна кажучы, зусім ня дрэва, а мэталічная канструкцыя, якую пачынаюць зьбіраць за месяц да Калядаў. Сёлета зборка навагодняга сымбаля на плошчы Перамогі распачалася 21 лістапада.

Канструкцыя ўяўляе сабой мэталічны каркас з адмысловымі адтулінамі — у іх устаўляюць 270 жывых дрэўцаў. Агульная вышыня сабранай «ялінкі» — 35 мэтраў.

Раней галоўнай гарадзкой ялінкай лічылася тая, якую ставілі на плошчы Свабоды. З 2009 году сьвяткаваньні перанесьлі на адрэстаўраваную к таму часу плошчу Перамогі. У тым самым годзе закупілі і мэталічны каркас, абвясьціўшы, што віцебская ёлка будзе самай высокай у Беларусі.

7 студзеня 2010 году гэтую вышыню «скарыў» віцебскі сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка — ён узьняўся на 35-мэтровую вышыню і на вершаліне, побач з зоркай, умацаваў бел-чырвона-белы сьцяг. Каваленка быў затрыманы і ўрэшце зьняволены на 2 гады і 1 месяц калёніі. Падзеі, зьвязаныя зь імем апазыцыянэра, дагэтуль маюць у горадзе пэўныя наступствы: галоўны навагодні сымбаль Віцебску ахоўвае міліцэйскі патруль.

Навагодняя ялінка штогод каштуе бюджэту больш як 50 тысяч даляраў — гэтая сума складаецца з выдаткаў на ўстаноўку і разьбіраньне канструкцыі, высяканьне елак і сьвяточную ілюмінацыю. Яе запальваюць зазвычай 22-23 сьнежня, па сканчэньні параду дзедаў Марозаў, і менавіта выдаткі на «лямпачкі і гірлянды» — самыя значныя.

Гомель: самая незвычайная ялінка ня ў цэнтры

Галоўная навагодняя ялінка Гомля, усталяваная на плошчы Леніна, мае вышыню 31,3 мэтра. Яна нават вышэйшая за фасад суседняга драмтэатру, але меншая, чым 14-павярховы будынак «Гомельаблтэлекаму».

Галоўная ялінка на цэнтральнай плошчы Гомлі
Галоўная ялінка на цэнтральнай плошчы Гомлі

Дрэва штучнае, складаецца з мэталічных трубаў рознага дыямэтру, якія ўяўляюць сабою ствол. Часткі «ствала» скручваюцца трывалымі шрубамі, мацуюцца стальнымі вэртыкальнымі тросамі да спэцыяльных крукоў у важкіх бэтонных блёках, пастаўленых вакол ствала на асфальце.

На канструкцыю надзетыя мэталічныя абручы рознага дыямэтру, якія ўтвараюць конус. Да абручоў прымацаваныя штучныя яловыя галінкі, зь якіх спадаюць уніз рознакаляровыя сьветлавыя гірлянды. «Яліну» супрацоўнікі гарадзкога спэцыялізаванага аўтапрадпрыемства па ўтрыманьні дарог мантавалі больш за тыдзень, а 14 сьнежня надвячоркам спэцыялісты прадпрыемства «Гомельгарсьвятло» ўключылі ілюмінацыю. Побач устанавілі сьветлавыя лічбы «2018», а таксама знакі задыяку ды казачны гарадок для дзяцей.

Уся плошча аточана чырвона-зялёнымі гірляндамі электраагнёў — пад колер афіцыйнага дзяржаўнага сьцяга.

Аднак самай арыгінальнай ялінкай Гомля можна лічыць тую, што паставілі ў Навабеліцкім раёне гораду каля месца адпачынку «Сажалкі».

Арыгінальная ялінка ў Навабеліцы
Арыгінальная ялінка ў Навабеліцы

Здалёк яна нагадвае жывое дрэва — той жа зялёны конус з гірляндамі агнёў. Калі наблізіцца, відаць, што зялёны ўбор — гэта штучнае пакрыцьцё для футбольнага стадыёну ці тэніснага корту. Дзесяць конусаў такога пакрыцьця рознага дыямэтру, прымацаваных да каркаса, і ўтвараюць «плюшавую» навагоднюю ялінку..

Магілёў: для навагодніх імпрэзаў зьмянілі традыцыйнае месца

На Магілёўшчыне самая высокая ялінка — у абласным цэнтры на плошчы Леніна. Яе вышыня сягае 37 мэтраў. Каркас яе мэталічны. Канструкцыя запоўненая 130 маладымі елачкамі, якія ствараюць сілуэт навагодняга сымбаля.

Ставілі і ўпрыгожвалі ялінку на працягу трох дзён чатыры камунальныя арганізацыі з арандаванай у пажарнікаў вышкай.

Упрыгожылі галоўную магілёўскую абласную ялінку сьціпла
Упрыгожылі галоўную магілёўскую абласную ялінку сьціпла

Пасьля таго, як у 2014 годзе ялінка перад помнікам Леніна загарэлася (прычынай — кароткае замыканьне ілюмінацыі), упрыгожваць яе сталі сьціпла. Цяпер на ёй сьняжынкі, сэрцайкі з назвамі райцэнтраў па-расейску ды каскады агеньчыкаў. У папярэднія гады галоўную навагоднюю ялінку вобласьці ахоўваў міліцэйскі пост. Сёлета міліцыянтаў ля яе не відаць.

Выглядае ялінка перад будынкам аблвыканкам самотна. Ля яе няма звыклых коўзанак ды сцэны.

Упершыню за многія дзесяцігодзьдзі афіцыйныя навагоднія імпрэзы ў горадзе пройдуць на пляцы перад ратушай. Тут стаіць галоўная ялінка гораду. Яе вышыня блізу 25 мэтраў. Яна штучная. З упрыгажэньняў каляровыя шары, гірлянды з агеньчыкамі. На верхавінцы зорка зь непрапарцыйнымі прамянямі.

«Галоўная» гарадзкая ялінка Магілёва на пляцы перад ратушай
«Галоўная» гарадзкая ялінка Магілёва на пляцы перад ратушай

Перанос навагодніх імпрэзаў з плошчы Леніна да ратушы тлумачыцца меркаваньнямі бясьпекі.

«Інтэнсіўны паток транспарту па праспэкце Міру і па вуліцы Першамайскай патрабаваў узмоцненых захадаў правапарадку падчас правядзеньня мерапрыемства», — перадаюць мясцовыя мэдыя.

Горадня: мэталёвы каркас і некандыцыйныя ялінкі

Галоўная горадзенская ялінка стаіць на плошчы Леніна, побач з будынкамі гар- і аблвыканкамаў, насупраць помніка Леніну.

Вышыня галоўнай ялінкі вобласьці сёлета перасягнула 30 мэтраў. Яна лічыцца экалягічнай, паколькі сабраная на мэталёвым каркасе з 200 жывых елак вышынёй ад 2 да 4 мэтраў. Прычым улады сьцьвярджаюць, што ўсе гэтыя елкі зьяўляюцца некандыцыяй.

Сёлета ў Горадні падчас навагодніх сьвятаў плянуюць запаліць амаль 7 кілямэтраў розных гірляндаў. Абяцаюць і «зорнае неба», якое прамянямі мае разыходзіцца ад ялінкі.

Усяго на звычайных месцах у Горадні ўстанавілі 11 ялінак, зь якіх толькі тры жывыя і не складаюцца з частак: у мікрараёнах Альшанка, Фабрычны і на Фолюшы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG