У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі».
Прапануем апошні фрагмэнт з кнігі.
У сьнежні 92-га мы былі вымушаныя працягваць працу ў Вярхоўным Савеце, тым больш што парлямэнт нарэшце прыступіў да абмеркаваньня вайсковых пытаньняў.
Але гэта быў і час асэнсаваньня — што ж прычынілася да таго, што рэфэрэндум не адбыўся.
Пазыцыя Шушкевіча была фатальнай
Ініцыятыўная група спрацавала і ў арганізацыйным, і ў прававым сэнсе бездакорна, дэпутаты Апазыцыі БНФ прыклалі ўсе намаганьні — і на сустрэчах з грамадзянамі, і ў прэсе, і ў Авальнай залі — каб рэфэрэндум адбыўся.
Фатальнай для лёсу рэфэрэндуму, на маю думку, была пазыцыя старшыні Вярхоўнага Савету, які, па-першае, мог уласным рашэньнем ініцыяваць рэфэрэндум, па-другое, пасьля збору патрэбнай колькасьці подпісаў мог (і мусіў) не спыняць сэсію, якая павінна была б ужо ў траўні прызначыць рэфэрэндум, па-трэцяе, не цягнуць з прызначэньнем сэсіі да кастрычніка. Ня кажучы ўжо пра тое, што ўсе дзесяць месяцаў 1992-га Станіслаў Шушкевіч актыўна выступаў супраць ідэі рэфэрэндуму і датэрміновых выбараў.
Ці маглі мы прагназаваць такія паводзіны Шушкевіча? У нас не было ілюзіяў наконт ягоных паводзінаў (хапала досьведу красавіцкіх страйкаў 1991-га, дзе ён стаў на бок камуністычнай намэнклятуры), але тое, што ён будзе ігнараваць меркаваньне як мінімум 350 тысяч грамадзян — прызнаюся, гэтага спрагназаваць мы не маглі.
Пазьняк: “Час зьмяніўся, адчуваліся стомленасьць і заспакоенасьць”
Ёсьць і яшчэ адна прычына, зусім ня другасная — актыўнасьць грамадзтва ў канцы 1992-га была значна меншай, чым у пачатку году.
«Грамадзтва на тым этапе разьвіцьця пасьля савецкага экспэрымэнту яшчэ ня ў стане было шырока выступаць супраць беззаконьня ў падтрымку рэфэрэндуму у адкрытым дзеяньні. Лягчэй было проста паставіць подпіс «за», але не змагацца, не рызыкаваць нічым», — лічыць Зянон Пазьняк.
Безумоўна: калі б на плошчы перад Домам ураду было ня некалькі тысяч чалавек, а хаця б 30-50 тысяч — рашэньне Вярхоўнага Савету было б іншым.
У значнай ступені адказнасьць за тое, што адбылося, ляжыць і на грамадзтве, якое ў крытычныя часы ўсё ж павінна выяўляць палітычную актыўнасьць. Гэтая актыўнасьць была намі правільна ацэненая ў канцы 1991-га — пачатку 1992-га, калі яна была высокая. Але Шушкевіч зацягнуў з прызначэньнем сэсіі, а празь дзесяць месяцаў людзі былі стомленыя эканамічнымі цяжкасьцямі, клопатам аб выжываньні, і мы ўжо папросту не маглі сабраць на плошчы тую колькасьць, якую зьбіралі год перад тым.
Як прыгадвае Зянон Пазьняк, «адзінай нашай зброяй стала вуліца. На гэта разьлічвалі. Вуліца нас і падвяла. Час зьмяніўся. Пасьля ўпадку камунізму людзі супакоіліся, вырашылі, што справа ўжо зробленая. Актыўнасьць пратэстаў зьменшылася. Адчуваліся стомленасьць і заспакоенасьць, бо фармальна зьнік з далягляду вораг нумар адзін — КПСС (хаця ўлада засталася ў камуністаў). Ня стала вострага адчуваньня небясьпекі. 29 кастрычніка, калі разглядалася пытаньне пра рэфэрэндум, у сіверны марозны дзень на плошчу да Вярхоўнага Савету прыйшло пры ўсіх нашых стараньнях ня больш за пяць тысячаў людзей. Тое самае адбылося і пасьля 29 кастрычніка. Грамадзкага пратэстнага энтузіязму, які быў у 1990-91, ужо не існавала. Паўтаруся, шмат людзей не разумелі, што камуністычны Вярхоўны Савет не зьмяніўся. Ну, як жа так — там жа Пазьняк, Шушкевіч, БНФ. Кругом была дэмакратычная фразэалёгія, віселі бел-чырвона-белыя сьцягі. Якія пратэсты? Усё ж добра. Намэнклятура скарыстала грамадзкую ілюзію для мімікрыі і ашуканства людзей» (архіў аўтара).
У той сытуацыі нам, дэпутатам Апазыцыі БНФ, заставалася адно — працягваючы парлямэнцкую барацьбу, больш актыўна ісьці ў народ. «Мы пачалі езьдзіць па Беларусі, спатыкацца з тысячамі людзей, тлумачыць ім становішча ў палітыцы, распаўсюджваць ідэі і каштоўнасьці Незалежнасьці, волі і дэмакратыі. Дэпутацкія мандаты нам вельмі ў гэтым дапамаглі», — прыгадвае Зянон Пазьняк.
…У апошнія дні 1992-га афіцэры ў вайсковых частках нарэшце былі прыведзеныя да прысягі на вернасьць Беларусі.
Ды толькі спакайней ад гэтага не зрабілася.
«Трэба арыентавацца ў эканамічным жыцьці на Расею, таму што нам выгодна супрацоўнічаць з Расеяй», — заявіў Станіслаў Шушкевіч на прэсавай канфэрэнцыі 29 сьнежня.
У наступным, 1993 годзе сэсія Вярхоўнага Савету пачнецца са словаў Шушкевіча пра праект Канстытуцыі (ужо з прэзыдэнцтвам) і абмеркаваньня “цеснага саюзу з Расеяй”. Шушкевіч падпіша Дамову аб калектыўнай бясьпецы СНД, якая на дзесяцігодзьдзі замацуе Беларусь у арбіце вайсковых інтарэсаў Масквы.
Усе публікацыі праекту «Дзевяноста другі»