Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былую прэзыдэнтку Аргентыны абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе


Крыстына дэ Кіршнэр
Крыстына дэ Кіршнэр

У чацьвер суд у Аргентыне зрабіў запыт у Сэнат наконт пазбаўленьня імунітэту адной з сэнатараў, былой прэзыдэнткі Крыстыны дэ Кіршнэр з тым, каб зьмясьціць яе пад арышт па абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе за спробу ўтаіць ролю Ірану ў арганізацыі выбуху ў габрэйскім цэнтры ў Буэнас-Айрэсе ў 1994 годзе. У тэракце загінулі 85 чалавек.

Суд таксама прапануе накласьці арышт на актывы былога прэзыдэнта на суму каля 3 мільёнаў даляраў.

Паводле сьледзтва, зьяўляючыся прэзыдэнтам, яна ўвайшла ў змову з прадстаўнікамі Ірану, утаіўшы зьесткі пра яго дачыненьне да тэракту. За маўчаньне Крыстыны дэ Кіршнэр Іран нібыта павінен быў расплаціцца з Аргентынай выгаднай угодай, пастаўляючы нафту ў абмен на збожжа.

Дэ Кіршнэр была кіраўніцай дзяржавы з 2007 па 2015 год, у нядзелю яна павінна прыступіць да выкананьня абавязкаў сэнатара. Ёй таксама прад’яўленыя абвінавачваньні ў шэрагу спраў аб карупцыі. На мітынгу ў сталіцы дэ Кіршнэр абвясьціла сябе ахвярай палітычных перасьледаў.

З справай аб падрыве габрэйскага цэнтру зьвязаная гучная гісторыя гібелі ў 2015 годзе пракурора Альбэрта Нісмана. Труп Нісмана быў знойдзены за некалькі гадзін да таго, як ён павінен быў публічна прад’явіць доказы тайнай змовы дэ Кіршнэр з Іранам. У верасьні брыгада патолягаанатамаў прыйшла да высновы, што Нісман быў забіты. Гэта супярэчыць высновам камісіі, зробленым у бытнасьць дэ Кіршнэр прэзыдэнтам, што Нісман, хутчэй за ўсё, скончыў жыцьцё самагубствам.

Суд матываваў сваё хадайніцтва перад Сэнатам тым, што калі пакінуць дэ Кіршнэр на волі, то яна будзе «чыніць перашкоды сьледзтву і перашкаджаць высьвятленьню праўды». У Сэнату ёсьць 60 дзён на тое, каб вынесьці рашэньне на запыт суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG