Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуская фабрыка цацак «Палесьсе» канкуруе з Кітаем з дапамогай Disney


Цацкі кобрынскага прадпрыемства "Палесьсе" на паліцы ЦУМа ў Менску
Цацкі кобрынскага прадпрыемства "Палесьсе" на паліцы ЦУМа ў Менску

Кобрынскае прадпрыемства плястмасавых цацак «Палесьсе» ў 2018 годзе пачне выпускаць прадукцыю пад брэндамі Disney і Marvel.

Ліцэнзійную дамову прадпрыемства падпісала паўгода таму. Начальнік аддзелу маркетынгу «Палесься» Андрэй Марчук сказаў карэспандэнту Свабоды, што пакуль новыя тавары толькі распрацоўваюцца.

— Як такой прадукцыі яшчэ няма. Цяпер ідзе ўзгадненьне і распрацоўка. Нешта мы прыстасуем да наяўнай прадукцыі, нанясем проста пэрсанажы ў тыя ж пясочныя наборы. Але яны будуць прадавацца толькі з сакавіка. Вось гэта ўжо распрацавана, але пакуль не сэзон. А нешта яшчэ будзе распрацоўвацца, але што менавіта, мы яшчэ пакуль ня можам сказаць. Усе франшызы Disney, усіх пэрсанажаў мы маем права наносіць на пэўныя групы тавараў. У ліцэнзійнай дамове ўсё агаворана: якіх герояў на якія групы тавараў можам наносіць.

— Колькі каштуе атрымаць такую ліцэнзію?

— Там выплачваецца працэнт ад продажаў, які я не магу агучыць.

Паліца з цацкамі "Палесься"
Паліца з цацкамі "Палесься"

«Мэта, дзеля якой мы гэта ўсё робім, — павялічыць продажы»

— У вас ёсьць і іншыя ліцэнзійныя дамовы. А ці мае прадпрыемства ад гэтага нейкі эканамічны эфэкт?

— Мае. Мэта, дзеля якой мы гэта ўсё робім, — павялічыць продажы. То бок за кошт пазнавальнасьці пэрсанажаў, якіх любяць дзеці і якіх яны хочуць атрымаць разам з цацкамі, мы павялічваем аб’ём. Адпаведна, калі роялці выплачваецца праваўладальніку, у гэтым выпадку Disney, то, канечне, гэтая прадукцыя выходзіць даражэйшая. Але за кошт павелічэньня абароту па продажах, я думаю, будзе эфэкт. Ва ўсякім разе, мяркуючы па ранейшых дамовах, у гэтым сэнс ёсьць.

Паліцы ЦУМа з цацкамі "Палесься"
Паліцы ЦУМа з цацкамі "Палесься"

Перамовы з Disney і Marvel вяліся больш за год

Прадукцыю пад брэндамі Disney і Marvel беларускае прадпрыемства «Палесьсе» плянуе пастаўляць у Расею, Казахстан і іншыя краіны СНД. Перамовы з Disney і Marvel вяліся больш за год, кажа Андрэй Марчук.

— Потым яшчэ была акрэдытацыя, бо Disney ня ўсім прадпрыемствам дае такое права — вырабляць прадукцыю зь іхнымі брэндамі. Гэтаму папярэднічала адмысловая аўдытарская праверка. Ня толькі фінансавыя паказчыкі глядзелі, але і тое, у якіх умовах выпускаецца прадукцыя. Быў сацыяльны аўдыт пра тое, як у нас захоўваюцца правы вытворцаў. Таксама па якасьці ў іх пэўныя павышаныя патрабаваньні. То бок каб прадукцыя пад брэндам Disney адпавядала высокай якасьці Disney. Гэтая праверка праходзіла пэўны час.

У выніку атрымалася, што наша прадпрыемства адпавядае ўсім нормам, якія прад’яўляе Disney. Асноўнае, на што мы арыентуемся, гэта бясьпечнасьць нашай прадукцыі і разьвівальныя функцыі.

— Як вы дасягаеце бясьпечнасьці, чым выйграяце ў канкурэнтаў?

Мы выконваем добрасумленна і нават зь невялікім запасам усе патрабаваньні да выпуску дзіцячых цацак

— Мы выконваем добрасумленна і нават зь невялікім запасам усе патрабаваньні да выпуску дзіцячых цацак. Тэхрэглямэнт Мытнага саюзу мае каля трохсот пазыцый. Нельга выкарыстоўваць сыравіну паўторна, толькі першасную. Тое ж самае тычыцца фарбавальнікаў, якія дазволеныя толькі да кантакту з харчовымі прадуктамі. Ну, і бясьпека ў пляне самой канструкцыі цацак — каб не было дробных дэталяў, каб дзіця да трох гадоў не магло праглынуць. Альбо куды-небудзь пальчык засунуць, і ён там засядзе.

— Адкуль вы бераце сыравіну і фарбы для цацак?

— Часткова ў Расеі, але найбольш у розных эўрапейскіх вытворцаў. Часткова ёсьць беларуская сыравіна: наваполацкі поліэтылен высокага ціску. Гэта ўсё правераныя пастаўшчыкі.

— Як «Палесьсю» ўдаецца змагацца з кітайскімі вытворцамі цацак?

— Мы імкнёмся выпускаць такую прадукцыю, якую нявыгадна з прычыны лягістычных затрат і вялікіх адлегласьцей вазіць з Кітаю: буйнагабарытную, недарагую цацку. У нашым асартымэнце багата такой прадукцыі — вялікія аўтамабілі, каталкі, гульнявыя комплексы. Мы аналізуем таксама спажывецкія перавагі нашай мэтавай аўдыторыі.

Чаму падаюць продажы

У Беларусі «Палесьсе» ня мае канкурэнтаў. Аднак прадпрыемства турбуе тое, што апошнім часам падаюць продажы на расейскім і беларускім рынках з прычыны зьніжэньня пакупніцкай здольнасьці. А гэта асноўныя пакупнікі разам з Казахстанам, хоць прадукцыя пастаўляецца і ў эўрапейскія краіны.

Цацкі "Палесься" ў ЦУМе ў Менску
Цацкі "Палесься" ў ЦУМе ў Менску

Апроч цацак, «Палесьсе» выпускае — пераважна для беларускіх спажыўцоў — розную гаспадарчую прадукцыю: ёмістасьці для захоўваньня, для ежы, посуд, гаршчкі і кашпо для кветак.

Штогод «Палесьсе», у штаце якога працуе звыш 3000 чалавек, выпускае каля 80 тысяч цацак, якія пастаўляюцца ў больш чым 60 краінаў, у тым ліку ў ЗША, Аўстралію, Японію, краіны Паўднёвай Амэрыкі і Афрыкі. Асноўныя спажыўцы цацак — у Расеі, Беларусі, Казахстане і іншых краінах СНД.

«Вежливые люди» акупуюць Беларусь. Пакуль цацачныя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG