Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-кітайскі красовэр будуць прадаваць па цане Mazda, Ford, Toyota. ІНФАГРАФІКА


Беларуска-кітайскі красовэр Geely Atlas
Беларуска-кітайскі красовэр Geely Atlas

Цана на красовэр Geely Atlas, які выпускаецца заводам «БелДжы» ў Барысаве, будзе вагацца ад 17 000 (за базавую вэрсію) да 25 000 даляраў (за прэміюм-камплектацыю) у эквіваленце.

Пра гэта паведаміў намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка ў эфіры перадачы «Контуры» на канале АНТ.

Ён удакладніў, што ад сьнежня гэтага году пакупнікам будуць прапанаваныя выгадныя ўмовы набыцьця красовэраў Geely Atlas NL3, NL4 і сэдана FE3.

«Прэзыдэнт паставіў задачу забясьпечыць ільготныя ўмовы, каб чалавек спачатку мог заплаціць 10% кошту аўтамабіля, потым купіць яго альбо ў лізінг, альбо атрымаць крэдыт на 7 гадоў. Адпаведны праект указу падрыхтаваны і будзе накіраваны ў прэзыдэнцкую адміністрацыю», — адзначыў Сямашка.

Як суадносяцца кошты на сабраны ў Беларусі ўседарожнік у параўнаньні зь іншымі ўсясьветнымі вытворцамі?

Найбольш блізкі да Geely Atlas характарыстыкамі і самы распаўсюджаны на беларускім рынку красовэр — карэйскі Kia Sportage. У мясцовых дылераў каштуе ў сярэднім 18 900 даляраў, поўнапрывадная вэрсія будзе крыху даражэйшая — 23 000.

Новая Mazda CX-5 пры значна вышэйшым узроўні камфорту знаходзіцца ў тым жа цэнавым дыяпазоне, што і Geely Atlas: базавая пярэднепрывадная Drive 2.0 каштуе блізу 24 000 даляраў. Гэта пры тым, што ў суму ўключана мыта.

Канкурэнцыю «беларускаму кітайцу» здольная скласьці і папулярная мадэль Toyota RAV4. Нягледзячы на ад пачатку завышаны цэньнік, базавая вэрсія ў беларускіх дылераў каштуе прыкладна 24 500 даляраў — фактычна столькі ж, колькі прэміюм-вэрсія Geely Atlas.

Мадэль 2017 году Ford Kuga ў аўтасалёнах выстаўляецца за 23 000 даляраў. Два тыпы рухавіка даступныя з аўтаматычнай трансмісіяй, мэханічная каробка не прадугледжана.

Падчас сёлетняй прэзэнтацыі абноўленага Volkswagen Tiguan цэны стартавалі ад 24 700 даляраў. Цяпер стаць уладальнікам папулярнай мадэлі можна за 23 100.

А вось іншы красовэр кітайскага паходжаньня Lifan X60, імпартаваны з Расеі, каштуе ўдвая меней за свайго беларускага сабрата. Новы аўтамабіль каштуе крыху больш за 13 200 даляраў і прапануецца ў дзьвюх вэрсіях — з мэханічнай і аўтаматычнай трансмісіяй.

Не нашмат даражэйшы новы Suzuki Vitara — у афіцыйных дылераў красовэр гэтага году выпуску стартуе ад 16 000 даляраў. Зрэшты, і люксавыя мадэлі істотна саступаюць у цане беларускаму аналягу.

У бюджэтнай катэгорыі адразу два ўседарожнікі ад японскага вытворцы Nissan. Цана на сьвежы Qashqai пачынаецца ад 18 500 даляраў, Terrano 2017 году яшчэ таньнейшы — ад 14 200 даляраў.

Але самым даступным «паркетнікам» па-ранейшаму застаецца Renault Duster. Цэньнік на аўта з канвэеру пачынаецца ад 12 000 даляраў, а 2-гадовая машына ў выдатным стане каштуе меней за 10 000.

Такім чынам, вытворцам Geely Atlas давядзецца знайсьці вельмі сур’ёзныя аргумэнты, каб пераканаць патэнцыйных пакупнікоў, што разумней укласьці 25 тысяч даляраў у мясцовага «кітайца», чым у «Фольксваген», «Мазду» ці «Таёту».

Наштампаваць і не прадаць. Каму патрэбны 120 тысяч кітайскіх легкавікоў з-пад Барысава

Беларуска-кітайскае СЗАТ «БелДжы», якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створана ў 2011 годзе. У лютым 2013-га на прадпрыемстве быў сабраны першы аўтамабіль, а сёлета 17 лістапада паміж Барысавам і Жодзіна быў урачыста адкрыты завод дробнавузлавой зборкі камплектаў аўтамабіля поўнага цыклю. Праектная магутнасьць на першым этапе складзе 60 тысяч машын штогод, на другім — 120 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG