Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея рызыкуе застацца без чарговай Алімпіяды


Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) прызнала Расейскае антыдопінгавае агенцтва (РУСАДА) не адпаведным кодэксу арганізацыі і адмовілася аднавіць яго акрэдытацыю. Рашэньне прынятае 16 лістапада на пасяджэньні WADA ў Сэуле.

Як адзначаюць расейскія СМІ, гэта ставіць пад пагрозу ўдзел Расеі ў Алімпіядзе і Паралімпіядзе ў Паўднёвай Карэі ў лютым 2018 году.

Дзейнасьць РУСАДА была прыпынена ў лістападзе 2015-га пасьля апублікаваньня дакладу незалежнай камісіі WADA пад кіраўніцтвам Рычарда Макларэна. У справаздачы сьцьвярджалася, што ўжываньне допінгу ў расейскім спорце прыкрываецца на дзяржаўным узроўні.

На думку чальцоў рады WADA, расейскі бок так і ня выканаў асноўных патрабаваньняў. Па-першае, неабходна было публічна прызнаць высновы камісіі Макларэна пра дзяржаўную сыстэму допінгу. Па-другое, даць WADA доступ да допінг-пробаў Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, апячатаных у рамках крымінальнай справы Сьледчага камітэту Расеі.

Прэзыдэнт Алімпійскага камітэту Расеі Аляксандар Жукаў падчас выступу ў Сэуле даў зразумець, што безумоўнае прызнаньне высноваў камісіі Макларэна немагчымае апрыёры. Паводле яго, расейская антыдопінгавая сыстэма дала збой па віне «групы асобаў», якія перасьледавалі асабістую выгаду. Дзяржава да гэтага ня мае ніякага дачыненьня.

Міністар спорту Расеі Павел Калабкоў выказаўся яшчэ больш катэгарычна, заявіўшы, што патрабаваньні, выстаўленыя WADA, носяць палітычны характар.

Даклад незалежнай камісіі WADA пад кіраўніцтвам Рычарда Макларэна быў апублікаваны два гады таму. Вынікі расьсьледаваньня паказалі, што допінг ўжывалі больш за тысячу расейскіх спартоўцаў.

Гэта стала прычынай масавага адхіленьня атлетаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, уключна з Алімпійскімі і Паралімпійскімі гульнямі 2016 году.

Масква ўсе абвінавачваньні ў свой адрас абвяргае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG