Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па 15 базавых за сюжэт. Магілёўскую журналістку пакаралі за супрацоўніцтва зь «Белсатам»


Аліна Скрабунова, архіўнае фота
Аліна Скрабунова, архіўнае фота

Журналістку-фрылянсэра Аліну Скрабунову пакаралі на 690 рублёў (30 базавых велічынь) за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Ленінскі суд Магілёва прызнаў яе вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ.

Сваёй віны Аліна Скрабунова не прызнала. Яна назвала справу супраць сябе палітычна матываванай. Журналістка даводзіла, што супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі маёр Яўген Слаўнікаў не адшукаў фактаў, якія сьведчаць пра яе супрацоўніцтва зь «Белсатам».

Разам з тым Скрабунова не адмаўляла таго, што гутарыла з героямі сваіх матэрыялаў, але як журналіст-фрылансэр. Яна спаслалася на нормы беларускай Канстытуцыі, якая дае права грамадзяніну зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

Скрабунову судзілі за тры матэрыялы, паказаныя на «Белсаце»:

  • пра магілёўскіх раварыстаў, якія адстойваюць права езьдзіць па пешаходнай вуліцы (пакуль міліцыянты рыхтавалі справу, тэрмін разгляду гэтага эпізоду выйшаў),
  • пра беларускамоўную кавярню «Шпаркі лось»,
  • пра сьвята нацыянальнай культуры «Дранік-фэст».

Раней, 7 верасьня, Кастрычніцкі суд Магілёва за сюжэты на «Белсаце» пакараў Аліну Скрабунову штрафам у 20 базавых велічыняў (460 рублёў).

Сёньняшні вырак журналістка зьбіраецца абскарджваць, бо настойвае, што ў яе дзеяньнях няма складу правапарушэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG