Матэрыял быў паказаны на тэлеканале «Белсат».
Старшыняваў на працэсе судзьдзя Андрэй Тарасевіч, які пастанавіў пакараць журналіста штрафам памерам 35 базавых велічынь, або 805 рублёў.
У відэасюжэце пра глыбоцкую згушчанку людзі скардзіліся на тое, што прыбытковы малочна-кансэрвавы камбінат далучылі да стратнага камбікормавага заводу. Работнікі МКК непакоіліся, што ў новай інтэграванай структуры ў іх зьнізяцца заробкі — пра гэта і гаварылі на камэру.
Заводзячы адміністрацыйную справу, міліцыя высьветліла асобы тых, хто даваў інтэрвію, і выклікала іх у якасьці сьведак. У суд таксама прыйшоў адзін з работнікаў. Ён засьведчыў, што даваў інтэрвію і дадаў: для «Белсату» гатовы гаварыць яшчэ, бо канал гаворыць праўду.
Зьмітра Лупача сёлета ўжо тройчы судзілі паводле артыкулу 22.9 КаАП і штрафавалі за відэасюжэты, паказаныя на «Белсаце». Але апошні штраф — самы вялікі.
У 2015 годзе незалежнага журналіста пакаралі штрафам памерам 25 базавых велічынь за артыкул, зьмешчаны на сайце «Эўрарадыё».